Той, чыя любоў не патрабуе падзякі

Напярэдадні Дня маці Доцішская школа сустракала шмат гасцей — прадстаўнікоў улады, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовых жыхароў, суседзяў з Літоўскай Рэспублікі. У гэты дзень было сказана шмат душэўных і кранальных слоў для той, чыя любоў не патрабуе падзякі, — дарагой, горача любімай матулі…

Прадстаўнікі пярвічак Воранаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” падрыхтавалі для прысутных майстар-класы. Так і наш таленавіты педагог Рэгіна Францаўна Радзіваноўская са сваімі вучаніцамі Лалітай Пашкевіч і Віялетай Русялевіч правялі майстар-клас. Прыгожыя і яркія брошкі, упрыгожванні, кветачкі і банцікі нараджаліся на вачах у гледачоў. Яшчэ адна таленавітая асоба працуе ў нашай школе —Таццяна Анатольеўна Жамойціна. Яна арганізавала майстар-клас па карвінгу (мастацтва разьбы па гародніне і садавіне).

Не праходзілі госці і міма тэматычных выставак. Адна была прысвечана паспяховым жанчынам Воранаўшчыны. На іншай прадстаўлены фотаздымкі з асабістага архіва Марыі Вікенцьеўны Казлоўскай, а таксама яе першы зборнік вершаў “Родны край, навек любімы”. Неўзабаве яго і прэзентавалі ў актавай зале школы. Шмат добрых слоў было сказана на адрас аўтара.

У раённым святочным мерапрыемстве “Любоўю матчынай свет выдатны”, прысвечаным Дню маці, узялі ўдзел і нашы маленькія школьнікі. Яны чыталі вершы і падарылі гасцям зробленыя сваімі рукамі сувеніры.

Аксана АНДРУКОНІС,
класны кіраўнік 7 класа Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.