“Толькі на аснове гістарычных крыніц можна ацэньваць падзеі мінулага, грунтоўна займацца краязнаўствам”

- 11:17Краязнаўства

Практычна ніводная краязнаўчая канферэнцыя ў Магілёве за апошнія 25 гадоў не праходзіць без удзелу настаўніка гісторыі і грамадазнаўства дзіцячага сада — сярэдняй школы № 42 Магілёва Міхаіла Уладзіміравіча Шымукенуса. Калі вы хочаце пачуць цікавы аповед пра багатае мінулае горада на Дняпры, асабліва пра XVIII—XIX стагоддзі, даведацца дзясяткі фактаў, якія не знойдзеш нават з дапамогай Google, то вам абавязкова трэба сустрэцца з нашым сённяшнім суразмоўнікам.

Краязнаўцы — людзі шырокай эрудыцыі. Іх цікавяць розныя аспекты мінулага, сучаснага жыцця малой радзімы. Аднак пры гэтым у кожнага з іх свая методыка даследавання роднага краю, свае напрамкі работы. Хтосьці адпраўляецца з вучнямі ў краязнаўчыя паходы, экспедыцыі, іншыя любяць сустракацца са старажыламі, нехта робіць акцэнт на здымках відэафільмаў, фатаграфаванні гістарычных, прыродных, культурных адметнасцей. Для Міхаіла Уладзіміравіча асноўны напрамак — работа з гістарычнымі крыніцамі ў архівах, бібліятэках і, безумоўна, у бязмежнай віртуальнай прасторы.

“Калі распрацоўваеш пэўную тэму, то неабходна выкарыстоўваць максімальную колькасць крыніц. Гаварыць пра нейкую па­дзею выключна са слоў старажылаў, мясцовых жыхароў — несур’ёзна. Толькі на аснове гістарычных крыніц можна ацэньваць па­дзеі мінулага, грунтоўна займацца краязнаўст­вам”, — лічыць педагог.

Цікавасць да мінулага Магілёва нашаму суразмоўніку прывіла бабуля Ірына Іванаўна, якая часта расказвала хлопчыку пра даваеннае жыццё горада. Невыпадкова пасля службы ў арміі ў 1983 годзе Міхаіл Уладзіміравіч паступіў на гістарычны факультэт Магілёў­скага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова, дзе ў студэнцкія гады пачаў актыўна займацца краязнаўчай дзейнасцю. Пасля заканчэння інстытута працаваў у Язёрскай сярэдняй школе Чэрыкаў­скага раёна. За тры гады ўдалося сабраць і сістэ­матызаваць значны матэрыял па гісторыі вёскі, папоўніць матэрыяламі школьны музей. З 1991 года пасля вяртання ў родны Магілёў краязнавец працуе ў 42-й школе.

Тагачасны кіраўнік установы Ала Міхайлаўна Сушкова, ведаючы краязнаўчы вопыт М.У.Шымукенуса, прапанавала стварыць музей. Тэматыка была выбрана адметная: гісторыя былой Магілёўскай губерні ў канцы XVIII — пачатку XX стагоддзя. “Мы не хацелі, каб наш музей быў падобны на большасць школьных музеяў горада, таму і вырашылі прысвяціць экспазіцыю гэтаму гістарычнаму перыяду. З-за абмежаванасці фінансавых сродкаў адкрыўся музей толькі ў 2001 го­дзе. У пачатку 2010-х дырэктар Андрэй Ана­тольевіч Платаў зацікавіўся ідэяй абнаўлення экспазіцыі, знайшоў сродкі, на якія былі заказаны новыя стэнды. Змешчаны на іх матэрыял расказвае пра мінулае Магілёва са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Асобны стэнд прысвечаны славутым землякам, вядомым дзеячам Магілёўшчыны”, — паведаміў настаўнік.

Быць адкрывальнікам пэўнай гістарычнай падзеі, першым даследчыкам той ці іншай тэмы вельмі ганарова для краязнаўцаў. Міхаіл Уладзіміравіч першым не толькі сярод педагогаў, але і сярод прафесійных гісторыкаў знайшоў усе імёны магілёўскіх губернатараў, сабраў звесткі пра іх дзейнасць. Найбольш вядомы, па словах настаўніка, Аляксандр Станіслававіч Дзембавецкі. У перыяд яго губернатарства з 1872 па 1893 год у Магілёве быў пабудаваны водаправод, шмат будынкаў, тэатр, значна ўзрасла эканоміка краю. Партрэт А.С.Дзембавецкага, як і іншых губернатараў, можна ўбачыць у школьным музеі на тэматычным стэндзе.

“Інтэрнэт значна аблегчыў працу краязнаўцаў. Сёння не­абавязкова браць камандзіроўкі і ехаць за сотні кіламетраў, каб працаваць у архівах і бібліятэках. Азнаёміцца з тым ці іншым гістарычным дакументам можна і анлайн. Археаграфічныя акты, гісторыка-юрыдычныя матэрыялы ў вялікай колькасці можна знайсці ў электронным варыян­це. Аднак не ўсё, таму работу ў архівах і бібліятэках не варта забываць”.

Сярод музейных прадметаў — кап’ё часоў Лівонскай вайны, розныя прылады працы мінулых эпох, артэфакты вайны 1812 года, нават гаршчок са скарбам. Асабліва цікавы кавалачак кафлі з выявай птушкі ў дынаміцы, падобнай ці то на бусла, ці то на чаплю. Знойдзены экспанат на Падміколлі. Усяго асноўны фонд налічвае каля 2200 прадметаў. Наогул, магло быць і больш, але ў школе для пашырэння экспазіцыі недастаткова памяшканняў. Своеасаблівым працягам школьнага музея з’яўляецца ўласная электронная бібліятэка настаўніка, якая налічвае дзясяткі дакументаў па гісторыі Магілёва.

“Інтэрнэт значна аблегчыў працу края­знаўцаў. Сёння неабавязкова браць каман­дзіроўкі і ехаць за сотні кіламетраў, каб працаваць у архівах і бібліятэках. Азнаёміцца з тым ці іншым гістарычным дакументам можна і анлайн. Археаграфічныя акты, гісторыка-юрыдычныя матэрыялы ў вялікай колькасці можна знайсці ў электронным варыянце. Аднак не ўсё, таму работу ў архівах і бібліятэках не варта забываць. У мяне такі прынцып: працую толькі з невядомымі тэмамі, раскрываю толькі белыя плямы. У апошні час пісаў артыкулы аб праваслаўных цэрквах Задубравенскага пасада Магілёва ў ХVІ—ХVІІІ стагоддзях, вывучаў мінулае дамініканскага і кармеліцкага касцёлаў у Княжыцах пад Магілёвам, тапаніміку Задняпроўскага пасада, склаў тапанімічны слоўнік Кастрычніцкага раёна Магілёва, вывучыў лёс Магілёўскіх губернскіх прадвадзіцеляў дваранства”, — дзеліцца сваімі краязнаўчымі набыткамі Міхаі­л Уладзіміравіч.

“Краязнавец не павінен быць аб’ектыўным, ён павінен быць суб’ектыўным, лічыць, што яго край самы лепшы, мінулае малой радзімы самае цікавае. Тады краязнаўчая дзейнасць будзе актыўнай і плённай”.

Па выніках распрацоўкі кожнай тэмы (работу над ёй ідзе каля года) педагог абавязкова выступае на канферэнцыях, дзеліцца вопытам у перыядычным друку, а калі знаходзяцца сродкі, то выдае і кнігі. Больш за сотню артыкулаў налічвае скарбонка края­знаўчага вопыту М.У.Шымукенуса. Сюды яшчэ варта дадаць і дзясяткі дыпломаў за перамогі ў краязнаўчых конкурсах гарад­скога, абласнога, рэспубліканскага ўзроўню. Напрыклад, нядаўна атрыманы дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу метадычных матэрыялаў па края­знаўстве. Адна з тэм краязнаўчых даследаванняў нашага суразмоўніка — лёс края­знаўцаў. Грунтоўна вывучана біяграфія Івана Іванавіча Грыгаровіча, знакамітага дзеяча, фактычна першага прафесійнага гісторыка, археографа, краязнаўца Магілёўшчыны. Літаральна з небыцця вярнуў Міхаіл Уладзіміравіч імя Івана Іванавіча Марчанкі, які ў пачатку ХХ стагоддзя стварыў у Магілёве сістэму краязнаўчай работы, напісаў першы экскурсійны зборнік, але, на жаль, выдаць яго не змог.

“Аднойчы працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і выпадкова знайшоў адзін дакумент. Ён захоўваўся ў выглядзе мікрафільма, вельмі дрэннай якасці, з мноствам правак. Хутчэй за ўсё гэта быў чарнавы варыянт зборніка. На першы погляд, цікавага ў ім не было нічога, акрамя пераліку і кароткага апісання помнікаў паветаў былой Магілёўскай губерні, рэкамендаваных яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя для наведвання навучэнцамі сярэдніх навучальных устаноў. Пры падрабязным знаёмстве з дакументам яго ўспрыманне стала іншым. Паступова зразумеў важнасць знаходкі. Складзены зборнік у 1918 годзе, але работа над ім відавочна вялася раней, бо каля надпісаў назваў асобных помнікаў на палях тэксту можна ўбачыць даты: 1912 ці 1915 год. У дакуменце даецца спіс архітэктурных, гістарычных і прыродных помнікаў. Аўтарам гэтага спіса быў губернскі сакратар Іван Іванавіч Марчанка, добры знаўца роднага краю. Відаць, што аўтар асабіста наведваў многія згаданыя аб’екты, а таксама быў знаёмы з краязнаўчымі выданнямі таго часу.

Экскурсійны зборнік быў складзены для навучэнцаў магілёўскай гімназіі і іншых сярэдніх устаноў, а таксама для навучэнцаў пачатковых школ. Па ўспамінах маёй бабулі Ірыны Іванаўны, 1902 года нараджэння, для навучэнцаў 4-класнага гарадскога вучылішча праводзілі экскурсіі, як водныя (па Дняпры на параходзе да Шклова, Оршы і Быхава), так і пешаходныя, за кошт спонсараў. Наяўнасць гэтага зборніка сведчыць пра вялікую цікавасць да экскурсійнай дзейнасці ў той час. Помнікі зборніка класіфікаваны, згадваюцца акалічнасці, якія вядомы толькі пры непасрэднай рабоце і назіранні за аб’ектам. Хутчэй за ўсё ажыццяўляць экскурсійны план пачалі ўжо з 1912 года. Праўда, невядома, хто выконваў ролю экскурсавода. Магчыма, чыноўнікі статыстычнага камітэта, а таксама настаўнікі магілёўскіх навучальных устаноў. Як бачым, губернскім сакратаром і загадчыкам губернскага музея Марчанкам быў складзены першы на Магілёўшчыне экс­курсійны зборнік, які з’яўляўся важным сродкам выхавання моладзі і папулярызацыі краязнаўчых ведаў”, — паведаміў Міхаіл Уладзіміравіч.

Слухаючы цікавы аповед педагога пра мінулае роднага Магілёва, разумееш справядлівасць і важнасць яго слоў: “Краязнавец не павінен быць аб’ектыўным, ён павінен быць суб’ектыўным, лічыць, што яго край самы лепшы, мінулае малой радзімы самае цікавае. Тады краязнаўчая дзейнасць будзе актыўнай і плённай. Асабіста для мяне мінулае Магілёўшчыны самае цікавае, самае лепшае. Падчас краязнаўчых даследаванняў настолькі паглыбляешся ў ранейшыя эпохі, што нават адчуваеш сябе іх жыхаром. Часам здаецца, што там цікавей, чым у сучаснасці”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.