Толькі новае і перадавое 

- 10:12Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

На цяперашні момант рэспубліканскія інавацыйныя праекты рэалізуюцца ў 167 установах дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі рэгіёна. 

— Яны вельмі разнапланавыя па сваім змесце. Асаблівая ўвага ўдзяляецца вырашэнню такіх актуальных пытанняў, як фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці вучняў, іх сацыяльнай паспяховасці, усебаковае прымяненне інфармацыйных тэхналогій, распрацоўка кластарнага ўзаемадзеяння, міжпрадметнай інтэграцыі вучэбных прадметаў, — паведаміла начальнік аддзела педагагічных інавацый МДАІРА Наталля Дыбаль.

Педагагічныя калектывы займаюцца інавацыйнай дзейнасцю не толькі ўнутры сваёй установы, а і на мерапрыемствах розных узроўняў — ад раённага да міжнароднага. Настаўнікам, якія задзейнічаны ў рэалізацыі наватарскіх праектаў, аказваецца пастаянная кансультатыўная падтрымка. 

— Ужо не першы год мы праводзім для настаўніцтва фестываль інавацый. Ён праходзіць у разнастайных формах: дні інавацый ва ўстановах адукацыі, выставы матэрыялаў інавацыйнай дзейнасці, майстар-класы, трэнінгі, аўтарскія майстэрні, тэматычныя пасяджэнні. Мэта ўсіх мерапрыемстваў — выяўленне, абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага інавацыйнага вопыту, — адзначыла Наталля Аляксандраўна.

Чарговы такі інавацыйны фестываль адбыўся ў МДАІРА надоечы. У ходзе прэзентацый навучальнымі ўстановамі было прадстаўлена шмат цікавых распрацовак. Так, калектыў гімназіі Мсціслава падзяліўся вопытам па ўкараненні ў адукацыйны працэс  ГІС-тэхналогій. За час рэалізацыі праекта ва ўстанове стварылі шэраг электронных карт, віртуальны атлас раёна, электронны рэсурс “Храмы, замкі і палацы Беларусі”, адкрылі аб’яднанне па інтарэсах “Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў экалагічным краязнаўстве”.

— Тэхналогіі ГІС спрыяюць павышэнню пазнавальнай актыўнасці, матывацыі навучэнцаў да вывучэння гісторыі, культуры, прыроды роднага краю. Дзеці больш актыўна далучаюцца да даследчай дзейнасці, іх работы адзначаюцца ў адпаведных конкурсах. Узрос і ўзровень экалагічных ведаў вучняў. Праект актывізуе таксама педагагічную творчасць. Усе вучэбныя матэрыялы ствараюцца непасрэдна настаўнікамі нашай установы, — паведаміла намеснік дырэктара Ганна Сокал. 

Значных вынікаў у экалагічным выхаванні дасягнулі і педагогі Пудаўнянскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна. Праект па экалагічных інавацыях захапіў не толькі настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў, а і раённыя грамадскія арганізацыі. Як вынік: навыкі беражлівых адносін да роднай прыроды фарміруюцца як у дзяцей, так і ўсяго насельніцтва аграгарадка. 

А вось калектыў Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна мэтанакіравана працуе над стварэннем рэгіянальнай мадэлі адукацыйнага кластара па прафесійным самавызначэнні вучняў. Тут ужо дасягнулі пэўных зрухаў у гэтым кірунку – адкрылі рэсурсны цэнтр прафарыентацыйнай дзейнасці, дзе будучых выпускнікоў матывуюць на выбар спецыяльнасцей, якія рэальна запатрабаваны ў раёне.

Значны ўпор навучальныя ўстановы вобласці робяць на грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Шматлікія школы і дзіцячыя сады аб’яднаў рэспубіканскі праект па стварэнні турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў. Адметна, што ўсюды да яго рэалізацыі падышлі з акцэнтам на рэгіянальны кампанент. Напрыклад, у Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раёна стварылі віртуальны кабінет паэта-земляка Я.Крупенькі, маршрут па памятных мясцінах дзяцінства першага Прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі, інтэрактыўную карту роднай Александрыі.

Духоўнае выхаванне дзяцей таксама знаходзіцца ў прыярытэце. Прычым многія праекты ў гэтым напрамку ажыццяўляюцца з улікам праваслаўных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа. Менавіта такую інавацыю рэалізуюць у яслях-садзе № 101 Магілёва. Маральныя якасці малышам у гэтай дашкольнай установе прывіваюць праз гульнявую дзейнасць, арганізацыю народных свят, тэматычных мерапрыемстваў і забаў. Неабходныя дыдактычныя матэрыялы: сюжэтна-ролевыя і настольныя гульні, лэпбукі, электронныя гульні распрацоўваюць самі педагогі. А ўся работа наогул вядзецца ў цесным узаемадзеянні з сем’ямі выхаванцаў. 

— Інавацыйная дзейнасць ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца ў праламленні да рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў Магілёўскай вобласці. Наша задача — уцягнуць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў актыўныя формы супрацоўніцтва. І праз гэтыя формы ўзаемадзеяння дабіцца прафесійнага росту педагогаў, самарэалізацыі вучняў, а таксама павысіць адказнасць і ролю бацькоў у навучанні і выхаванні. Важна, што інавацыйны педагагічны вопыт не складваецца на паліцу, а аператыўна выкарыстоўваецца. Усе эфектыўныя напрацоўкі актыўна папулярызуюцца і ўкараняюцца, — падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Прадстаўленыя на фестывалі інавацыйныя ідэі ўжо правераны часам і даказалі сваю эфектыўнасць. Але галоўная выснова, да якой прыйшло магілёўскае настаўніцтва, – працягваць развіццё, эксперыментаваць, укараняць у сваю работу новае і перадавое. Бо толькі такім чынам атрымаецца зрабіць рэгіянальную адукацыю максімальна якаснай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.