Толькі па-французску

У гэтай школе ўсе — ад першакласніка да дырэктара — размаўляюць па-французску. Сярэдняя школа № 8 Гродна адзіная ў Гродзенскай вобласці, дзе гэтую мову як першую замежную вывучаюць з першага класа. Днямі ў навучальнай установе прымалі ганаровых гасцей — Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канеса і ганаровага консула Францыі ў Брэсце і Гродне Леаніда Стаецкага.

Знаёмства са школай пачалося з выставы творчых работ навучэнцаў “Мае мары аб Францыі”. Знакамітую Эйфелеву вежу дзеці намалявалі і зрабілі з разнастайных матэрыялаў — гузікаў, жалудоў, лісця і нават макароны, чым здзівілі гасцей.

Дзідзье Канес прысутнічаў на ўрачыстасці з нагоды пасвячэння школьнікаў у білінгвісты. У школе рэалізоўваецца прынцып білінгвістычнай адукацыі, такія прадметы, як “Літаратура”, “Сацыялогія” і “Эканоміка Францыі”, вывучаюцца на французскай мове. Удзельнікі школьнага тэатра “Люм’ер” прадставілі пастаноўку “Глыток жыцця”. Пасля вучні задалі Дзідзье Канесу пытанні на французскай мове, паказаўшы добры ўзровень валодання ёй.

Госці пабывалі ў школьным музеі дружбы народаў, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная Францыі. Падчас пасяджэння круглага стала, на якім прысутнічалі першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Антонавіч Сяманчык, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Сяргееўна Тарасевіч, кіраўніцтва і настаўнікі школы, былі абмеркаваны пытанні выкладання французскай мовы ў вобласці.

Пасол Францыі падзякаваў кіраўніцтву школы і настаўнікам за якаснае навучанне дзяцей, прывіццё ім цікавасці да яго роднай мовы і падкрэсліў, што пасольства будзе і далей падтрымліваць школы, дзе вывучаюць французскую мову. Як паведаміла Г.У.Курганская, у Гродзенскай вобласці гэтую замежную мову вывучаюць у навучальных установах 10 раёнаў вобласці, у Гродне — у сярэдняй школе № 8 і яшчэ трох гімназіях.

— Французская мова гучыць у нашай школе больш за паўстагоддзя, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 8 Вольга Барысаўна Нерад. — У школе працуе абласны рэсурсны цэнтр французскай мовы. З 1985 года наладжаны цесныя сувязі з навучальнымі ўстановамі Францыі. За гэтыя гады каля 900 дзяцей з двух бакоў пабывалі ў Беларусі і Францыі.

А навучэнка 11 класа, актыўная ўдзельніца алімпіяд, конкурсаў і франкафоннага тэатра “Люм’ер” Ганна Мартынчук праходзіла моўную стажыроўку ў горадзе Тур. Дзяўчына марыць звязаць сваё прафесійнае жыццё з французскай мовай і паступіць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.