“Толькі ў каманднай рабоце дасягаюцца вынікі”

Героямі нашай рубрыкі становяцца пераважна школьныя настаўнікі, на якіх па сутнасці і трымаецца развіццё краязнаўчай справы ў Беларусі. Аднак зацікаўленымі, апантанымі, няўрымслівымі даследчыкамі малой радзімы могуць быць і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Пра іх ролю ў папулярызацыі краязнаўства пагутарым з дырэктарам Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Аленай Іванаўнай АРАБЧЫК.

А.І.Арабчык каля макетаў славутасцяў Шчучынскага раёна.

Вялікае шчасце для настаўніка, калі адміністрацыя падтрымлівае яго краязнаўчую дзейнасць ці хаця б не перашкаджае займацца любімай справай. А калі дырэктар сам ахвотна даследуе малую ра­дзіму? А калі гэта яшчэ і дырэктар установы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю? У такім выпадку краязнаўчая справа бу­дзе квітнець і развівацца не толькі ў асобнай школе, але і ў цэлым рэгіёне. Выдатным прыкладам з’яўляецца Шчучынскі раён.

У тым, што вялізны турыстычны патэнцыял Шчучыншчыны рэалізуецца максімальна эфектыўна, можна пераканацца, наведаўшы сайт раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Шматлікія спасылкі на турыстычныя карты, на звесткі пра школьныя музеі раёна і вобласці, летапісы ўстаноў адукацыі, падрабязныя апісанні адметных мясцін дазваляюць здзейсніць захапляючае падарожжа па Шчучынскім краі. І ўсе шматлікія краязнаўчыя праекты рэалізаваны пад кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле Алены Арабчык.

“На жаль, у Шчучыне няма ніводнага прафесійнага экскурсавода. Таму мы з калегамі паспрабавалі вырашыць гэтую праблему, сабраць людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, і прапанавалі ім паўдзельнічаць у адукацыйным стартапе”.

Часцей бывае так: дырэктар цэнтра турызму і края­знаўства займаецца адмі­ністрацыйнай дзейнасцю, арганізоўвае работу калектыву, прад­стаўляе вопыт работы сваёй установы на розных семінарах, канферэнцыях, выяз­джае з камандай на турыстычныя злёты. Ну і, канечне, у абавязкі ўваходзяць пазабю­джэтная дзейнасць, арганізацыя экскурсій, прыём дэлегацый, работа турбазы. Клопатаў столькі, што ўжо, як кажуць, і не да краязнаўства. Аднак наша гераіня, акрамя выканання вышэйпералічаных абавязкаў кіраўніка ўстановы, усё ж знаходзіць час на вывучэнне роднага краю.

На думку Алены Іванаўны, дырэктар цэнтра турызму і края­знаўства павінен быць не толькі адміністратарам, тэарэтыкам, але і практыкам, мець вопыт і ў турызме, і ў краязнаўстве, каб бачыць перспектывы далейшага развіцця свайго калектыву, сваёй установы. У сістэме дадатковай адукацыі наша гераіня працуе з 1993 года. Прайшла ўсе ступені службовай лесвіцы: ад метадыста да дырэктара. Жаданне практычна займацца турызмам і краязнаўствам засталося і на кіруючай пасадзе.

“Я практык, мне самой хочацца разам з калегамі напрацоў­ваць нейкія пазіцыі ў края­знаўстве. Калі прыходзяць маладыя спецыя­лісты, ім неабходна прафесійная дапамога. А як ты можаш дапамагчы, калі займаешся толькі тэорыяй. Перад тым як нешта патраба­ваць ад чалавека, яго трэба гэтаму навучыць, аказаць дапамогу, даць магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі, таму я і з’яўляюся ўдзельнікам усіх турыстычна-краязнаўчых спраў у раёне. Я сама прайшла шмат кіламетраў па Беларусі як турыст, вадзіла групы дарослых і дзяцей. Выступаю членам судзейскіх брыгад на турыстычных злётах. Падабаецца мне і краязнаўчая дзейнасць, таму што турызм і краязнаўства непа­дзельныя”, — расказвае наша гераіня.

Алена Іванаўна — камандны чалавек. Для кіраўніка гэта цудоўная якасць, бо невялікаму калектыву Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства без супрацоўніцтва, узаемаразумення не вырашыць вялікіх задач. “Гэта шчасце для кіраўніка, калі ў калектыве ёсць узаемаразуменне, супрацоўніцтва, сумесная творчасць. Толькі ў каманднай рабоце дасягаюцца вынікі. Дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства павінен быць ідэйным натх­няльнікам творчых спраў сваіх калег, умець згуртаваць калектыў, аб’яднаць яго агульнай мэтай, паважліва ставіцца да падначаленых, умець будаваць адносіны з людзьмі, глядзець у будучыню, бачыць перспектывы, працаваць на апярэджанне. Сучасны кіраўнік — гэта не той, хто раздае ўказанні, ставіць сябе вышэй за падначаленых, патрабуючы выконваць су­бардынацыю. Дырэктар павінен весці людзей за сабой, прадстаўляць ім сваё бачанне перспектыў, знаходзіць матывацыю для кожнага, улічваючы індывідуальныя асаблівасці работнікаў”, — лічыць А.І.Арабчык.

“Дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства павінен быць ідэйным натхняльнікам творчых спраў сваіх калег, умець згуртаваць калектыў, аб’яднаць яго агульнай мэтай”.

Паслужны края­знаўчы спіс Алены Іванаўны даволі вялікі. Гэта края­знаўчы праект “Падарожжа па Шчучынскім раёне”, накіраваны на стварэнне макетаў славутасцей рэгіёна (з вынікамі праекта можна азнаёміцца на фотаздымках). Гэта інфармацыйна-экскурсійны праект з элементамі пачатковай тэхнічнай творчасці “Нямыя сведкі гісторыі”. Гэта краязнаўчы квест “Таямніцы Шчучыншчыны”. Гэта праект “Музеі Шчучыншчыны: віртуальны партал”, канчатковай мэтай якога з’яўляецца стварэнне адзінага інфармацыйнага цэнтра музеяў устаноў адукацыі раёна.

Адзін з апошніх праектаў, рэалізаваных пад кіраўніцтвам Алены Іванаўны ў партнёрстве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы ў рамках праграмы “Забеспячэнне доступу да дадатковай адукацыі дарослых жыхароў малых гарадоў Бе­ларусі”, — рэспуб­ліканскі адукацыйны стартап “Курсы экскурсаводаў”. Яго мэта — атрыманне жыхарамі Шчучына краязнаўчых кампетэнцый і навыкаў вядзення экс­курсій для пашырэння магчымасцей самарэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці.

“Час не стаіць на месцы, і ў краязнаўчай рабоце патрэбны новыя крокі”.

“Ідэя праекта ўзнікла невыпадкова. На жаль, у Шчучыне няма ніводнага прафесійнага экскурсавода. Таму мы з калегамі паспрабавалі вырашыць гэтую праблему, сабраць людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, і прапанавалі ім паўдзельні­чаць у адукацыйным стартапе. Праграма курса складалася з 32 вучэбных гадзін і ўключала блокі па экскурсазнаўстве, краязнаўстве, псіхалогіі дзелавых зносін і тэхнікі бяспекі. У рабоце адукацыйнага стартапа прынялі ўдзел 6 экспертаў — вопытных экскурсаводаў, гісторыкаў. А ўдзельнікамі курсаў сталі 9 актыўных і зацікаўленых жыхароў. Для іх была праведзена аглядная экскурсія па славутасцях Шчучынскага раёна. Запрошаныя вопытныя эксперты-экскурсаводы правялі майстар-класы па методыцы правядзення пешаходнай экскурсіі па гора­дзе і аўтобуснай экскурсіі, навучылі складанню тэхналагічнай карты экскурсіі, выкарыстанню “партфеля экскурсавода”. Адбыўся канструктыўны дыялог аб магчымасцях далейшага навучання ўдзель­нікаў курсаў з мэтай атрымання імі ліцэнзіі экскурсавода, што актуальна для нашага горада ў сувязі з уключэннем раёна ў бязвізавую зону”, — паведаміла А.І.Арабчык.

Наша гераіня невыпадкова асноўным на­прамкам вывучэння малой радзімы і папулярызацыі яе турыстычнага патэнцыялу выбрала праектную дзей­насць. Значная ўвага ўдзяляецца таксама напаўненню сайта цэнтра турызму і края­знаўства. “Час не стаіць на месцы, і ў края­знаўчай рабоце патрэбны новыя крокі. Акрамя праектнай дзейнасці мы з калегамі шмат увагі ўдзяляем развіццю сайта нашай установы, распрацавалі шэраг рознатэматычных турыстычных маршрутаў, у першую чаргу ў дапамогу педагогам Шчучыншчыны, каб яны маглі выкарыстоўваць гэтыя маршруты ў сваёй выхаваўчай і адукацыйнай дзейнасці. Як цэнтр турызму і краязнаўства мы ўсяляк стараемся папулярызаваць адметнасці малой радзімы, выступаць сапраўдным турыстычна-інфармацыйным цэнтрам”, — паведаміла Алена Іванаўна.

“Шчасце для кіраўніка, калі ў калектыве ёсць узаемаразуменне, супрацоўніцтва, сумесная творчасць”.

Цяпер педагог з’яўляецца членам іні­цыятыўнай гру­пы па рэалізацыі праек­та “Ства­рэн­не стратэгіі ўстойлівага развіцця Шчу­чынскага раёна да 2035 года”, кіраўніком тэматычнага блока “Гістарычна-культурная спадчына/адукацыйны турызм”. Праект ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (ФРГ). У рамках праекта плануецца дапоўніць картатэку помнікаў і абеліскаў на тэрыторыі Шчучынскага раёна, картатэку славутасцей краю, на аснове якіх распрацаваны адпаведныя інтэрактыўныя карты.

Краязнаўства — гэта асаб­лівы стан душы. Для педагогаў-краязнаўцаў характэрны не­абыякавасць, любоў да малой радзімы, актыўнасць, няўрымслівасць, апантанасць, жаданне перадаць свае набыткі і веды маладому пакаленню. Для кіраўніка ўстановы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю ў гэтым пераліку ёсць яшчэ адна важная характарыстыка — жаданне працаваць у камандзе.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.