У студзені гэтага года на пасяджэнні Савета бяспекі быў разгледжаны праект новай Ваеннай дактрыны, у якой акцэнт зроблены на неабходнасці папераджальнага комплексу мер па гарантаванні ваеннай бяспекі. У якасці адной з такіх мер у дактрыне разглядаецца ўдасканаленне тэрытарыяльнай абароны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, выступаючы перад удзельнікамі збору па тэрытарыяльнай абароне.
Збор са старшынямі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама па тэрытарыяльнай абароне — адна з форм навучання кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. У такім фармаце ён праводзіцца ўпершыню. Збор праходзіў з 17 па 18 лютага пад кіраўніцтвам Мінабароны. Навучанне ўключала тэарэтычныя і практычныя заняткі.
Гаворачы аб прызначэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны павінны выконваць задачы, на якія ў пагражальны перыяд немэтазгодна адцягваць армію. Размова ідзе, напрыклад, аб ахове і абароне такіх аб’ектаў, як электрычныя падстанцыі, хлебазаводы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў добра ўсім вядомую гістарычную ісціну аб тым, што перамогі ў войнах атрымліваюць народы. “Як паказвае шматвяковы вопыт, толькі надаўшы абароне ўсенародны характар, можна гарантаваць паспяховую ахову дзяржавы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Для гэтага ў Беларусі стварылі і ўжо больш як 10 гадоў развіваюць тэрытарыяльную абарону.
Сёння перад беларускімі ўладамі стаіць нямала надзённых задач у эканоміцы, сацыяльнай сферы, але, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, не трэба забываць і аб пастаяннай гатоўнасці да абароны Айчыны. У студзені гэтага года на пасяджэнні Савета бяспекі быў разгледжаны праект новай Ваеннай дактрыны, у якой акцэнт зроблены на неабходнасці папераджальнага комплексу мер па гарантаванні ваеннай бяспекі. У якасці адной з такіх мер у дактрыне разглядаецца ўдасканаленне тэрытарыяльнай абароны. “Губернатары, мэр Мінска нясуць персанальную адказнасць за яе арганізацыю ў рэгіёнах і сталіцы. Вам трэба на планавай аснове не толькі самім пастаянна паглыбляць веды і навыкі ў гэтай справе, але і арганізоўваць падрыхтоўку падначаленых”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў збору.
Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асноўных напрамках развіцця тэрытарыяльнай абароны. Закранаючы колькасць і склад сіл, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў кожнай вобласці і ў Мінску неабходна больш дакладна вызначыць неабходную колькасць тэрытарыяльных войскаў для адбіцця ваеннай пагрозы. Прэзідэнт не выключыў, што задачы для войскаў тэрытарыяльнай абароны пашырацца, магчыма, павялічыцца колькасць аб’ектаў, якія яны будуць ахоўваць. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, бягучы стан спраў у тэрытарыяльнай абароне неабходна прааналізаваць. А.Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў пагражальны або ваенны перыяд мясцовыя ўлады змогуць сабраць свае падраздзяленні. “Але ўсё роўна трэба мець ядро, якое імгненна стане пад ружжо, а потым будзе дапаўняцца кантынгентам, які будзе набірацца на працягу некалькіх дзён”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым трэба ўлічваць як эканамічныя магчымасці адміністрацыйных раёнаў, так і іх мабілізацыйны складнік. “Інакш кажучы, знайсці залатую сярэдзіну, каб, з аднаго боку, выканаць задачы, якія стаяць перад тэрытарыяльнай абаронай, а з другога — не парушыць функцыянаванне мясцовай эканомікі і сістэм жыццезабеспячэння. Маючы аптымальны склад гэтых войскаў, мы павінны быць упэўнены, што пры ўзнікненні ваеннай пагрозы абстаноўка ў раёнах будзе пад кантролем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы не можам сабе дазволіць прызваць пагалоўна працаздольнае мужчынскае насельніцтва ў тэрытарыяльныя войскі і паставіць іх са зброяй ля кожнага скрыжавання. Гэтага і не трэба”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб асноўных напрамках тэрытарыяльнай абароны, Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне павышэння эфектыўнасці сістэмы яе кіравання. “Гэта пакуль яшчэ не самае моцнае, мякка кажучы, звяно ў гэтай сістэме. Прычына ў тым, што кіраўнікі абласных, раённых выканкамаў не ўдзялялі да гэтага належнай увагі пытанням тэрытарыяльнай абароны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэтыя пытанні сур’ёзныя, іх трэба ведаць”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае ў тэрытарыяльнай абароне, як, зрэшты, і ўсюды, — гэта людзі. Аснова любога воінскага калектыву — афіцэрскі склад. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што губернатары звернуць на гэта асаблівую ўвагу і падбяруць афіцэрскі касцяк з былых ваеннаслужачых, сфарміраваўшы такім чынам вельмі баяздольныя батальёны, роты, аддзяленні і г.д.