Толькі валодаючы правам, можна абараніць сваю свабоду

- 11:50Суразмоўца

У Асноўным Законе нашай дзяржавы — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — замацаваны галоўныя правы і свабоды грамадзян. Сярод іх — права на жыццё і на дастойны яго ўзровень, права на свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы, права на працу і выбар прафесіі, права на адпачынак, ахову здароўя і, безумоўна, адукацыю. Ці адпавядае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь усім патрэбам сучаснага беларускага грамадства? З якога ўзросту трэба расказваць дзецям пра Канстытуцыю і хто гэта павінен рабіць? Якая роля ўстановы адукацыі ў выхаванні паважлівага стаўлення да Асноўнага Закона нашай краіны? Гэтыя і іншыя пытанні мы адрасавалі суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргею Пятровічу ЧЫГРЫНАВУ.

— Сяргей Пятровіч, чым для вас як для грамадзяніна нашай дзяржавы з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь?

— На жаль, часам атрымліваецца, што мы лічым Канстытуцыю невялікай кніжачкай, у якой напісаны агульныя словы. Хачу ска­заць, што гэта ў корані няправільна, таму што Канстытуцыя — не проста закон. Гэта глыбокі дакумент, які, на мой погляд, рэгулюе ў тым ліку і сферу маральна-этычных адносін, і філасофскія, і ідэалагічныя пытанні. Адзін з самых важных артыкулаў нашай Канстытуцыі — артыкул 2 — абвяшчае, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Гэта свед­чыць, што мы будуем гуманістычнае грамадства і чалавек знаходзіцца ў цэнтры прававога рэгулявання і наогул дзейнасці дзяржавы, г.зн. дзяржава для чалавека, а не наадварот. Асноўны пасыл нашай Канстытуцыі — чалавекацэнтрычнасць. У той жа час у Канстытуцыі ўстаноўлена, што ніхто не павінен парушаць ці ўшчамляць правы іншых людзей.

Мы павінны няўхільна выконваць нашы абавязкі, іх у Канстытуцыі замацавана не так і шмат. Кожны чалавек, які знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінен выконваць яе Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi; паважаць год­насць, правы і свабоды іншых асоб; берагчы гістарычна-культурную, духоўную спадчыну, ахоў­ваць навакольнае асяроддзе; выплач­ваць падаткі, пошліны і іншыя плацяжы.

Вядома, ёсць яшчэ і святы абавязак грамадзяніна — у выпадку небяспекі стаць на абарону сваёй Радзімы.

Канстытуцыя — гэта дакумент, які рэгламентуе ўладкаванне нашай дзяржавы. Гарантам Канстытуцыі ў нашай краіне з’яўляецца прэзідэнт.

— Ці адпавядае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь усім патрэбам сучаснага беларускага грамадства? На ваш погляд, ці ёсць у ёй пастулаты, якія неабходна мяняць, пашыраць, дапрацоўваць?

— Наша Канстытуцыя — не аднабаковы акт дзяржавы, а вынік сумеснай праватворчасці ўсіх грамадзян, гэта значыць увасабленне рэальнага народаўладдзя. Найбольш прынцыповыя палажэнні Асноўнага Закона атрымліваюць адабрэнне на рэферэндуме. Хачу падкрэсліць, што менавіта так прымалася дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Сучасная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, безумоўна, адпавядае ўсім патрэбам беларускага грамадства.

Галоўнай асаблівасцю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца тое, што ўпершыню ў прававым акце, які валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай, увасобілася воля беларускага народа на пабудову дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Менавіта так характарызуецца Рэспубліка Беларусь у артыкуле 1 Канстытуцыі.

Наш Асноўны Закон замацоўвае шырокі пералік правоў і свабод асобы. Як найвышэйшы закон краіны Канстытуцыя заклікана ўстанавіць справядлівы баланс інтарэсаў усіх грамадзян, грамадства і дзяржавы на аснове строгай іерархіі канстытуцыйных каштоўнасцей. Гэтым наша Канстытуцыя забяспечвае стабільнасць і адначасова дынамізм развіцця дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў.

Яшчэ адна важная рыса нашай Канстытуцыі — яе прамое дзеянне. Дзяржаўныя органы і службовыя асобы павінны грунтавацца ў сваёй дзейнасці на Канстытуцыі, непасрэдна прымяняць канстытуцыйныя нормы, якія замацоў­ваюць статус асобы, пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Разам з тым неабходна ўсведамляць, што сваімі канстытуцыйнымі правамі грамадзянін можа карыстацца толькі ў той меры, у якой гэта не парушае правы іншых асоб. Роля дзяржавы якраз і заключаецца ў забеспячэнні справядлівай раўнавагі паміж канстытуцыйнымі абавязкамі і правамі грамадзяніна.

Канстытуцыя, у адрозненне ад бягучага заканадаўства, з’яўляецца актам больш стабільным, паколькі яна вызначае перспектыву грамадскага і дзяржаўнага развіцця. Разам з тым відавочна, што дзяржава і грамадства развіваюцца, грамадскія адносіны пастаянна ўдасканальваюцца, таму на пэўным гістарычным этапе ўзнікае неабходнасць унясення змяненняў у Асноўны Закон.

19 красавіка 2019 года ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка адзна­чыў, што можна гаварыць аб падрыхтоўцы змяненняў у Канстытуцыю. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы прайшлі этап, калі патрэбна была моцная ўлада, такая, як у нас ёсць… Трэба нагружаць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Прыняцце паправак да Канстытуцыі — планамерная і паэтапная работа, якая не церпіць паспешлівасці. Канстытуцыйныя змены павінны быць накіраваны на пастаяннае паляпшэнне якасці жыцця грамадзян і наладжванне яшчэ больш цеснай сувязі ўлады і грамадства.

— Наколькі наша Канстытуцыя падобна на канстытуцыі іншых дзяржаў? У чым яе прынцыповае адрозненне ад канстытуцый, якія існуюць больш значны перыяд часу? Як вы ставіцеся да таго, што ў дзяржаве наогул няма Канстытуцыі?

— Канстытуцыя — неабходны атрыбут кожнай дзяржавы. Разам з тым у некаторых краінах Канстытуцыя ў выглядзе Асноўнага Закона, гэта значыць напісанага юрыдычнага дакумента, адсутнічае. Аднак у такіх дзяржавах існуюць так званыя няпісаныя канстытуцыі, якія, па сутнасці, уяўляюць сабой сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць парадак арганізацыі і паўнамоцтвы вышэйшых дзяржаўных органаў, а таксама правы грамадзян. Найбольш тыповым прыкладам такой дзяржавы з’яўляецца Вялікабрытанія. Першая пісаная Канстытуцыя ў выглядзе адзінага Асноўнага Закона была прынята ў ЗША ў 1789 годзе.

Сучасная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь адпавядае лепшым узорам канстытуцый замежных краін. У ёй замацаваны найбольш прагрэсіўныя прынцыпы арганізацыі дзяржавы: прыярытэту правоў асобы, гуманізму, народаўладдзя, падзелу ўлад. Прадугледжаныя нашай Канстытуцыяй правы і свабоды асобы адпавядаюць усім асноватворным міжнародна-прававым актам у сферы правоў чалавека. У Канстытуцыі Беларусі ўстаноўлены не толькі традыцыйныя для канстытуцыйнага рэгулявання правы і свабоды, але і тыя, што адлюстроўваюць сучасныя рэаліі грамадскага развіцця, — экалагічныя і інфармацыйныя правы. Акрамя таго, у адрозненне ад многіх замежных канстытуцый, наш Асноўны Закон замацоўвае канкрэтныя дзяржаўныя гарантыі рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

— З якога ўзросту, на ваш погляд, трэба расказваць сучасным дзецям пра Канстытуцыю? Хто гэта павінен рабіць і ў якой форме?

— Канстытуцыя — не толькі Асноўны Закон дзяржавы. Яна, акрамя юрыдычнай функ­цыі рэгулятара грамадскіх адносін, валодае і ідэалагічнай функцыяй, якая выяўляецца ў фарміраванні светапогляду кожнага грамадзяніна і грамадства ў цэлым, яго маральна-этычнай асновы.

Таму відавочна, што базавыя веды аб нашай Канстытуцыі, яе асноўных палажэннях неабходна даваць дзецям яшчэ ў пачатковай школе. Пры выкладанні дысцыплін гуманітарнага і прыродазнаўчага цыклаў навучэнцам малодшых класаў разам з разборам вучэбнага матэрыялу пра прыгажосць і разнастай­насць прыроды Беларусі, нашу багатую, гераічную гісторыю, значныя культурныя дасягненні нашых землякоў варта разглядаць і пытанні пра ўладкаванне беларускай дзяржавы, пра яе вышэйшыя органы, асноўныя правы і абавязкі грамадзян, гуманістычны характар беларускай Канстытуцыі і прававой сістэмы ў цэлым.

— Якая роля ўстановы адукацыі ў выхаванні паважлівага стаўлення да Асноўнага Закона нашай краіны?

— Установы адукацыі іграюць ключавую ролю не толькі ў выхаванні грамадзян нашай краіны. Сярэдняя і вышэйшая школа — гэта падмурак развіцця цывілізаванага грамадства і дзяржавы. Калі не будзе моцнай сучаснай школы, таленавітых педагогаў, творчага вучэбна-выхаваўчага працэсу, то ў краіне будзе адчувацца дэфіцыт добрых урачоў, суддзяў, інжынераў, палітыкаў, настаўнікаў. А гэта значыць, што дзяржава і грамадства не змогуць развівацца дынамічна, адэкватна адказваючы на выклікі сучаснасці.

Павага да Канстытуцыі сваёй краіны з’яўляецца неад’емнай рысай высокакультурнага і адукаванага грамадзяніна, патрыёта Радзімы. Паважаць Канстытуцыю — значыць паважаць сваіх суграмадзян, іх правы і свабоды, шанаваць дасягненні нашых продкаў, якія, прайшоўшы няпросты гістарычны шлях, змаглі пабудаваць суверэнную незалежную дзяржаву.

Канстытуцыйны Суд быў заснаваны ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у красавіку 1994 года. Ён фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, навуковую ступень. Шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць суддзяў выбіраюцца Саветам Рэспублікі. Старшыня Канстытуцыйнага Суда назначаецца прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў суддзяў Канстытуцыйнага Суда — 11 гадоў.

Значэнне Канстытуцыйнага Суда для дзяржавы і грамадства вельмі вялікае. Яго задачы — абараняць канстытуцыйны лад, гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і некаторыя іншыя.

Асноўная функцыя Канстытуцыйнага Суда — кантроль канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў усіх узроўняў: ад законаў, якія прымаюцца парламентам, да прававых актаў органаў мясцовай улады.

Варта адзначыць яшчэ адзін важны для выхавання сапраўднага грамадзяніна момант. Каб у поўнай меры карыстацца прадастаўленымі Канстытуцыяй правамі і свабодамі, неабходна іх добра ведаць. Толькі дасканалае веданне сваіх канстытуцыйных правоў і абавязкаў, а таксама ўсвядомленае іх выкананне надае чалавеку статус паўнавартаснага грамадзяніна краіны.

Наш славуты продак — выбітны юрыст і дзяржаўны дзеяч Леў Сапега — больш як 400 гадоў назад пісаў, што кожны жыхар заслугоўвае ганьбавання, калі лічыць сябе свабодным, аднак правоў сваіх не ведае і не ўмее імі карыстацца. Толькі валодаючы правам, можна абараніць сваю свабоду.

Таму можна сцвярджаць, што Канстытуцыя павінна стаць настольнай кнігай кожнага грамадзяніна, а Дзень Канстытуцыі — не проста чырвонай датай у календары.

— Сяргей Пятровіч, а якое месца сям’і ў гэтым працэсе? Дзе звычайным баць­кам, якія не валодаюць юрыдычнымі ведамі, узяць інфармацыю пра Канстытуцыю, каб правільна расказаць пра яе дзіцяці?

— Для пачатку даросламу трэба самому ўважліва прачытаць Канстытуцыю. Там вельмі выразная мова, усё выкладзена лаканічна. На мой погляд, тэкст Канстытуцыі зразумелы і даступны кожнаму чалавеку. На партале pravo.by ёсць раздзел пра Канстытуцыю, дзе можна абнавіць свае веды. Аднак вы задалі добрае пытанне, і я бачу, што нам нядрэнна было б мець папулярны дапаможнік для сям’і “Канстытуцыя для ўсіх”. Гэта можа быць эсэ, напісанае простай, даступнай мовай. Такога матэрыялу нам і праўда не хапае. Дзякуй за ідэю. Будзем думаць, як яе рэалізаваць.

— Ці можна школьнікам трапіць на экскурсію ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь? Як гэта зрабіць?

— Як правіла, экскурсіі школьнікаў у Канстытуцыйны Суд не праводзяцца. Разам з тым для студэнтаў юрыдычных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі краіны, якія паказалі высокія веды ў вывучэнні канстытуцыйнага права, у сценах Канстытуцыйнага Суда праводзяцца лекцыі па найбольш актуальных праблемах удасканалення канстытуцыйнага правасуддзя.

Акрамя таго, стала традыцыяй правя­дзенне ў Канстытуцыйным Судзе сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ўсебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі”, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі. У ходзе гэтага мерапрыемства Старшыня Канстытуцыйнага Суда П.П.Міклашэвіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручае пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 14-гадовым хлопцам і дзяўчатам — выдатнікам вучобы, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд — і дае ім наказ з годнасцю несці высокае званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, няўхільна выконваць абавязкі, ускладзеныя на грама­дзян Канстытуцыяй, вучыцца на выдатна, быць фізічна і духоўна развітымі, добрапрыстойнымі, законапаслухмянымі, праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю.

— Што значыць быць беларусам?

— У беларусаў свой менталітэт. Мы паважаем чужое меркаванне, аднак перш за ўсё цэнім сваё. З большага гэта спараджае ў нас здаровы кансерватызм. Беларусы не пускаюцца адразу ў вялікія сацыяльныя эксперыменты, а робяць усё разважліва, паступова. Беларус заўсёды разумеў, што ён адказвае не толькі за сябе, але і за сваіх дзяцей, за будучыя пакаленні. У няпростых гістарычных умовах наш народ знаходзіў спосабы захавання сваёй ментальнасці, сваёй нацыянальнай правасвядомасці. Я б сказаў, што для беларуса характэрна актыўная талерантнасць.

— Ці павінен Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быць выхадным днём? Як вы лічыце?

— Пытанне пра тое, ці павінен Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быць выхадным, на мой погляд, не з’яўляецца прынцыповым. Адзначыць Дзень Канстытуцыі можна і на рабочым месцы сваімі працоўнымі здзяйсненнямі. Галоўнае, каб гэты дзень быў у кожнага грамадзяніна ў сэрцы, каб мы ведалі сваю Канстытуцыю, глыбока яе шанавалі і няўхільна выконвалі ўсе яе палажэнні.

Гутарыла Наталля КАСТЭНКА.