Тонкасці моды на здароўе

- 10:36Адукацыйная прастора

Ва ўсе часы здароўе лічылася найвышэйшай жыццёвай каштоўнасцю чалавека. У пагоні за сучаснымі тэхналогіямі мы часта забываем пра самае простае і, на мой погляд, самае галоўнае — пра здароўе дзяцей, без якога ўсё астатняе не мае значэння.

Прыярытэтным напрамкам работы Грыцэвіцкай сярэдняй школы з’яўляецца ўкараненне ў адукацыйны працэс здароўезберагальных тэхналогій. Пачынаючы з пачатковай школы, тут прытрымліваюцца прынцыпаў аховы здароўя, накіроўваюць навучанне на здаровы лад жыцця.

Адукацыйны працэс не можа цалкам пазбавіць вучняў ад стомленасці, але павінен арганізоўвацца так, каб аддаліць яе надыход. А як гэта зрабіць на практыцы? Над гэтым я думаю пры падрыхтоўцы кожнага ўрока. Лічу, што паменшыць стомленасць можна, калі ўключаць ва ўрок здароўезберагальныя тэхналогіі па прафілактыцы і карэкцыі парушэнняў органаў зроку, апорна-рухальнага апарату і іншых адхіленняў у стане здароўя дзяцей. Ужо некалькі гадоў займаюся вывучэннем такой тэхналогіі, у сувязі з чым пазнаёмілася з методыкай доктара медыцынскіх навук Уладзіміра Базарнага і шырока прымяняю яе ў сваёй практыцы.

Падчас навучання ў школе дзіця вымушана доўга сядзець за партай. Нізкая рухальная актыўнасць пагражае псіхічнаму і фізічнаму здароўю. Арганізму, які расце, рух патрэбен кожную гадзіну, таму правядзенне фізкультхвілінак на ўроках проста неабходна. Яны дазваляюць дзецям перадыхнуць і расслабіцца, аднавіць энергію, актывізаваць работу розных аналізатараў.

У маім арсенале фізкультхвілінак больш за сто, усе яны сістэматызаваны. Пры іх правядзенні я ўлічваю многія фактары: пару года, тэму і этап урока, які ўрок па ліку, якую стомленасць неабходна зняць і г.д.

На ўроках выкарыстоўваю нетрадыцыйныя формы правядзення фізкультхвілінак: масаж, псіхагімнастыку, дыхальную і гукавую гімнастыку. Станоўча дзейнічаюць на псіхаэмацыянальную сферу, а таксама знімаюць і зрокавую стомленасць такія рэлаксацыйныя паўзы, як назіранне за з’явамі прыроды. Не пакідаю без увагі такія цуды прыроды, як кружэнне асенняга лістападу, моцны дождж, павольны танец узорыстых сняжынак.

Адным з прыёмаў актывізацыі арганізма з’яўляецца перыядычная змена дзейнасці вучня. Дзіця нармальна расце, калі больш рухаецца, таму я даю магчымасць дзецям пераходзіць з аднаго становішча ў іншае па іх жаданні. Арганізоўваю навучанне ў рэжыме дынамічных поз па методыцы У.Ф.Базарнага. Ажыццяўляю гэта з дапамогай парт-канторак. Яны спрыяюць захаванню правільнай паставы дзяцей, прафілактыцы і карэкцыі парушэнняў апорна-рухальнага апарату. Назіранні паказалі, што такія заняткі зніжаюць у дзяцей страх, павялічваюць эмацыянальнае ўспрыманне, працаздольнасць і актыўнасць.

Парадак размяшчэння канторак на сталах вызначаецца з улікам светлавога рэжыму класа. Зручней канторкі паставіць на заднія парты ў кожным радзе. Можна размясціць іх у канцы класа вугалком, а для чытання верша паставіць і на настаўніцкім стале правым бокам да класа. Найбольш зручна прымяняць позу стоячы пры тлумачэнні матэрыялу настаўнікам, адказах вучняў, падчас правядзення вусных і пісьмовых практыкаванняў. Гэтыя практыкаванні я праводжу па 2—3 разы за ўрок з улікам сезона, рухальнай актыўнасці, характару папярэдніх урокаў. Дзеці могуць стаяць на масажных дыванках у шкарпэтках і адначасова слухаць загадкі, апавяданне, казку, удзельнічаць у вусным лічэнні, рашаць лагічную задачу. Галоўным тут з’яўляецца сам факт змены дынамічных поз. Такім чынам, у навучэнцаў з’яўляецца магчымасць некалькі разоў мяняць позу і перамяшчацца па класе.

Таксама выкарыстоўваю на ўроках заданні, накіраваныя на пашырэнне зрокава-прасторавай актыўнасці, захаванне вастрыні зроку ў дзяцей. З гэтай мэтай на сценках кабінета размяшчаю розныя карткі. Гэта могуць быць прадметныя і сюжэтныя карцінкі, каса літар і лічбаў, геаметрычны матэрыял, слоўнікавыя словы, лікавыя выразы і адказы і г.д. Такім чынам, ствараю ўмовы для інтэнсіўнага зрокавага сканцэнтравання ўдалячынь і зняцця напружання з вочных мышцаў. Такія заданні даю пасля работы з падручнікам або пасля пісьма. Акрамя трэніроўкі вочных мышцаў, падобныя заданні вырашаюць адукацыйныя і развіццёвыя задачы. Напрыклад, дзеці адгадваюць загадкі, знаходзяць прыклады на пэўнае правіла, адказы на якія-небудзь арыфметычныя дзеянні і г.д.

Для рухальнай актыўнасці выкарыстоўваю сенсорныя крыжы, якія развешваю пад столлю ў класным пакоі. На іх замацоўваю розныя вучэбныя аб’екты (плоскія і аб’ёмныя геаметрычныя фігуры, літары, слоўнікавыя словы і інш). Падчас урока перыядычна звяртаю ўвагу дзяцей на той ці іншы дапаможнік, прапаноўваю штосьці знайсці, прааналізаваць, даць характарыстыку. Школьнікі шукаюць вачамі патрэбны матэрыял, тым самым трэніруючы зрок, здымаючы напружанне з вачэй і ліквідуючы стомленасць.

Для зняцця зрокавай стомленасці шырока выкарыстоўваю і папяровыя афтальматрэнажоры. Гэта звычайна розныя траекторыі, па якіх дзеці “бегаюць” вачамі. На лісце ватману могуць быць намаляваны каляровыя фігуры (зігзагі, авалы, васьмёркі, спіралі). Таўшчыня ліній — адзін сантыметр. З дапамогай стрэлак паказаны траекторыі, па якіх павінен рухацца погляд у працэсе выканання фізкультхвілінак. Траекторыі адрозніваюцца адна ад адной колерам — гэта робіць схему яркай, маляўнічай і прыцягвае ўвагу. Плакат знаходзіцца над школьнай дошкай. Практыкаванне выконваецца стоячы, рукі размешчаны на поясе, плечы выпрастаны.

Акрамя таго, улічваецца псіхалагічнае ўздзеянне колеру на дзіця. Прапаную некаторыя рэкамендацыі па выкарыстанні колераў на ўроках: рускай мовы — жоўты колер (стымулюе зрок); матэматыкі — сіні (актывізуе разумовую дзейнасць, супакойвае); літаратурнага чытання (і іншых прадметах) — зялёны колер (здымае ператамленне).

Вялікае значэнне ў рэжыме дня навучэнцаў маюць гульні, таму на кожным уроку выкарыстоўваю рухавыя гульні навучальнага характару, гульнявыя моманты. Яны з’яўляюцца добрым адпачынкам як падчас заняткаў, так і на перапынках: здымаюць стомленасць, танізуюць нервовую сістэму, паляпшаюць эмацыянальны стан і павышаюць працаздольнасць.

Правільна арганізаваны ўрок — залог пазітыўнага псіхаэмацыянальнага, а значыць, і фізічнага дабрабыту навучэнцаў. Праверце сябе: калі на вашым уроку ў пачатковай школе стомленасць развіваецца не раней чым на 20-й — 23-й мінуце, то вы, бясспрэчна, можаце лічыць сябе спецыялістам у здароўезберагальнай арганізацыі вучэбнага працэсу.

Здароўе дзіцяці — катэгорыя педагагічная, і менавіта настаўнік можа зрабіць для дзіцяці значна больш, чым урач. Захаванню здароўя трэба вучыць гэтак жа, як і чытанню, пісьму, лічэнню. Я стараюся, каб мае вучні з дзяцінства асвоілі ўсе тонкасці і прамудрасці моды на здароўе і ішлі па жыцці з клопатам пра яго.

Валянціна ГВОЗД,
настаўніца пачатковых класаў Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна.