Тонкая работа

Пяшчота да роднага краю, жаданне бачыць родны куток квітнеючым — гэтыя пачуцці закладваюць бацькі і педагогі ў школьныя гады. Любоў да малой радзімы выхоўваюць карціны роднай прыроды: рэкі і азёры, зялёныя палі і дрымучыя лясы.

Прывіць любоў да радзімы праз любоў да прыроды стараецца Ірына Міхайлаўна Рудэнка, педагог дадатковай адукацыі з 40-гадовым стажам Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Для гэтага яна вучыць дзяцей рабіць цудоўныя пейзажы з прыродных матэрыялаў на занятках аб’яднання па інтарэсах “Плафо” (пластыка прыродных форм), якім Ірына Міхайлаўна кіруе з 2002 года.

На занятках дзеці ствараюць кампазіцыі з сухіх лістоў, кветак, галін. Але канёк іх выкладчыка — работа з бяростай. Ірына Міхайлаўна ўспамінае, што аднойчы трапіла на майстар-клас па рабоце з бяростай у час курсаў павышэння кваліфікацыі. Гэтая тэхніка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва так уразіла педагога, што сёння яна робіць упор менавіта на стварэнне карцін з бяросты.

Адну з такіх карцін — работу “Зімовыя віду спорту” — падарылі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ў час акцыі “Нашы дзеці”. Ірына Міхайлаўна з усмешкай успамінае, як адзін з яе выхаванцаў некалькі разоў апісваў іншым дзецям сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, і вельмі ганарыцца работай свайго калектыву.

Іншы знакавы для аб’яднання праект — “Чарнобыльскія замалёўкі”. Дзеці намалявалі на сваіх карцінах прыроду мясцін, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым кожны пастараўся зрабіць работу аптымістычнай і жыццесцвярджальнай, перадаць імкненне зямлі да адраджэння, абнаўлення.

Асновай творчай лабараторыі стала трохгадовая праграма навучання. Яна будуецца па прынцыпе “ад простага да складанага”, пры гэтым педагог чаргуе розныя жанры фларыстыкі і работу з рознымі відамі фларыстычнага матэрыялу.

Заняткі пад кіраўніцтвам Ірыны Міхайлаўны асабліва карысныя дзякуючы тэхналогіі калектыўнай творчасці. У рабоце звычайна задзейнічаны 10—12 чалавек, і ўсе члены калектыву ўдзельнічаюць у планаванні, падрыхтоўцы, стварэнні любога вырабу і аналізе сваёй працы. Выхаванцы разам рыхтуюць эскізы будучых карцін, размяркоўваюць паміж сабой работу з рознымі матэрыяламі і формамі.

— Напрыклад, ствараючы карціну з бяросты, мы стараемся раздзяліць работу так, каб больш малодшыя дзеці маг­лі рабіць простую работу, а старэйшыя дзялілі паміж сабой заняткі, зыходзячы са сваіх пераваг: хтосьці любіць рабіць людзей, хтосьці — прыроду, хтосьці — дамы. Дзеці вучацца дамаўляцца так, каб кожны не стаяў убаку, — падкрэслівае Ірына Міхайлаўна. — Потым гатовыя дэталі збіраюць на адным палатне і прыціскаюць з дапамогай прэса — атрымліваецца адна агульная карціна.

Усё ж ёсць работа, якую вучні выконваць не могуць — гэта збор і нарыхтоўка бяросты. Таму, каб зімой быў вялікі запас матэрыялу, кожнае лета педагог адпраўляецца ў лес і шукае нежывыя бярозы, каб сваімі рукамі зняць бяросту, распластаваць яе, высушыць пад прэсам. Каб дапамагчы Ірыне Міхайлаўне, дзеці стараюцца самі нарыхтаваць кветкі і лісты: разам з бацькамі збіраюць і сушаць іх для новых вырабаў.

Матывам дзейнасці дзяцей тут з’яўляецца, перш за ўсё, імкненне да самавыяўлення і самаўдасканалення. Педагог шырока выкарыстоўвае гульні, дабаўляе элемент спаборніцтва. Пры гэтым імкнецца ўдзяліць увагу кожнаму дзіцяці: пахваліць і даць зразумець, што яно здольнае і таленавітае. Напэўна, таму дзеці, якія прыйшлі ў аб’яднанне па інтарэсах яшчэ ў 6—7 гадоў, з задавальненнем працягваюць займацца.

— Дзецям падабаецца, што мы многа ўдзельнічаем у конкурсах, для іх важна перамагаць і адпраўляцца ў паездкі на ўзнагароджанні, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — Многа работ дзеці ствараюць для бацькоў, у падарунак для бабуль і дзядуляў, пахвала якіх таксама многа зна­чыць для дзяцей.

Цяперашні навучальны год таксама прынёс калектыву навучэнцаў пад кіраўніцтвам Ірыны Міхайлаўны новыя перамогі ў творчых конкурсах. Работа аб’яднання стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”. І была выбрана ў якасці падарунка Ураду Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, навучэнцы “Плафо” 4 разы станавіліся пераможцамі гэтага конкурсу. Таксама дзеці перамаг­лі ў рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Салют Перамогі”.

Новыя перамогі натхняюць дзяцей на новыя ідэі, а педагог падтрымлівае і дапамагае іх рэалізаваць.

Юлія ШЧЭГЕЛЬ,
намеснік дырэктара Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”.