Топ-10 дасягненняў БДУ вачыма рэктара

Напярэдадні 100-гадовага юбілею БДУ мы папрасілі рэктара Андрэя Дзмітрыевіча КАРАЛЯ назваць топ-10 дасягненняў, якімі ён ганарыцца. І сёння прапаноўваем чытачам паглядзець на ўніверсітэт вачыма рэктара.

Рэктар БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар Андрэй КАРОЛЬ:

“Я ўдзячны кожнаму выкладчыку, навукоўцу, супрацоўніку, нашым студэнтам за асабісты ўклад у развіццё БДУ, за дастойнае прадстаўленне ўніверсітэта ў яго 100-годдзе, за традыцыі і дасягненні, за шматвектарны патэнцыял і новыя магчымасці”.

Калектыў БДУ

“Галоўная гордасць — гэта шматтысячны калектыў прафесійных выкладчыкаў, аўтарытэтных навукоўцаў і перспектыўных студэнтаў БДУ. Дарагога варта заваяваць іх давер і дасягнуць з імі ўзаемаразумення. Таму лічу адным з важных дасягненняў аўтарытэт і павагу супрацоўнікаў.

Першыя часы была занепакоенасць, як прымуць і наколькі хутка пачнецца зладжаная работа. Я разумеў, што чалавек з іншага горада і ўніверсітэта (раней Андрэй Кароль быў рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. — Г.С.) можа выклікаць недавер і насцярожанасць. Але літаральна першыя сустрэчы паказалі адваротнае. Я ўбачыў нашу сумяшчальнасць на ўзроўні жадання рухаць БДУ наперад. Дэканы і супрацоўнікі падчас сустрэч на факультэтах, у інстытутах і падраздзяленнях самі гаварылі мне, што ўніверсітэт мае вялікія чаканні на змены, развіццё. У выніку мы выйшлі на дыялог, калегіяльнае абмеркаванне праблемных тэм і ўкараненне дзейсных інструментаў і механізмаў для далейшага развіцця БДУ”. 

Абнаўленне ўніверсітэта

“Рады, што ўдалося матываваць універсітэцкую каманду на павышэнне прадукцыйнасці працы. Вынік відавочны. Сёння мы сталі больш зарабляць, укладваць у матэрыяльную частку. За два апошнія гады на матчастку выдаткавана ў пяць разоў больш, чым у 2014—2017 гадах. Універсітэт абнаўляецца, у тым ліку дзякуючы падтрымцы дзяржавы, Савета Рэспублікі, Міністэрства адукацыі.

Мы ўжо адрамантавалі будынак Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя, правялі капітальны рамонт у інтэрнаце № 10, абнавілі фасады будынкаў НДІ ядзерных праблем і факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, комплексна адрамантавалі факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, рэканструявалі Музей землязнаўства. Актыўна ідзе рамонт галоўнага корпуса, абноўлены ўніверсітэцкі дворык. У лістападзе — снежні пачнём капітальны рамонт будынка гісторыкаў.

Дарэчы, на балансе БДУ сёння 206 капітальных будынкаў агульнай плошчай амаль 440 тысяч кв.м”. 

Новы ўзровень вышэйшай адукацыі

“Адным з галоўных дасягненняў БДУ з’яўляецца выхад вышэйшай адукацыі Беларусі на якасна новы ўзровень. Прывяду ўсяго толькі некалькі лічбаў. Кожны трэці студэнт з рэспубліканскага банка даных адоранай моладзі — студэнт БДУ. Кожная 5-я кандыдацкая і кожная 6-я доктарская дысертацыя ў краіне — на рахунку навукоўцаў БДУ. За апошнія пяць гадоў колькасць абарон доктарскіх дысертацый павялічылі на 30%.

Штогод навукоўцы БДУ ўваходзяць у лік самых цытуемых аўтараў у галіне прыродазнаўчых і гуманітарных ведаў і публікуюць каля 800 артыкулаў у самых аўтарытэтных сусветных часопісах. Наш універсітэт — лідар у Беларусі па колькасці апублікаваных навуковых прац у міжнародных часопісах, індэксаваных у базе даных Web of Science”. 

Інавацыйнае развіццё

“БДУ мяняе навучанне праз ўкараненне перадавых тэхналогій і методык. Але робіцца гэта не адміністрацыйна, а праз ініцыятывы саміх выкладчыкаў. Яны бачаць і разумеюць важнасць змен у вучэбным працэсе, неабходнасць іншых падыходаў у параўнанні з тым, як было 10, 15 ці 20 гадоў назад.

Жыццё паскараецца, ускладняецца, робіцца ўсё менш і менш прадказальным. У ім няма загадзя падрыхтаваных адказаў і шаблонаў. Сёння ў эканоміцы відавочны запыт на спецыялістаў, якія валодаюць гнуткасцю розуму, мабільнасцю, уменнем працаваць у камандзе і гатовы прапаноўваць нестандартныя рашэнні. Таму трэба вучыць студэнтаў не столькі ведам, колькі бачыць сваё няведанне. Вучыць не столькі напісанаму, колькі таму, што паміж радкоў. Вучыць не правільным адказам, а ўменню задаваць пытанні. Вучыць адкрываць саміх сябе, а значыць, выходзіць за свае межы і глядзець на сябе вачыма іншых людзей.

Адной з магчымых метадалогій такога навучання з’яўляецца эўрыстычнае навучанне. Яго сутнасць у тым, што студэнт стварае сваю сістэму ведаў, у дыялогу з дасягненнямі чалавецтва напаўняе свет сваім сэнсам, мяняючыся пры гэтым сам. Іншымі словамі, шлях да знешняга свету студэнт праходзіць праз сябе.

Гэта новая метадалогія адукацыі, якая дазваляе ўсіх вучыць аднолькава, але па-рознаму. Яна адлюстроўваецца ў вучэбных планах, праграмах, падручніках, формах, метадах навучання, крытэрыях ацэньвання. Такі тып адукацыі мяняе чалавека, павышае прадукцыйнасць яго працы, а таму служыць гарантам эканамічнага росту, нацыянальнай бяспекі краіны”.

Адказ на выклікі часу

“БДУ аператыўна і без страты якасці ў адукацыі рэагуе на выклікі часу. Так, за кошт тэхнічнай гатоўнасці і інавацыйнага метадычнага падыходу атрымалася захаваць якасць адукацыі падчас пандэміі.

У нас ужо больш за тры гады працуе адукацыйны партал БДУ. Гэта не назапашвальнік вучэбных матэрыялаў. Тут у рэжыме відэаканферэнцый штодня можна праводзіць да 2 тысяч вучэбных заняткаў, суправаджаць звыш 7,6 тысячы дысцыплін. На яго платформе працуюць “Педагагічная майстэрня анлайн-навучання”, форум “Пытанні-адказы па Moodle”, размешчаны банк творчых, эўрыстычных, даследчых заданняў з 15 тысячамі напрацовак і больш як 500 аўтарскімі метадычнымі распрацоўкамі.

Важна разумець, што дыстанцыйная форма — гэта асобная метадалогія, якая не замяняе вочнага навучання, а хутчэй дазваляе больш якасна вырашыць пытанні творчай самарэалізацыі студэнта. Анлайн-фармат мае ўсе атрыбуты любой сістэмы адукацыі: свае сэнсы, мэты, змест, крытэрыі ацэньвання, часавыя рамкі правядзення заняткаў. У інфарматызацыі навучання важны не абмен інфармацыяй, а актыўная камунікатыўная дзейнасць студэнта з дапамогай сучасных эўрыстычных тэхналогій”. 

У топе-300 лепшых універсітэтаў свету

“БДУ ўпершыню ўдалося ўвайсці ў топ-300 лепшых універсітэтаў планеты — гэта 1% сярод 30 тысяч існуючых у свеце ўстаноў вышэйшай адукацыі. БДУ прадстаўлены ў 12 аўтарытэтных рэйтынгах, уключаючы “вялікую тройку” — QS, THE і Шанхайскі”.

Практыка двайных дыпломаў

“Дарэчы, БДУ з’яўляецца першым універсітэтам, які ўвёў і паспяхова развівае практыку двайных дыпломаў. У 2019 годзе разам з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В.Ламаносава мы адкрылі сумесную магістарскую праграму “Гісторыя беларускай дыяспары”. З гэтага ж года дзейнічае першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх адносін Сумесны адукацыйны інстытут БДУ — ДПУ (Далянскі політэхнічны ўніверсітэт, г.Далянь, КНР)”.

Лепшы экспарцёр года ў сферы адукацыі

“Ганаруся, што ў 2020 годзе па выніках конкурсу Беларускай гандлёва-прамысловай палаты БДУ прызнаны “лепшым экспарцёрам года ў сферы адукацыі”. Сёння ўніверсітэт — лідар па колькасці замежных грамадзян. У нас вучацца звыш 4 тысяч замежных студэнтаў з больш чым 60 краін. Яшчэ некалькі гадоў назад мы набіралі толькі 2—2,5 тысячы”.

Уклад у айчынную і сусветную навуку

“БДУ ўносіць значны ўклад у развіццё фундаментальнай і прыкладной навукі. Даследаванні нашых вучоных маюць шырокі ахоп — ад сельскай гаспадаркі да космасу. Ёсць у БДУ і адкрыцці сусветнага значэння. Так, аўтарам двух значных адкрыццяў у галіне ядзернай фізікі з’яўляецца заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Уладзімір Рыгоравіч Барышэўскі.

Калі казаць пра аэракасмічную сферу, то з 29 кастрычніка 2018 года на калязямной арбіце паспяхова функцыянуе першы ўніверсітэцкі нанаспадарожнік BSUSat-1.

Распрацоўкі БДУ шырока запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі. Нашы вучоныя ствараюць унікальныя ветэрынарныя прэпараты, ферамонныя прэпараты для барацьбы са шкоднікамі лясоў і інш.

У краіне праведзена больш за 3 тысячы аперацый з выкарыстаннем супрацьпухліннага лекавага прэпарату “Цысплацэл” для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных новаўтварэнняў галаўнога мозгу, галавы і шыі. У медыцынскіх установах Беларусі і іншых краін для ацэнкі стану дыхальнай сістэмы чалавека паспяхова выкарыстоўваецца спірометр серыі “МАС”.

Гэтыя і іншыя распрацоўкі вучоных БДУ рэгулярна дэманструюцца на навуковых выставах у нашай краіне і за мяжой”.

Магчымасці для самарэалізацыі студэнтаў

“Для нашых студэнтаў працуе цэлая сістэма па самарэалізацыі і фарміраванні патрыятызму. Мы прапануем моладзі ўдзельнічаць у розных студэнцкіх і валанцёрскіх арганізацыях, ладзім стартапы, патрыятычныя, культурна-асветніцкія і спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы ў навуковай, грамадскай, культурнай і спартыўнай сферах. Далучаем моладзь да кіраўніцкіх працэсаў БДУ”.

“Жадаю ўсяму калектыву БДУ далейшай прадукцыйнай і зладжанай работы, актыўнага руху, моцнага здароўя і настрою, а ўніверсітэту ў наступныя стагоддзі і тысячагоддзі — росквіту і развіцця на карысць нашай Беларусі”.

Аляксандр КАДЛУБАЙ,
намеснік міністра адукацыі, выпускнік гістарычнага факультэта БДУ 2004 года:

“Будучы першакурснікамі, мы ўспрымалі ўніверсітэт як супольнасць аднадумцаў. У далейшым прыйшло ўсведамленне, наколькі якасную вышэйшую адукацыю мы атрымліваем, разуменне, што наш універсітэт — найлепшая навуковая школа краіны. БДУ сфарміраваў мяне як прафесіянала, а таксама паўплываў на мой светапогляд. За гады вучобы нарадзілася мая, цяпер ужо шматдзетная, сям’я.

Роднаму ўніверсітэту хацелася б пажадаць, каб ён, як і раней, упэўнена займаў пазіцыю лідара ў сістэме адукацыі і навукі Беларусі, а яго дасягненні і імя горда гучалі ў розных кутках зямнога шара”.

Сяргей ЛУКАШЭВІЧ, пасол Беларусі ў Бразіліі, выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ 1999 года:

“Моладзь заўсёды павінна верыць у сябе. Хацеў бы пажадаць ёй ніколі не спыняцца на дасягнутым, імкнуцца да росту ў розных сферах, смела ісці наперад да пастаўленых мэт. Крытычнае мысленне, крэатыўнасць і ўменне аналізаваць з’яўляюцца вельмі важнымі якасцямі для эфектыўнага вырашэння розных задач.

Жадаю ўсім выпускнікам БДУ знайсці сваё прызванне ў жыцці, не здавацца перад цяжкасцямі, пастаянна ўдасканальвацца, мець цвёрдую грамадзянскую пазіцыю і прымаць актыўны ўдзел у развіцці нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь!

Выказваю шчырую падзяку кіраўніцтву БДУ і ўсяму прафесарска-выкладчыцкаму складу ўніверсітэта за згуртаванасць і адказнасць. Гэта, безумоўна, паўплывала і на мой вопыт, рост і кар’еру на дыпламатычнай службе”.

Алена ЛІТВІНАВА, начальнік упраўлення — начальнік аддзела біялагічных выпрабаванняў упраўлення інавацыйнага развіцця РУП “Белмедпрэпараты”, кандыдат біялагічных навук, выпускніца біялагічнага факультэта БДУ 1989 года:

“БДУ даў мне вялізны багаж ведаў, прычым не толькі ў галіне выбранай спецыяльнасці, але і ў іншых сферах, што значна пашырыла мой кругагляд і павысіла інтэлектуальны ўзровень. Універсітэт навучыў арганізацыі навуковага эксперымента: пачынаючы ад фармулёўкі ідэі і пастаноўкі мэты, заканчваючы аналізам атрыманых вынікаў. Ён дапамог мне сфарміраваць такія якасці, як мэтанакіраванасць і настойлівасць, працавітасць і адказнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу іншым і камунікабельнасць. Вучоба ў БДУ — этап, напоўнены рамантыкай, любоўю, прыгодамі, новымі знаёмствамі і мноствам падзей! Безумоўна, увесь набыты капітал дазволіў мне адбыцца як навуковаму работніку і абараніць дысертацыю, пасля — быць кіраўніком аднаго са складаных і адказных падраздзяленняў РУП “Белмедпрэпараты”.

У стагоддзе ўніверсітэта хацелася б пажадаць яму заўсёды быць маладым і першым. Выкладчыкам — здароўя, бадзёрасці духу, аптымізму, павагі калег і студэнтаў, значных дасягненняў і задавальнення ад працы і жыцця. А моладзі жадаю не ленавацца і верыць у сябе. Высокіх вынікаў у вучобе і навуцы, поспехаў і вясёлага студэнцкага жыцця”.  

Максім БАГДАНОВІЧ,

дырэктар Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі, выпускнік фізічнага факультэта
2003 года:

“Ролю роднага ўніверсітэта і фізічнага факультэта ў маім жыцці цяжка пераацаніць. Перш за ўсё, я атрымаў адукацыю сусветнага ўзроўню. Фізічны факультэт — гэта не толькі адзін з самых перадавых і аўтарытэтных цэнтраў фізічнай навукі, але і месца з асаблівай творчай атмасферай. Тут ты становішся часткай вялікай садружнасці аднадумцаў з ясным разуменнем з’яў навакольнага свету і жаданнем спасцігаць сутнасць працэсаў, што адбываюцца.

На факультэце асаблівае месца займаюць традыцыі, якія сфарміраваліся за многія дзесяцігоддзі. У іх аснове ляжыць узаемапавага паміж студэнтамі і выкладчыкамі і пачуццё гумару, уласцівае ўсім фізікам. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з усімі навуковымі і прамысловымі арганізацыямі нашай краіны. Магчымасці, якія прадастаўляе ўніверсітэт, дазваляюць студэнтам выбіраць сваю будучыню, зыходзячы з асабістых інтарэсаў. Так было і ў мяне. Жаданне займацца навукай прывяло ў Інстытут фізікі Нацыянальнай акадэміі навук, дзе я працую і зараз.

У стагадовы юбілей я хацеў бы пажадаць універсітэту заставацца галоўным аплотам класічнай вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, быць той зоркай, да якой імкнуцца выпускнікі сярэдніх школ, быць самым сучасным і запатрабаваным універсітэтам Беларусі, а таксама заўсёды разумець адукацыйныя патрэбы нашага грамадства”.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.