Традыцыі і інавацыі, узаемадзеянне пачаткоўцаў і прафесіяналаў — пастулаты сярэдняй школы № 1 Бялыніч

- 13:10Пресс-тур «Настаўніцкай»

Сярэдняя школа № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага — найстарэйшая навучальная ўстанова ў Бялыніцкім раёне, гісторыя якой пачалася ў далёкім 1864 го­дзе. Больш чым за паўтара стагоддзя тут сфарміраваліся трывалыя традыцыі. Адна з іх — захаванне фальклорнай і літаратурнай спадчыны роднага краю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Традыцыі яднаюць

— Штогод мы адзначаем святы “Калядкі”, “Вячоркі”, “Масленіца” з ухілам на мясцовыя традыцыі і звычаі, праводзім фальклорныя экспедыцыі і збіраем народныя песні. У нас існуе кабінет-імправізацыя “Вясковая школка пачатку XX стагоддзя”, які стаў своеасаблівым цэнтрам па выхаванні ў дзяцей любові да беларускай культуры і традыцый. 20 гадоў назад я прапанавала зрабіць экспазіцыю на прыкладзе твора “На ростанях”, дзе галоўны герой жыў там, дзе і працаваў. Так мы пачалі збіраць розныя рэчы для школкі ў стылі палескай глыбінкі, — расказала дырэктар установы Таццяна Балдышэўская.

На базе школьнага літаратурнага музея “Спадчына” працуе літаратурнае аб’яднанне “Сцяжынкамі натхнення”, у якім вучні займаюцца даследчай дзейнасцю.

— Спачатку мы шукаем звесткі пра пісьменнікаў-землякоў, а пасля афармляем іх у альманахі “Наша спадчына”. Да таго ж ла­дзім выставы радаводаў, выдаём кніжачкі з вершамі вучняў. А яшчэ на працягу многіх гадоў нашы навучэнцы даглядаюць магілы загінуўшых землякоў і воінаў. Такім чынам дзеці вывучаюць мінулае і захоўваюць гістарычныя традыцыі роднага краю, — адзначыла Таццяна Іванаўна.

Яшчэ ў ліку традыцый установы — разнастайныя мерапрыемствы, у якіх могуць праявіць сябе і навучэнцы, і педагогі. Сапраўднымі і запамінальнымі святамі становяцца дні ведаў, настаўніка, Новы год, сустрэча выпускнікоў, апошні званок і інш.

— Школа ўдзельнічае ў пат­рыятычных акцыях, экалагічных праектах, правядзенні прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. На іх нашы навучэнцы атрымліваюць узнагароды рознай вартасці. Мы стараемся заўважаць усе поспехі вучняў, нават невялікія, і рабіць іх здабыткам усёй школы. Наша ўстанова — маленькая дзяржава, у якой вучні пражываюць цэлых 11 гадоў. Школьныя традыцыі з’яўляюцца тым звяном, якое аб’ядноўвае 72 педагогі, 880 навучэнцаў і іх бацькоў, — падкрэс­ліла дырэктар школы.

Матывацыя і інавацыі

Першая бялыніцкая школа — лідар па многіх паказчыках. Педагагічны калектыў працуе ў інавацыйным рэжыме з 2008 года. За гэты час настаўнікі рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх праектаў.

— Мы пачынаем новы эксперыментальны праект па чалавеказнаўстве ў 8—9 класах. Паглядзім, як гэты факультатыў успрымуць вучні і як будуць працаваць педагогі. Затым зможам распрацаваць пэўныя метадычныя рэкамендацыі для далейшага ўкаранення яго ў практычную дзейнасць іншых школ, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Манд­рыкава.

На базе ўстановы дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі. Там вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы алімпіяднікаў па прадметах “Руская мова”, “Матэматыка”, “Абслуговая праца”, “Гісторыя Беларусі”. Перадавыя падыходы педагогаў прыносяць добрыя вынікі: вучні школы рэгулярна вызначаюцца перамогамі ў алімпіядным руху, а таксама творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.

Зрабіць прафесійны выбар школьнікам дапамагаюць праф­арыентацыйныя сустрэчы са спецыялістамі і экскурсіі ў арганізацыі і на прадпрыемствы горада, рэгулярнае наведванне дзён адкрытых дзвярэй ва ўніверсітэтах і каледжах, а таксама навучанне ў профільных класах і групах прафесійнай накіраванасці. Многія школьнікі заканчваюць родную ўстанову з атэстатам асаблівага ўзору, паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ і паступаюць у прэстыжныя айчынныя ўніверсітэты.

— Сёлета ў нас 44 выпускнікі, 13 з іх прэтэндуюць на атрыманне залатых медалёў. Большасць адзі­наццацікласнікаў нацэлена на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі: медуніверсіты, Магілёўскі інстытут МУС, Інстытут пагранічнай службы, Ваенную акадэмію і на ваенны факультэт БДУ, БДУІР і БНТУ. Дзве дзяўчынкі бяруць мэтавыя накіраванні для паступлення ў МДУ імя А.А.Куляшова на спецыяльнасць “Філалагічная адукацыя (руская мова і літаратура)”. Мы пастаянна рыхтуем сабе маладыя кадры. Так, зараз у БДПУ вучацца тры нашы выпускнікі: двое юнакоў — на спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” і адна дзяўчына — на “Пачатковай адукацыі”. У Куляшоўскім універсітэце два чалавекі атрымліваюць спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Гістарычная адукацыя”, а матэматык ужо вяртаецца да нас працаваць, — не без гордасці сказала Таццяна Васільеўна.

Па яе словах, выпускнікі свядома бяруць мэтавыя накіраванні пасля навучання ў профільных класах, бо там яны змаглі прымераць на сябе будучую прафесію. У школе ўжо 9 гадоў функцыянуюць педагагічныя класы. Факультатыўныя заняткі па ўвядзенні ў педпрафесію праводзяцца максімальна практыка-арыентавана. Для вучняў рэгулярна арганізоўваюцца прафесійныя пробы — ад правядзення ўрокаў да праходжання практыкі ў школьных лагерах. Гэта дазваляе навучэнцам на справе адчуць рэальныя настаўніцкія будні.

— У гэтым навучальным го­дзе мне давялося весці факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Сваім адзінаццацікласнікам я пастаянна гаварыла: “У педагагічную прафесію варта ісці толькі тым, хто любіць дзяцей. Без гэтага нічога не атрымаецца, якім бы выдатным спецыялістам вы ні былі”. Мае выхаванкі праводзілі ўрокі і ў малодшых, і ў старшых класах, прысутнічалі на занятках як вопытных настаўнікаў, так і маладых педагогаў, каб азнаёміцца з рознымі падыходамі і формамі работы, — паведаміла кіраўнік факультатыву настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Марына Маркевіч.

Сёлета ў школе адбудзецца першы выпуск ваенна-патрыятычнага класа. Работа ў ім ажыццяўлялася ў форме факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!”, якія праводзіліся адзін раз у тыдзень па суботах.

— У шосты школьны дзень мы займаліся страявой падрыхтоўкай, вывучалі воінскія званні, роды войскаў, віды зброі, а таксама зборку і разборку аўтамата Калашнікава, пісталета Макарава, пнеўматычнай вінтоўкі ІЖ-38. Але галоўнае, чаму я вучу дзяцей, што ў будучыні яны павінны быць абаронцамі Радзімы і сваёй сям’і, шанаваць і захоўваць нашы каштоўнасці і традыцыі, — заўважыў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні настаўнік фізічнай культуры Аляксей Галаўнёў.

У 2024/2025 навучальным го­дзе ў 1-й школе быў адкрыты і медыцынскі клас. Яго навучэнцы нацэлены на паступленне ў медыцынскія ўніверсітэты і каледжы.

Падтрымаць і накіраваць

Больш за 60% выпускнікоў педкласаў працягваюць далейшую адукацыю ў педагагічных УВА. Многія пасля вяртаюцца працаваць у родную школу.

— Педклас даў мне грунтоўную базу ведаў, таму ва ўніверсітэце мне было прасцей вучыцца. Такія класы не страчваюць папулярнасці, дзеці ахвотна ідуць вучыцца ў іх, тым самым павышаецца і прэстыж педагагічнай прафесіі, — выказала меркаванне настаўніца англійскай мовы Ульяна Валусько. Яна, між іншым, спецыяльна пайшла вучыцца ў Куляшоўскі ўніверсітэт па мэтавым накіраванні, каб вярнуцца пасля ў сваю школу.

— Наш калектыў добразычлівы, і ніхто нікому не адмаўляе ў дапамозе. Калі ўзнікаюць пытанні, маладыя педагогі смела падыхо­дзяць да старэйшых настаўнікаў альбо адміністрацыі, і мы іх вырашаем. Між іншым чацвёртая частка педкалектыву — выпускнікі нашай школы, якія вярнуліся працаваць у яе пасля заканчэння УВА, — канстатавала дырэктар установы.

У сваю чаргу Ульяна Ула­дзіміраўна прызналася, што сістэма настаўніцтва дапамагла ёй не разгубіцца на працоўным месцы:

— Старэйшыя калегі дапамагаюць педагогу-пачаткоўцу зразумець, у якое рэчышча варта накіраваць свае веды і ўменні. А яшчэ яны садзейнічаюць раскрыццю талентаў маладых спецыя­лістаў, скіроўваючы іх на ўдзел у творчых і прафесійных конкурсах, канферэнцыях і вэбінарах, напрыклад, у Магілёўскім абласным фестывалі маладых педагогаў “Прызванне — педагог”.

Да таго ж, каб настаўнікі-пачаткоўцы не разгубіліся, ва ўстанове арганізаваны клуб маладога педагога на чале з настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі Аленай Зміёвай, якая да таго ж кіруе і раённай школай маладога настаўніка.

— Маладых спецыялістаў мы вядзём першыя два гады, імкнучыся максімальна ім дапамагчы. Я заўсёды гавару настаўнікам-пачаткоўцам: “Хто не працуе, той і не памыляецца, таму спрабуем, вучымся і развіваемся”. А яшчэ раю старацца быць вышэйшымі на прыступку за вучняў не толькі ў веданні прадмета, але і псіхалагічна, — падсумавала Алена Мікалаеўна.

Актыўна, карысна, плённа

У сярэдняй школе № 1 Бялыніч на высокім узроўні пастаўлена работа па другаснай занятасці навучэнцаў. Так, на працягу навучальнага года ва ўстанове працуе брыгада “Чароўная іголка” пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Ніны Камлёвай. У пазавучэбны і канікулярны час дзеці, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, шыюць пасцельную бялізну для малодшай школы, наматрацнікі, ручнікі і г.д.

— Ніна Андрэеўна курыруе дзейнасць брыгады, робіць раскрой, а дзеці шыюць. Адпрацаваўшы ў дзень 3—4 гадзіны, нашы вучні зарабляюць па 120—140 рублёў, — адзначыла дырэктар школы. — А летам нашы навучэнцы актыўна працуюць у студатрадах БРСМ у ЖКХ, сельскай гаспадарцы, будаўнічых арганізацыях. Мы стараемся згодна з узростам зацікавіць дзяцей, і яны з задавальненнем ідуць зарабіць капейку.

У самой жа школе кожнае лета шчыруе вытворчая брыгада па рамонце мэблі на чале з настаўнікам тэхнічнай працы Андрэем Вайтовічам, сельскагаспадарчая брыгада на прыбіранні і добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, валанцёрскі атрад “Рукі дапамогі”.

— А яшчэ ў летні перыяд у нас працуюць камп’ютарны клас, спартыўная пляцоўка, арганізоўваюцца дзве змены школьнага лагера з дзённым знаходжаннем “Факел” для навучэнцаў 1—9 класаў. Акрамя гэтага, у раёне будуць дзейнічаць лагер для адораных дзяцей “Інтэлектуал” і ваенна-патрыятычны лагер “Патрыёт”. У іх з задавальненнем запісаліся нашы вучні. Увогуле, мы штогод прапаноўваем нашым дзецям вялікі выбар відаў дзейнасці, каб зацікавіць і заняць іх, — акцэнтавала ўвагу Т.І.Балдышэўская.

Да таго ж 1-я школа Бялыніч актыўна рыхтуецца да новага навучальнага сезона. У ёй мяняюць дзверы і вокны, робяць касметычны рамонт усіх кабінетаў, распачалі капітальны рамонт спартыўнай залы, на стадыёне замяняюць пакрыццё бегавой дарожкі.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара