Традыцыі і сучаснасць прафтэхаўцаў

- 11:06Навіны рэгіёнаў

На ўрачысты вечар, прысвечаны 75-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, былі запрошаны не толькі кіраўнікі, супрацоўнікі і ветэраны ўстаноў галіны, але і тыя вядомыя на Гомельшчыне людзі, якія пачыналі свой прафесійны шлях з прафтэхадукацыі як навучэнцы ці як работнікі.

Зараз у Гомельскай вобласці працуюць 32 установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе навучаецца каля 13 тысяч юнакоў і дзяўчат. Кожная ўстанова паспяхова працягвае традыцыі, закладзеныя яшчэ ў савецкую эпоху, і пры гэтым нязменна ідзе ў нагу з часам, выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі навучання моладзі. Штогод са сцен ліцэяў і каледжаў рэгіёна выпускаецца каля 6 тысяч маладых спецыялістаў. Падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў рабочых спецыяльнасцей, якія працуюць ва ўсіх галінах народна-гаспадарчага комплексу, — гэта і ёсць самае вялікае дасягненне прафтэхадукацыі.

Як адзначыў на ўрачыстым мерапрыемстве начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын, цікавасць да рабочых прафесій у Гомельскай вобласці з кожным годам павышаецца. Пра гэта сведчаць вынікі ўступнай кампаніі гэтага года: амаль ва ўсіх каледжах і ліцэях забяспечаны поўны набор, а па шэрагу спецыяльнасцей нават адзначаны конкурс. Самыя папулярныя сярод моладзі прафесіі, звязаныя з аўтатранспартам, гандлем, лёгкай прамысловасцю, ЭВМ і будаўніцтвам. Сёлета асаблівай папулярнасцю ў абітурыентаў карысталіся Гомельскі і Мазырскі медыцынскія каледжы, Жлобінскі металургічны і Гомельскі машынабудаўнічы каледжы, Гомельскі каледж чыгуначнага транспарту і Мазырскі ліцэй геалогіі, у якіх конкурс складаў ад 1,5 да 3 чалавек на месца.
Як правіла, у юбілей прынята падводзіць вынікі і атрымліваць падарункі, зразумела, і ў гэты святочны дзень для прафтэхаўцаў Гомельшчыны не абышлося без узнагарод і падзяк. Нагруднымі знакамі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны майстар вытворчага навучання Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання Сяргей Мікалаевіч Ярэц, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Калінкавіцкага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Канстанцін Іванавіч Іванін, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Людміла Фёдараўна Баравік. Многія атрымалі ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, а таксама граматы і падзякі мясцовых органаў улады.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.