Традыцыі, інавацыі, багаты вопыт

Учора ў сталічным “БелЭкспа” адкрылася ХІХ Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая аб’яднала традыцыі, інавацыі, ініцыятывы, творчасць, багаты вопыт — усё тое, што робіць сістэму адукацыі адметнай, дазваляе ёй паспяхова развівацца. Выстава праводзіцца ў Год народнага адзінства, таму невыпадкова яе дэвізам сталі наступныя словы: “Беларусь — адзінства памяці, часу і лёсу”.

Традыцыйная рэспубліканская выстава з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для рэалізацыі шматлікіх праектаў, якія сумяшчаюць яркае праяўленне творчасці і крэатыву, адыгрываюць вялікую ролю ў справе фарміравання ў дзяцей і моладзі грамадзянскай адказнасці і патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці. Выстава паказвае, наколькі шматгранны і цікавы прадстаўлены на ёй вопыт. Кожны настаўнік, выкладчык — гэта стваральнік новых педагагічных ідэй, якія ён укараняе ў жыццё і практыку падчас адукацыйнага працэсу. З гэтымі ідэямі якраз і могуць азнаёміцца ўдзельнікі і наведвальнікі выставы.

— У нацыянальнай сістэме адукацыі ёсць добрая традыцыя праводзіць выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Гэта абумоўлена асаблівасцямі педагагічнай прафесіі і імкненнем педагогаў да пошуку новых творчых форм работы з мэтай шырокага прымянення перадавога вопыту ў штодзённай практыцы. Абмен педагагічным вопытам садзейнічае не толькі росту прафесійнага майстэрства, але і павышэнню эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу. Традыцыйна на выставе прадстаўлены вынікі шматграннай дзейнасці педагагічных калектываў, сацыяльна значныя праекты навучэнцаў і студэнтаў. Іх тэматыка ў гэтым годзе асабліва актуальная, паколькі прысвечана Году народнага адзінства. Сёння таксама будзе дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Дзеці незалежнай Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”. Яе мэта — фарміраванне ў дзяцей і моладзі пачуцця гордасці і павагі да Радзімы, грамадзянскасці і патрыятызму, захавання памяці пра подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей выставы міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Выхаваўчая работа з’яўляецца шматграннай, і ў ёй закладзены вялізны сацыяльны патэнцыял, пачынаючы ад выкладання кожнага вучэбнага прадмета і заканчваючы дзейнасцю самакіравання, мерапрыемствамі вольнага часу і праектнай работай навучэнцаў. Знаёмства з прадстаўленымі матэрыяламі, па словах міністра,
дазволіць кожнаму ўдзельніку і наведвальніку выставы атрымаць каштоўную інфармацыю пра рознабаковыя формы і метады арганізацыі такой работы, а таксама яшчэ раз пераканацца ў тым, што выхаванне — сфера творчая, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення, што яе навуковае і метадычнае суправаджэнне ажыццяўляюць таленавітыя педагогі.

Менавіта такія педагогі і дзеляцца ў гэтыя хвіліны (выстава, нагадаем, праходзіць з 14 па 16 красавіка) сваім вопытам і дасягненнямі. Значная ўвага ў рабоце выставы ўдзелена грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Запланаваны старт рэспубліканскай культурна-творчай акцыі “Пасланне ветэрану”. Школьнікі з усіх рэгіёнаў прадставілі больш за 5 тысяч выяўленчых, паэтычных, празаічных і відэаработ. Гэта своеасаблівыя паштоўкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні Дня Перамогі ўсе ветэраны атрымаюць віншаванні і словы падзякі ад маладога пакалення. Яшчэ адзін значны праект, які Міністэрства адукацыі рэалізуе сумесна з Дабрачынным фондам імя Аляксея Талая, — рэспубліканскі конкурс эсэ “Жывая памяць удзячных пакаленняў”. На конкурс паступіла ўжо 1539 работ. Лепшыя будуць надрукаваны ў калекцыйным выданні. З імі таксама можна азнаёміцца падчас работы выставы.

Адукацыя — стратэгічны рэсурс дзяржавы, і сёлетняя выстава з’яўляецца выдатным таго пацвярджэннем. На працягу трох дзён усіх чакае насычаная праграма: семінары, прэзентацыі стартапаў, адукацыйныя форумы, майстар-класы, круглыя сталы, інтэрактыўныя пляцоўкі, арт-фэсты, дзелавыя гульні, метадычныя дыспуты, экскурсіі, гульнявыя дзіцячыя медыяпляцоўкі. Больш падрабязна пра работу выставы чытайце ў нумары “Настаўніцкай газеты” за 20 красавіка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.