Традыцыі конкурснага лідарства. У чым сакрэт медальнай падрыхтоўкі навучэнцаў аднаго з каледжаў Гродна

- 11:10Гродненская область, Знак качества, Новости

З 2016 года каманда Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій утрымлівае лідарства ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, дзе заяўляе аб сваім удзеле. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Адзін з апошніх яркіх вынікаў — перамогі ў дзявятым міжнародным хлебным салоне. Летась у лістападзе ён праходзіў у Мінску, і толькі адтуль камандай у 11 чалавек мы прывезлі 10 медалёў. Прычым наш трэцякурснік Ула­дзіслаў Дзежыц упершыню ў гісторыі конкурсу быў удастоены адразу дзвюх узнагарод гран-пры. Значнасць іх яшчэ і ў тым, што гэта вынік барацьбы не толькі сярод навучэнцаў. У адным шэрагу за гран-пры змагаліся і юніёры, і прафесіяналы, — расстаўляе важныя акцэнты загадчык аддзялення грамадскага харчавання каледжа Алена Горбач.

Алена Горбач каля кандытарскага шэдэўра

Кожны год усё новыя перамогі і дасягненні папаўняюць галерэю славы ўстановы адукацыі і натхняюць на заваяванне новых вяршынь педагогаў і навучэнцаў. Сёння дыпломы пераможцаў ледзь змяшчаюцца на трох прэзентацыйных стэндах па пяць радоў у кожным. І ўзяўшы ў рукі любую з узнагарод, Алена ­Сяргееўна прыгадвае цікавыя гісторыі стварэння кулінарных і кандытарскіх шэдэўраў.

Апошнія ў выставачнай зале каледжа вельмі сімвалічна стаяць адразу насупраць заваяваных узнагарод. І паверыць у тое, што выкананы яны з ядомых матэрыялаў, вельмі няпроста.

— На дэкарыраванне вось гэтага робата спатрэбілася каля дзесяці кілаграмаў масцікі і тры кілаграмы шакаладу, а гэтыя паўметровыя паруснікі выкананы толькі з выкарыстаннем сыру і лаваша, — працягвае здзіўляць суразмоўніца.

За кожным з такіх прыкладаў — велізарная праца, якая не ўкладваецца ў рамкі працоўнага і вучэбнага часу для педагогаў і навучэнцаў. Але такая работа заўсёды яскрава прэзентуе каледж.

— Напрыклад, удзельнічаючы летась у каравай-фэсце “Бацькава булка” ў Свіслачы, раз-пораз адказвалі на пытанні гасцей, на якіх умовах прымаем навучэнцаў і якія прапануем для іх магчымасці. Зрэшты, аб магчымасцях даўно гаворым не словам, а справай. Толькі з брэндавага для нашага рэгіёна каравай-фэсту пры­ехалі з чатырма медалямі. Асабліва ўразілі гасцей наш шмат’ярусны шчодра дэкарыраваны каравай і макет Старога замка ў Гродне з масцікі, — успамінае Алена Горбач.

Творчаму развіццю навучэнцаў сёння садзейнічаюць прыклады дарослых, якія імкнуцца да новых поспехаў і будуюць з імі штодзённы дыялог у рамках вучэбных заняткаў. З ужо згаданага міжнароднага хлебнага салона ў Мінску, напрыклад, з “золатам” у Гродна вярнулася і майстар вытворчага навучання Валерыя Данчанка. Што цікава, з установай адукацыі яе звязваюць і гады навучання тут.

Яшчэ адзін кампанент поспеху — магчымасць працаваць і праяўляць сябе ў сучасных умовах цэнтра кампетэнцый каледжа, дзе кожны год праходзіць навучанне каля 180 чалавек з іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Ідучы ў нагу з часам, мы імкнёмся рыхтаваць спецыялістаў, якія прытрымліваюцца такога ж прынцыпу. Некалькі разоў на год на базе цэнтра кампетэнцый арганізуем для навучэнцаў інфарматыўныя майстар-класы ад паспяховых прадстаўнікоў выбранай нашымі дзецьмі прафесіі кухара. Гэта, як правіла, шэфы сталічных рэстаранаў, якім сапраўды ёсць чым падзяліцца, — дадае Алена Горбач.

Яна звяртае ўвагу і на тое, што кожны поспех — вынік калектыўнай працы. Так, кіраўніцтва каледжа і, у прыватнасці, дырэктар Алег Пятровіч Сяргей любую творчую ініцыятыву падтрымлівае з пункту гледжання забеспячэння неабходнымі рэсурсамі.

— Калі размова ідзе аб конкурсах кулінарнага майстэрства, мы гаворым аб набыцці кілаграмаў якаснага шакаладу, масцікі, ізамальту і не толькі. А з якой адказнасцю нашы майстры рыхтуюць корабы для транспарціроўкі далікатных конкурсных работ, вышыня якіх часам дасягае паўтара метра, — засяроджвае ўвагу Алена Горбач.

Кожны робіць свой уклад і цёплымі словамі падтрымкі, і шчырымі хваляваннямі за канкурсантаў у так званы дзень ікс. Увогуле, узаемадзеянне з навучэнцамі каледжа будуецца па прынцыпе сямейнасці — з цеплынёй і ўвагай.

— У нас ёсць прыклады яркага конкурснага лідарства і сярод навучэнцаў, якія пазбаўлены бацькоўскага клопату, і ўдзелу ў іх жыцці самых родных людзей. Перамогі для такіх дзяцей маюць яшчэ большае значэнне. Як і для нас. Бо яны гавораць аб тым, што ў выбраную прафесію гэтыя маладыя лю­дзі ўвойдуць упэўненым крокам, з рашучым жаданнем развівацца ў ёй і дабівацца новых поспехаў, — дадае суразмоўніца.

Пра многае ва ўзаемадзеянні на ўзроўні “педкалектыў — навучэнцы” гаворыць яшчэ адзін факт. Абсалютная большасць майстроў вытворчага навучання тут — выпускнікі каледжа. І толькі сёлета іх каманду папоўняць адразу пяць выпускнікоў другой ступені навучання ўстановы адукацыі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара