Традыцыі ў сучаснасці

Гісторыя камсамола — жывы дакумент. Перагортваючы яго старонкі, я адчуваю дыханне эпохі, бачу сувязь часу і пакаленняў. Кожнае пакаленне ўнесла ў гісторыю сваю непаўторнасць, біяграфію, мужнасць.

Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Мне ўжо 55 гадоў, з іх 30 аддала настаўніцкай працы. Цяпер выкладаю беларускую мову і літаратуру ва Уселюбскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна. Добра памятаю, як вучаніцай узначальвала камсамольскую арганізацыю ў Бердаўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна, арганізоўвала работу цімураўскіх атрадаў, праводзіла пасяджэнні камсамольскага актыву, вырашала важныя пытанні. Выступала разам са сваімі аднакласнікамі з канцэртамі для жывёлаводаў у “чырвоным” кутку, спявала камсамольскія песні ля вогнішча ў турыстычных паходах.

Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Быць камсамольцам лічылася вялікім гонарам. Не кожны мог стаць членам УЛКСМ: трэба было быць актыўным, добра вучыцца і ўзорна паводзіць сябе, дапамагаць у вучобе меншым, паважаць старэйшых, дапамагаць адзінокім і пажылым. І абавязкова — ведаць Статут.

Прыём у члены УЛКСМ у мой час ажыццяўляўся ў Навагрудскім райкаме ЛКСМ. Помню, як у кастрычніку 1977 года не спала начамі, вучыла Статут і перажывала, што калі чаго-небудзь не буду ведаць, будзе вельмі сорамна. Прынялі! Ура! Я хадзіла па вёсцы і ўсім малодшым сяброўкам з гонарам паказвала камсамольскі білет. Дарэчы, ён захаваўся да цяперашніх дзён. Я перадала яго ў гісторыка-краязнаўчы музей нашай установы разам з камсамольскім значком, і цяпер яны ў экспазіцыі “Гісторыя школы ў тварах і лічбах”.

Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Прыемна назіраць і ганарыцца сучаснай моладдзю. У іх шмат цікавых спраў. Значны складнік выхаваўчай работы ўстановы сёння — дзіцячы і маладзёжны рух і вучнёўскае самакіраванне. Работа пярвічнай агранізацыі грамадскага аб’яднання БРСМ установы ладзіцца па сістэме “ШАНС”: сістэма школьных акцый, надзейнасці і самастойнасці. Акцыі накіраваны на развіццё ў вучняў самастойнасці, адказнасці, надзейнасці, пачуцця калектывізму, творчых здольнасцей. Асноўныя кірункі дзейнасці БРСМ установы — грамадзянска-патрыятычны (“Я — патрыёт”), маральны (“Цеплыня душы”), спартыўна-аздараўленчы. На працягу года праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дню абаронцаў Айчыны, Дню вызвалення Навагрудка і Навагрудскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дню чарнобыльскай трагедыі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 9 Мая і інш.

Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Члены пярвічнай арганізацыі БРСМ бяруць актыўны ўдзел у маладзёжных суботніках па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, удзельнічаюць у акцыях “Ураджай года”, “Чысты бераг”, “Чысты лес”, “За любімую Беларусь”. У рамках акцыі “Абеліск” члены пярвічнай арганізацыі БРСМ добраўпарадкоўваюць помнікі і магілы герояў вайны. На працягу года ладзяцца працоўныя акцыі “Моладзь ветэранам”, “Ветэран жыве побач”.Фота да матэрыялу: Традыцыі ў сучаснасці.Для многіх пакаленняў юнакоў і дзяўчат камсамол стаў школай жыцця і спасціжэння сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, набыцця духоўнасці і адказнага стаўлення да справы. І сёння ў краіне працягваецца пераемнасць маладзёжнага руху — БРСМ захоўвае традыцыі беларускага камсамола. Гэта арганізацыя, якая і далей будзе аб’ядноўваць моладзь, неабыякавую да лёсу краіны і народа. А мы, пакаленне камсамольцаў, сваім жыццёвым вопытам будзем накіроўваць іх і натхняць на добрыя справы.

Алена КЛІМЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.