Традыцыйны абласны конкурс па пачатковым тэхнічным мадэляванні

- 12:29Навіны рэгіёнаў

Вялікаму караблю — вялікае плаванне, але вытокі вялікага заўсёды ў малым. І хто ведае, можа, сённяшнія канкурсанты заўтра будуць у ліку пакарыцеляў воднай і паветранай прасторы. А, магчыма, і касмічнай… У творчым спаборніцтве, што адбывалася ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі, прынялі ўдзел 32 фіналісты — навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі Паўночнага рэгіёна.

Конкурс складаўся з трох тураў у дзвюх узроставых групах. У першым туры трэба было выканаць заданні на выяўленне ўзроўню графічнай падрыхтоўкі. Другі атрымаўся ці не самым цікавым і відовішчным: у якасці хатняга задання арганізатары прапанавалі ўдзельнікам вырабіць суднамадэль па ўласным праекце, ацэньваліся — на практыцы! — устойлівасць на вадзе, плывучасць і, канечне ж, арыгінальнасць задумы. Не менш напружаным, эмацыянальна насычаным быў трэці тур: аб’ёмнае мадэляванне з паперы па прапанаваных шаблонах.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў у камандным заліку 1-е месца занялі навучэнцы Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Апошнім часам відавочна актывізавалася работа па развіцці тэхнічнай творчасці ў Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Палачане склалі дастойную канкурэнцыю прызнаным лідарам і, як вынік, занялі ганаровае 2-е месца. 3-е — у каманды Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.

У асабістым заліку сярод навучэнцаў малодшай узроставай групы 1-е месца ў Настассі Касцюкевіч (Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі, гурток канструявання і паперапластыкі “Арыландыя”, кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Алена Станкевіч). 2-е месца журы аддало Святаславу Шаранду (Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, аб’яднанне па інтарэсах “Суднамадэлізм”, кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Міхаіл Андрэеў), 3-е — Дзмітрыю Пазняку (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка, аб’яднанне па інтарэсах “Школа ЮТ і К”, кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Святлана Кубачава). Лідарам у старэйшай узроставай групе стаў яшчэ адзін выхаванец Міхаіла Андрэева — Іван Андроненка (Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, аб’яднанне па інтарэсах “Суднамадэлізм”). На 2-е месца выйшла прадстаўніца абласнога Палаца дзяцей і моладзі Аліна Івахненка (аб’яднанне па інтарэсах “Тэхнамаг”, кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Аляксандра Лазукова). Замыкае пераможную тройку Аляксей Мажэйка (Браслаўскі цэнтр дзяцей і моладзі, аб’яднанне па інтарэсах “Майстэрня эксперыментаў”, кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі Міхаіл Ставіцкі).

— Калі гаварыць пра тэхнічныя напрамкі, то практычна ўся творчая дзейнасць пачынаецца менавіта з конкурсу пачаткова-тэхнічнага мадэлявання, — адзначыў начальнік аддзела тэхнічнай творчасці намеснік дырэктара абласнога Палаца дзяцей і моладзі Аляксандр Грачэнка. — Галоўнай мэтай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя і развіццё тэхнічнай творчасці сярод навучэнцаў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, актывізацыя дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю. Прыемна, што з кожным годам павялічваецца колькасць удзельнікаў на абласным этапе, прыкметна расце ўзровень іх падрыхтоўкі. Пачатковае тэхнічнае мадэляванне дазваляе атрымаць шэраг каштоўных навыкаў, у тым ліку работу з рознымі матэрыяламі. Гэта выдатны задзел, каб потым павышаць сваё майстэрства ў гуртках судна-, авія-, аўта- і ракетамадэлявання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.