Традыцыя дае вынік, інавацыя — імідж

Сёння мы прэзентуем новую рубрыку — “Суботняя планёрка”, дзе будзем гаварыць пра традыцыі, праблемы, адметнасці, напрацоўкі і перспектывы рэгіянальнай адукацыі. Галоўнымі героямі рубрыкі стануць начальнікі раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Гэта будуць невялічкія суботнія інтэрв’ю (такія кароткія працоўныя размовы), у якіх кіраўнікі падзеляцца адукацыйнымі і выхаваўчымі здабыткамі сваіх рэгіёнаў (вучнёўскімі і педагагічнымі перамогамі, удалымі інавацыйнымі праектамі, апошнімі дасягненнямі), а таксама тым набалелым, што перашкаджае ці, наадварот, спрыяе (вельмі часта праблема становіцца рухавіком прагрэсу) развіццю адукацыйных працэсаў у рэгіёне. Зразумела, інтэрв’ю будуць розныя, але ўсе яны будуць аб’яднаны адной ідэяй — паказаць устойлівасць і мабільнасць сучаснай рэгіянальнай адукацыі, на дзейнасці якой грунтуецца і развіваецца педагагічная практыка і навука.

Сённяшні наш суразмоўца Вацлаў Іванавіч Матусевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта.

— Вацлаў Іванавіч, чым жыве адукацыя Дзяржыншчыны сёння? Які настрой пануе ў вашай адукацыйнай суполцы?
— Сістэма адукацыі Дзяржынскага раёна (а яна ўключае 24 установы агульнай сярэдняй адукацыі — 6325 навучэнцаў, 16 устаноў дашкольнай адукацыі — 2860 выхаванцаў; у сістэме працуе 2230 работнікаў, з іх педагогаў — 1260) вырашае штодзённыя задачы, працуе стабільна і з думкай аб перспектыве. Разумеем, што ад нашай работы залежыць самаадчуванне практычна кожнай сям’і ў раёне, уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, адносіны людзей да дзяржавы, улады. Імкнёмся, каб адукацыя адпавядала патрэбам часу, дзяржавы, грамадства і асобы навучэнца. У нас ёсць ідэйны стрыжань — канцэптуальныя арыенціры развіцця адукацыі ў Дзяржынскім раёне на 2011—2015 гады, у аснове якіх — педагогіка падтрымкі асобы дзіцяці. Акрамя таго, імкнёмся быць традыцыйнымі і інавацыйнымі: традыцыя дае нам вынік, інавацыя — імідж.
На гэтым тыдні дэлегацыя кіраўнікоў раёна наведала Вілейскі раён і азнаёмілася з вопытам работы ўстаноў гэтага раёна, каб больш зразумець, ацаніць свой стан. Адбыўся вытворчы савет кіраўнікоў. Галоўнае пытанне абмеркавання — аналіз адукацыйнага працэсу кіраўнікамі ўстаноў. Правільна арганізаванае, кампетэнтнае, інтэлігентнае, з павагай да працы педагога і клопатам аб развіцці асобы кожнага навучэнца кіраванне — аснова работы ўстановы ў рэжыме развіцця.
14 вучняў прынялі ўдзел у Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Навуковыя памкненні-2014”. А сёння, у суботу, завяршаецца другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У раённых алімпіядах прымуць удзел 483 вучні. Алімпіяда дае нам інфармацыю пра стан якасці адукацыі, аб развіцці інтэлектуальнай сферы навучэнцаў. Аналізуем (у адносінах да ўстаноў) аптымальны вынік, дынаміку, рэалізацыю магчымасцей удзелу. У раёне даўно пераадолены погляд, што дзеці няздольныя, а прычына поспеху бачыцца ў асобе настаўніка.
На гэтым тыдні завяршылася комплекснае вывучэнне якасці адукацыі ў Баравікоўскай сярэдняй школе. Перад гэтым спецыялістамі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра былі праведзены дыягнастычныя вымярэнні псіхолага-педагагічных паказчыкаў дзейнасці школы. 27 лістапада адбыўся мой выязны прыём грамадзян па пытаннях навучання і выхавання дзяцей у мікрараёне.
Шмат увагі ўдзяляецца фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Райвыканкамам пастаўлена задача закрыць даўгі (3 млрд рублёў). Ствараюцца магчымасці для выкарыстання ва ўстановах інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій: набыта 106 камп’ютараў, 18 ВКІ-тэлевізараў. На парадку дня — завяршэнне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй ясляў-сада № 1 Фаніпаля на 96 месцаў.
Таксама на гэтым тыдні ў раёне праводзіліся комплексныя вучэнні па абароне насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароне. 27 лістапада адбылася адпрацоўка практычнай уводнай — вызваленне аўтобуса з дзецьмі, які ажыццяўляе падвоз школьнікаў у Станькаўскую сярэднюю школу, са снежнага палону. Адпрацавана ва ўзаемадзеянні са службамі раёна эвакуацыя дзяцей і буксіроўка аўтобуса, што важна, бо 11 аўтобусаў кожную раніцу падвозяць 554 навучэнцаў.

— Бачу, што ў вас і вашых калег настрой працоўны. А што ў планах на будучыню?
— З асаблівым пачуццём рыхтуемся да традыцыйнага фестывалю творчасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Запалі сваю зорку”. У фестывалі 6 снежня бягучага года прымуць удзел бацькі, школьныя сябры такіх дзетак. Будуць і ганаровыя госці, сярод іх — Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, рэдактар часопіса “Вясёлка”, заслужаны дзіцячы пісьменнік; прадстаўнікі барысаўскай футбольнай каманды “БАТЭ” (гэта шэфы нашага ЦКРНіР).
Дэлегацыя работнікаў дашкольных устаноў раёна ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва з Ціхвінскім раёнам Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі 5 снежня 2014 года прыме ўдзел ва Усерасійскай навукова-практычнай канферэнцыі “Кампетэнтны педагог. Праблемы адукацыі ХХІ стагоддзя”, якая адбудзецца ў Баксітагорскім інстытуце Ленінградскай вобласці.
А затым — Новы год, Каляды. У раёне падтрымана рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”: навагодняе свята для дзяцей, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, спорце, мастацтве, грамадска карыснай працы, адбудзецца 29 снежня. Будуць адзначаны 20 пераможцаў раённага конкурсу “Вучань года Дзяржынскага раёна-2014” (конкурс праводзіцца трэці раз, уручаецца пасведчанне, падарунак). Апошні нумар раённай газеты “Узвышша” ў 2014 годзе будзе прысвечаны гэтым дзецям. А першы нумар гэтай газеты ў 2015 годзе будзе прысвечаны педагогам, бо будуць падведзены вынікі традыцыйнага конкурсу “Педагог года Дзяржынскага раёна-2014”, які праводзіцца 12-ты раз. Будзе адзначана больш як 50 педагогаў у розных намінацыях, усе яны атрымаюць пасведчанні на ўрачыстай цырымоніі 6 студзеня 2015 года.

— Вацлаў Іванавіч, не магу не запытацца і пра праблемы, якія вас хвалююць сёння.
— Я быў удзельнікам рабочай групы, створанай Саветам Міністраў для ажыццяўлення комплекснага аналізу стану сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь па праблемных пытаннях у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Працуючы ў гэтай рабочай групе, асэнсоўваеш усе праблемы, іх разуменне ў Савеце Міністраў, Міністэрстве адукацыі. І ад гэтага асэнсавання становіцца трывожна.
А якія перамены чакаюць сістэму? Ці парушаць яны аксіёмы арганізацыі адукацыі — аб’ектыўная ацэнка вучэбных дасягненняў навучэнцаў, прафесійная ацэнка работы педагога ў сістэме і матэрыяльнае стымуляванне яго працы, павышэнне статусу кіраўніка ўстановы.
Упэўнены, што сярэдняя аплата працы работніка ў сістэме адукацыі павінна быць не меншай за сярэднюю зарплату ў рэгіёне. Тады будзе менш кадравых праблем, будзе ўстойлівае функцыянаванне і развіццё адукацыі.

— Разам з тым ваш рэгіён якраз і вызначаецца ўстойлівым функцыянаваннем і развіццём адукацыі, таму закончыць нашу гаворку хочацца якраз на станоўчай ноце. Чаго вы паспелі дасягнуць за гэтыя восеньскія месяцы?
— У нас ёсць іміджавыя дасягненні вучняў, педагогаў, устаноў. Святлана Рыгораўна Пузіноўская, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, стала фіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”. Мы ганарымся перамогай каманды юных матэматыкаў гімназіі Дзяржынска на V абласным турніры (дыплом І ступені), першым месцам вучня сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Кірыла Фралова на абласной алімпіядзе па асновах фінансавай граматнасці і інш.
Але важкімі з’яўляюцца і масавыя паказчыкі, якія характарызуюць сістэму. Гэта адсутнасць злачынстваў сярод школьнікаў; дастаткова актыўны ўдзел навучэнцаў у рабоце бізнес-кампаній; аўтарытэт, значнасць для вучняў і настаўнікаў інтэлектуальных конкурсаў, задаволенасць бацькоў работай устаноў; больш як 50% педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій. Важным з’яўляецца ўдзел устаноў у эксперыментальных і інавацыйных праектах, якія дапамогуць выпрацаваць новыя падыходы, сучасную практыку. Так, гімназія Дзяржынска ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі вучняў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, гімназія Фаніпаля — у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”.

— Вацлаў Іванавіч, вялікі вам дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.