Традыцыя развіцця

- 10:47Людзі адукацыі

Гімназія № 1 імя Яўхіма Карскага Гродна па выніках работы за мінулы год прызнана лепшай гарадской навучальнай установай агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Да гэтага высокага выніку гімназія ішла 27 гадоў, з першага дня свайго існавання. З 2009 года па гэтым шляху калектыў вучняў і педагогаў ідзе пад кіраўніцтвам дырэктара Барыса Аляксандравіча Сяброўскага.

Атрымлiваючы гэтую пасаду, Барыс Аляксандравіч меркаваў, что будзе працягваць выкладчыцкую дзейнасць як настаўнік фізікі. І зараз робіць гэта вельмі паспяхова: яго вучні неаднаразовыя пераможцы алімпіяд, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. Медалём Францыска Скарыны Сяброўскі быў узнагароджаны за асаблівыя заслугі ў галіне адукацыі.

— Толькі ў класе, у зносінах з вучнямі можна адчуць іх патрэбы, зразумець,чым жыве моладзь. Не вучыць дзяцей, з майго пункту гледжання, немагчыма, калі ты любіш сваю работу. І хоць выкладанне прадмета аднімае шмат часу — і на падрыхтоўку да ўрока, знаёмства з новымі метадычнымі напрацоўкамі, асабліва на работу з алімпіяднікамі, адмаўляцца ад педагагічнай дзейнасці не магу і не хачу, — гаворыць Сяброўскі. — Для мяне правядзенне ўрока бывае часам як свята, калі пераключаешся са складаных адміністрацыйных абавязкаў на не менш складаны, але вельмі любімы працэс навучання дзяцей.

Любоў да фізікі — са школы. У сярэдняй школе № 16 Гродна, дзе вучыўся, выкладанне фізікі было на вельмі высокім узроўні, меліся два добра абсталяваныя кабінеты. Педагогі Міхаіл Казлоўскі і Міхаіл Стрэльнікаў далі добрыя веды, і Барыс без цяжкасцей паступіў на фізічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працаваў настаўнікам фізікі ў 32-й гродзенскай школе, потым — у гімназіі № 1.

Стаўшы дырэктарам гімназіі, як сам адзначае, курс папярэдніх яе кіраўнікоў не памяняў.

— 56% сённяшняга калектыву — гэта людзі, якія пачалі працаваць у гімназіі з першым дырэктарам Рэгінай Іванаўнай Таран, — расказвае Б.А.Сяброўскі. — Яна стварала калектыў творчых аднадумцаў. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі па інавацыйных навучальных установах, якой і была наша гімназія з першых дзён існавання, перайшла на работу ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Рэгіна Іванаўна не парывае сувязей з калектывам, з’яўляецца кіраўніком філіяла кафедры педагогікі ГрДУ ў гімназіі, з яе ўдзелам ажыццяўляецца шмат нашых праектаў.

Гэты імпульс інавацыйнага развіцця паспрыяў рэалізацыі шэрага рэспубліканскіх праектаў. І цяпер гімназія — пляцоўка для рэалізацыі інавацыйнага рэспубліканскага праекта па полікультурным выхаванні навучэнцаў.

Потым упэўненым рухам гiмназіі наперад паспяхова кіравала Валянціна Сцяпанаўна Макарава.

Барыс Аляксандравіч атрымаў таксама добрую школу кіраўніцтва: 7 гадоў быў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У гэты час прайшоў перападрыхтоўку па спецыялізацыі “Менеджмент у сістэме адукацыі”. А на пытанне аб тым, якім павінен сёння быць дырэктар навучальнай установы, адказвае, што ідэальных кіраўнікоў не бывае, а яго прынцыпы — паважлівыя адносіны да людзей, стварэнне ўмоў для іх прафесійнага росту і раскрыцця педагагічнага майстэрства.

Прынцып жыцця гімназіі — усебаковае развіццё кожнага вучня і настаўніка праз дадатковую адукацыю. Кожны вучань займаецца тут творчай, спартыўнай, даследчай дзейнасцю, а кожны настаўнік таксама рэалізоўвае дадатковы адукацыйны кампанент — удзельнічае ў праектах, эксперыментах, конкурсах, канферэнцыях. Так, з 2 класа дзеці маюць магчымасць атрымліваць эстэтычную адукацыю: іграюць на музычных інструментах, займаюцца мастацкай творчасцю і спевамі. Усе вучні 2—3 класаў для развіцця логікі, аналізу вучацца гуляць у шахматы. У гімназіі створаны тэатр “Антэй”, медыяцэнтр і экацэнтр, каманда КВЗ, працуе кабінет Канфуцыя. Тут праходзіць абласная навукова-практычная канферэнцыя па праблемах рэгіяналістыкі і краязнаўства “Румлёўскія чытанні”. Па рашэнні папячыцельскага савета ў гімназіі заснавана і свая стыпендыя — акадэміка Я.Ф.Карскага, імя якога гімназія носіць з 2005 года. Стыпендыяй адзначаюцца выдатнікі і пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў прадметных алімпіяд. А пераможцаў такіх нямала — на працягу двух апошніх гадоў навучэнцы гімназіі лідзіруюць у Гродзенскай вобласці па колькасці перамог на прадметных алімпіядах усіх узроўняў. Сярэдні бал навучання 8,74. Больш за 70% выпускнікоў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэтную форму навучання. Амаль штогод сярод выпускнікоў гімназіі ёсць уладальнікі 100-бальных сертыфікатаў на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Значнае месца займае даследчая дзейнасць і міжнароднае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Літвы, Расіі, Польшчы. З 2017 года геаграфія міжнародных адукацыйных праектаў пашырылася да Казахстана. За апошнія гады ў гімназіі было рэалізавана шэсць міжнародных праектаў.

У 2013 годзе гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага была прызнана брэндам сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.

— Гонар за гімназію і яе дасягненні, агульная радасць ад перамог, жаданне і прага заўтра зрабіць больш і лепш, чым сёння — такая атмасфера склалася ў калектыве з першых дзён і дапамагае развівацца, быць у пастаянным пошуку, — гаворыць Барыс Аляксандравіч. — Мне падабаюцца кадры, якія прыйшлі працаваць у гімназію ў апошнія гады. Да нас вяртаюцца нашы выпускнікі, працягваюць гэтую традыцыю развіцця.

Што тычыцца адукацыі настаўнікаў, то гімназія вельмі актыўна адпраўляе іх на розныя курсы павышэння кваліфікацыі і аплачвае іх. І зарабляе на гэта грошы. Толькі за студзень 2018 года пазабюджэт даў 19 625 рублёў. Даход атрымліваюць ад аказання спартыўных і аздараўленчых паслуг (у гімназіі ёсць басейн), рыхтуюць вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, навучаюць замежным мовам.

Дасягнута вельмі адказная вышыня. А што далей?

— Жыццё і здароўе дзяцей заўсёды былі ў цэнтры ўвагі нашага калектыву. Спорт займае важнае месца ў выхаванні здаровага ладу жыцця нашых вучняў. У найбліжэй-шых планах — паляпшэнне спартыўнай базы гімназіі: мадэрнізацыя стадыёна, набыццё спартыўнага інвентару, — расказвае дырэктар. — Гімназія рухаецца наперад, мы стараемся актыўна ўключаць у сваю работу здабыткі новага. Шмат зроблена ў напрамку электроннай школы: электронны журнал/дзённік, электронная аплата харчавання навучэнцаў і шэрага адукацыйных паслуг. Дружны калектыў аднадумцаў — педагогаў, вучняў і іх бацькоў — упэўнена глядзіць наперад і гатовы вырашаць новыя задачы, якія ставіць перад намі жыццё.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.