Траекторыя развіцця вызначана

Тэмай жнівеньскага форуму педагагічных работнікаў Мінска сёлета стала “Нацыянальная свядомасць і актыўная грамадзянская пазіцыя, якасная адукацыя і прафесіяналізм — стратэгічныя арыенціры развіцця сталічнай школы”. У ходзе форуму ўдзельнікі далі ацэнку дзейнасці сталічнай сістэмы адукацыі за мінулы навучальны год, вызначылі прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення адукацыйнага працэсу і задачы на новы навучальны год. З дакладам перад сталічнымі педагогамі выступіў міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч.

У зале пасяджэнняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сабралася каля 500 чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, кіраўнікі сталічных навучальных устаноў, педагогі.
— Сталіца заўсёды вызначалася высокім культурным і інтэлектуальным патэнцыялам, які педагогі павінны захаваць і памножыць, таму найважнейшай з задач для педагога ва ўсе часы з’яўляецца якасць адукацыі. Сёння мы назіраем у сістэме адукацыі пераход да новага якаснага ўзроўню, дзе галоўным рэсурсам развіцця становіцца сам чалавек, яго адукаванасць і прафесійная кампетэнтнасць, маральныя і валявыя якасці. У гэтым годзе наша краіна адзначае важную гістарычную дату — 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў наступным — 70-годдзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Наша педагагічная місія — дапамагчы маладому пакаленню больш даведацца пра мінулае, зразумець сучаснасць і рэалізавацца ў будучыні, выхаваць грамадзяніна і патрыёта, — адзначыў, адкрываючы форум, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.
У фае Нацыянальнай бібліятэкі была размешчана выстава адукацыйных праектаў, на якой былі прадстаўлены 6 выставачных модуляў па розных тэмах: “Інавацыі”, “Якасць”, “Прафесіяналізм”, “Гонар”, “Спадчына” і “Традыцыі”. У прыватнасці, у межах модуля “Спадчына” было арганізавана некалькі экспазіцый. Напрыклад, быў прадстаўлены вопыт сталічнай дашкольнай установы адукацыі № 400.
Установа з’яўляецца пераможцай гарадскога фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці “Паклонімся вялікім тым гадам”. Відэаматэ-рыялы, рукапісныя часопісы, калажы, макеты, “Кнігі памяці” — вынікі сумеснай творчасці педагогаў, дзяцей і бацькоў у рамках рэалізацыі праекта “Выхаванне пачуцця гонару за ўклад беларускага народа ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту”.

Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык спыніўся на развіцці ўсіх узроўняў адукацыі. Першага верасня школьны званок прагучыць у 240 сталічных школах. Усе яны да новага навучальнага года гатовы. Акрамя таго, да новага навучальнага года ў сталіцы будзе ўведзена ў строй новая суперсучасная школа на тэрыторыі новага сталічнага комплексу “Маяк Мінска”. А да канца каляндарнага года ў мікрараёне Каменная Горка павінна сустрэць сваіх вучняў новая школа, якая дазволіць разгрузіць суседнія школы.
Упершыню за парты ў гэтым годзе сядзе больш за 19 тысяч юных мінчан. А гэта 807 першых класаў, у тым ліку 6 — інтэграванага навучання, куды прыйдуць дзеці з аўтызмам. Усяго да заняткаў у верасні прыступіць каля 165 тысяч навучэнцаў. Дзіцячыя сады і дашкольныя цэнтры прымуць 91 200 малых.
Плануецца, што праект “Электронная школа” будзе распаўсюджаны на ўсе школы і гімназіі Мінска. Рэалізацыя праекта прадугледжвае ўкараненне анлайн-рашэнняў па прадастаўленні розных інфармацыйных сэрвісаў (электронныя журнал, дзённік, расклад заняткаў і інш.). Гэта створыць аснову для пераходу на электронны дакументаабарот у школах, дазволіць знізіць выдаткі на суправаджэнне лакальных інфармацыйных баз даных. У цяперашні час да праекта далучаны 11 устаноў адукацыі Мінска.
Гаворачы пра педагагічны патэнцыял сталічнай адукацыі, Міхаіл Мірончык адзначыў, што 76% настаўнікаў школ і выхавальнікаў дзіцячых садкоў маюць вышэйшую адукацыю, 57% — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю. Старшыня камітэта па адукацыі падкрэсліў, што сталічныя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў цэлым забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Па даных камітэта, найбольшая колькасць вакансій назіраецца на пасаду выхавальніка ўстаноў дашкольнай адукацыі — 878 і настаўнікаў пачатковай школы — 230. Сёлета ў сталічную сістэму адукацыі накіравана 700 маладых спецыялістаў.
Разам з тым падчас свайго выступлення перад сталічнымі педагогамі міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што слабым месцам у развіцці адукацыі ў Мінску з’яўляецца тое, што сама сістэма, самі ўстановы адукацыі не вельмі актыўна займаюцца падрыхтоўкай кадраў для сябе.
— У мінулым навучальным годзе сталіца парадавала па многіх паказчыках, але галоўнай фігурай у адукацыі па-ранейшаму з’яўляецца педагог. Першачарговая задача ўстаноў адукацыі і кожнага педагога — падрыхтаваць сабе годную змену, — адзначыў міністр.
Сяргей Маскевіч заўважыў, што Мінск не выкарыстоўвае ў поўнай меры патэнцыял сталічных універсітэтаў як у плане падрыхтоўкі новага пакалення педагогаў, так і ў межах работы са здольнымі і матываванымі вучнямі. Традыцыйна мінскія школьнікі лідзіруюць як па выніках алімпіяд, так і цэнтралізаванага тэсціравання, але іх патэнцыял дазваляе дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў.
Акрамя таго, у сваім выступленні міністр звярнуў увагу на неабходнасць і актуальнасць прафілізацыі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У прыватнасці ён адзначыў, што планаванне прафілізацыі патрабуе дэталёвай адпрацоўкі і ўзгодненасці з патрэбамі эканомікі.

Сталічнай адукацыі не хапае ўстаноў з беларускай мовай навучання. У мінулым навучальным годзе ў 148 класах з беларускай мовай навучання ў Мінску займалася толькі 1,6% навучэнцаў.
— За апошнія пяць гадоў гэтыя паказчыкі скараціліся ў паўтара разу. Ёсць факты, якія проста выклікаюць абурэнне. У асобна ўзятых раёнах на працягу трох апошніх гадоў з 16 старшых груп дашкольных устаноў да гэтага года засталася адна, а беларускамоўных класаў у школах і гімназіях зусім няма, — сказаў кіраўнік камітэта па адукацыі.
Разам з тым, па словах Міхаіла Мірончыка, у горадзе пражывае дастатковая колькасць бацькоў, якія жадаюць аддаць дзяцей у беларускамоўныя групы дзіцячых садоў і беларускамоўныя класы, “проста з імі трэба працаваць”. На думку старшыні камітэта, вялікае значэнне ў развіцці беларускамоўных класаў мае пераемнасць, бо калі дзіця ідзе ў беларускамоўны садок, то бацькі павінны быць упэўнены, што яно зможа працягнуць навучанне ў беларускамоўнай школе, каледжы, сістэме вышэйшай адукацыі.
Міхаіл Мірончык адзначыў, што на цяперашні момант у Мінску працуюць пяць гімназій з беларускай мовай навучання: №№ 4, 9, 14, 23 і 28, і, па яго меркаванні, “неабходна развіваць беларускамоўны сегмент у адукацыйнай прасторы горада”. А для гэтага трэба распрацаваць комплексны план мерапрыемстваў, прычым, як сказаў старшыня камітэта па адукацыі, у самай бліжэйшай перспектыве.

У сваім звароце да педагогаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька зрабіў акцэнт на тым, што ў новым навучальным годзе мінскія педагогі павінны больш увагі ўдзяляць захаванню здароўя школьнікаў.
— Дырэктары нашых школ выхаваны так, каб трымаць высокую планку. Сістэма адукацыі Мінска дэманструе нядрэнныя вынікі, але гэта не падстава для самазаспакаення. Калі гаварыць пра праблему ўжывання навучэнцамі школ і студэнтамі наркатычных рэчываў, то мінулы навучальны год быў цяжкім. Мы не павінны дапускаць распаўсюджвання спайсаў і іншых наркатычных рэчываў ва ўстановах адукацыі. Яшчэ адна праблема — пагаршэнне стану здароўя школьнікаў.
Вынікі медыцынскіх аглядаў не могуць не насцярожваць. Прычым медыкі сцвярджаюць, што большасць захворванняў, якія выяўляюцца ў дзяцей, былі набыты падчас навучання. Узнікае пытанне: навошта мы вызвалялі ад урокаў суботу? Шосты школьны дзень павінен быць прысвечаны заняткам спортам і фізкультурай. Усе нашы гарадскія спартыўныя збудаванні павінны быць адкрыты для наведвання школьнікамі. Ствараць умовы для вядзення здаровага актыўнага ладу жыцця вучняў — задача не толькі бацькоў, але і педагагічнага калектыву, — адзначыў Мікалай Ладуцька.
Разам з тым старшыня Мінгарвыканкама звярнуў увагу на той факт, што колькасць першых класаў у сталіцы ў гэтым навучальным годзе павялічыцца. Як станоўчы вынік ён таксама адзначыў тэндэнцыю да напаўнення ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпускнікамі мінскіх школ.
У заключэнне Мікалай Ладуцька выказаў словы ўдзячнасці і падзякі педагогам, якія працуюць у сістэме адукацыі сталіцы. 38 педагогаў былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў. Не засталіся без увагі ветэраны педагагічнай працы і маладыя спецыялісты, якія 1 верасня ўпершыню пераступяць парог свайго класа. Завяршыўся форум канцэртнай праграмай, падрыхтаванай юнымі талентамі горада.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота аўтара.