Траекторыя развіцця

- 9:59На думку эксперта, Суразмоўца, Суразмоўца

Аб падрыхтоўцы педкадраў пры сінхронным уступленні ў сілу Кодэкса аб адукацыі і Агульнадзяржаўнага класіфікатара — рэктар БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар А.І.Жук.

— Аляксандр Іванавіч, якім будзе навучанне будучых бакалаўраў у новых умовах? 

— У нашым універсітэце плануецца навучанне па 13 узбуйненых спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят). Сярод іх дашкольная, пачатковая, гістарычная адукацыя; філалагічная, прыродазнаўчая, фізіка-матэматычная, тэхналагічная адукацыя (усе яны, пачынаючы з філалагічнай, з указаннем прадметных галін), а таксама мастацкая, музычная, сацыяльная і псіхолага-педагагічная адукацыя, псіхалогія, адукацыя ў галіне фізічнай культуры, спецыяльная і інклюзіўная адукацыя. 

Студэнты, якія паспяхова скончаць навучанне на І ступені вышэйшай адукацыі, атрымаюць кваліфікацыю “бакалаўр” і будуць гатовы да работы. У якаснай падрыхтоўцы педагагічных кадраў бакалаўрыят адыгрывае асноўную ролю. Менавіта на гэтым этапе студэнт павінен быць падрыхтаваны да прафесійнай педагагічнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі рознага тыпу і авалодаць усімі кампетэнцыямі, неабходнымі для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, у рамках універсальных кампетэнцый выпускнік бакалаўрыята атрымае навыкі вядзення навукова-педагагічнага даследавання.

У дыядзе “агульная вышэйшая адукацыя — паглыбленая вышэйшая адукацыя”, згодна з прадстаўленымі ўніверсальнымі кампетэнцыямі для першага і другога ўзроўняў, пацверджана іх пераемнасць у змесце навучання, і па функцыях яны таксама пераклікаюцца паміж сабой. Пры апрабацыі вопыту навукова-даследчай дзейнасці ў працэсе падрыхтоўкі магістарскай дысертацыі студэнт можа вызначыць сваю далейшую траекторыю развіцця: займацца  прафесійнай педагагічнай дзейнасцю або навуковымі даследаваннямі ў галіне педагогікі (навучанне ў аспірантуры).

— Бакалаўр — гэта не толькі адпаведная кваліфікацыя, але і магчымасць працягнуць навучанне на больш высокай ступені і атрымаць паглыбленую вышэйшую адукацыю.

— На ІІ ступені вышэйшай адукацыі мы плануем навучанне па 11 спецыяльнасцях з прысваеннем кваліфікацыі “магістр”. Гэта дашкольная, пачатковая, гістарычная, філалагічная, прыродазнаўчая, фізіка-матэматычная, мастацкаэстэтычная, сацыяльная і псіхолага-педагагічная адукацыя, адукацыйны менеджмент, псіхалогія, фізічная культура і спорт. Упершыню ўведзена бесперапынная адукацыйная праграма, якая спалучае абавязковае асваенне агульнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі (4 гады бакалаўрыята і 1 год магістратуры). Яна накіравана на падрыхтоўку па найбольш складаных спецыяльнасцях, якія патрабуюць дадатковых прафесійных кампетэнцый. Сярод педагагічных спецыяльнасцей бесперапынная адукацыйная праграма будзе рэалізоўвацца для падрыхтоўкі спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі. Адукацыйны працэс будзе ажыццяўляцца па спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”.

— Ці будуць новаўвядзенні ва ўступнай кампаніі — 2022? 

—Мы збіраемся павялічыць набор на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, таму што зараз зняты тэрытарыяльныя абмежаванні ў адносінах да месцазнаходжання заказчыкаў кадраў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта значыць, што заказчыкамі могуць быць арганізацыі, якія знаходзяцца ў любых населеных пунктах, у тым ліку і ў Мінску. Пры падрыхтоўцы да сёлетняй уступнай кампаніі БДПУ прапанавана пашырыць пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія без уступных іспытаў паступаюць асобы з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём або дыпломам аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Існуючы спіс мы плануем дапоўніць яшчэ 4 спецыяльнасцямі: “Гісторыя і сусветная мастацкая культура”, “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”, “Біялогія і хімія”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. 

Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.