Трагедыя Чарнобыля закранула ўвесь свет

- 12:30Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Наступствы Чарнобыля да гэтага часу адчуваюцца ў рэгіёне і ва ўсім свеце, заявіў Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун у сваім пасланні ў сувязі з 30-годдзем ядзернай аварыі на ЧАЭС,паведамляе Цэнтр навін ААН.

Пан Гі Мун заклікаў аддаць належнае ліквідатарам наступстваў катастрофы на ЧАЭС і нагадаў аб пацярпелых людзях у Беларусі, Расіі і Украіне. Памяць загінуўшых ушанавалі ўдзельнікі пасяджэння Генасамблеі ААН па Чарнобылі.

Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая адбылася 26 красавіка 1986 года, стала адным з самых сур’ёзных ядзерных інцыдэнтаў у гісторыі чалавецтва, адзначыў кіраўнік ААН. Ён падкрэсліў, што катастрофа прывяла да цяжкіх гуманітарных, экалагічных, сацыяльных і эканамічных наступстваў. Радыеактыўны шлейф пакрыў цэлую паласу паўночнага ўсходу Еўропы.

Паводле слоў Пан Гі Муна, трагедыя Чарнобыля цесна звязана з пытаннямі ядзернай бяспекі. Пасля гэтай катастрофы былі прыняты сур’ёзныя меры па ўмацаванні бяспекі атамных станцый ва ўсім свеце. Кіраўнік ААН падкрэсліў, што трэба прымаць усе неабходныя меры для прадухілення такіх трагедый у будучым.

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адбылася фотавыстава, прымеркаваная да 30-годдзя катастрофы на ЧАЭС.