Трагічныя ўрокі мінулага

Звыш за 3000 навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў і прадстаўнікоў працоўнай моладзі Віцебшчыны аб’яднаў патрыятычны марафон “Аўтацягнік памяці”. 

Першы аўтацягнік адправіўся з Віцебска 14 красавіка, усяго іх плануецца сем — больш за 10 аўтобусаў кожны. Старт адбываецца на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры, дзе праходзіць мітынг-рэквіем і ўдзельнікі ўскладаюць кветкі да Вечнага агню. Арганізатарамі марафону з’яўляюцца Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт і турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва” пры падтрымцы абласнога камітэта БРСМ. 

Маршрут прадугледжвае наведванне знакавых для беларусаў мясцін, сярод якіх — пабудаваны да 60-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” ў Мінскім раёне — адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі фартыфікацыйных ансамбляў, а таксама мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” на месцы знішчанай гітлераўскімі карнікамі ў маі 1943 года ў ходзе аперацыі “Котбус” вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне. У пасляваенны час населены пункт не адрадзіўся. Цэнтральны манумент узведзенага на месцы трагедыі мемарыяла — бронзавая постаць жанчыны з узнятымі ў праклёне рукамі ў праёме стылізаванай брамы, да абламанага канца гарызантальнай перакладзіны якой прымацаваны 3 званы: 2 звоняць, а трэці расколаты як сімвал таго, што на докшыцкай і бягомльскай зямлі ў вайну загінуў кожны трэці жыхар (больш за 20 тысяч чалавек). Непадалёк знаходзіцца бетонны зруб калодзежа, куды гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу, на ім — сімвал абарванага дзяцінства — бронзавая выява прабітага і абпаленага паветранага змея з імёнамі загінуўшых хлопчыкаў і дзяўчынак. На месцы былых сялянскіх сядзіб устаноўлены 22 мемарыяльныя знакі ў выглядзе падмуркаў, над кожным узвышаецца трохпрыступкавы ганак, а на верхніх прыступках — бронзавыя кампазіцыі ў форме языкоў полымя з імёнамі былых гаспадароў. 

Як адзначыла куратар адукацыйных спецпраектаў турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” Алена Паднябеснава, цэнтр актыўна працуе над рэалізацыяй праектаў і праграм у галіне культурна-адукацыйнага і пазнавальнага турызму, накіраваных на вывучэнне падрастаючым пакаленнем культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа, што набыло асаблівую актуальнасць у Год народнага адзінства. Ініцыятыва па арганізацыі аўтацягніка памяці “Сёстры Хатыні” нарадзілася яшчэ ў мінулым годзе, галоўная мэта праекта — наведванне мясцін, звязаных з найвялікшай трагедыяй XX стагоддзя, данясенне да навучэнцаў значнасці гераічнай барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, фарміраванне ўсвядомленага асэнсавання падзей і з’яў ва ўзаемасувязі мінулага, сучаснасці і будучыні. 

— З-за пандэміі давялося адкласці рэалізацыю праекта, але сёлета па просьбе ўстаноў адукацыі мы вярнуліся да яго ідэі, — расказала Алена Генадзьеўна. — Незабыўныя ўражанні ва ўдзельнікаў аўтацягніка выклікала наведванне мемарыяльнага комплексу “Праклён фашызму”. Шунеўку называюць сястрой Хатыні, а на могілках загінуўшых вёсак у хатынскім мемарыяле іх 185 з усёй Беларусі: у кожнай — свая трагічная гісторыя, але аб’ядноўвае іх тое, што з ваенных гадоў яны не былі адноўлены і назаўсёды засталіся ў граніце і бетоне мемарыялаў. Вельмі характэрныя ўдзел і зацікаўленасць у праекце бацькоў: калі яны далучаюцца да работы настаўнікаў і нас як арганізатараў — гэта надзвычай каштоўна. Напрыклад, бацькі навучэнцаў гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава набылі дзецям кветкі і далі наказ: “Ускладзіце іх там, дзе падкажа сэрца”. Калі ў Шунеўцы падчас экскурсіі дзеці ў задуменні спыняліся і пакідалі кветкі хто ля калодзежа і манумента, хто на месцах сядзіб — кранала да слёз. Відавочна, што для моладзі гэта не проста чарговая паездка, а ўрок патрыятызму і гістарычнай памяці, які пакінуў след у душы і дазволіў глыбей зразумець значэнне вялікага подзвігу продкаў. Дню Вялікай Перамогі прысвечаны яшчэ адзін наш традыцыйны праект. Цягнік памяці адправіцца ў падарожжа па чыгунцы 8 мая пасля мітынгу з удзелам ветэранаў, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а на наступны дзень спыніцца ў Брэсце, дзе маладыя людзі далучацца да мерапрыемстваў у рамках святкавання 9 мая, наведаюць мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, у тым ліку нядаўна адкрытую экспазіцыю “Абарона Усходняга форта”, музей “5 форт”. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена турыстычна-інфармацыйным цэнтрам “Ілва”.