Трансгранічныя водныя інспектары

Малыя рэкі — важныя крыніцы пітной вады, без якіх нельга развіваць сельскую гаспадарку і падтрымліваць экасістэмы цэлых рэгіёнаў.

З мэтай захавання малых рэк басейна Прыпяці на тэрыторыі Пінскага раёна Беларусі і Любяшоўскага раёна Украіны стартаваў праект “Трансгранічныя водныя інспектары”. У рамках праекта напрыканцы жніўня на базе Калавуравіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна быў арганізаваны палатачны лагер, які сабраў каля 200 удзельнікаў з ліку вучняў, настаўнікаў і валанцёраў. 8 вучняў нашай школы таксама прынялі ўдзел у рабоце трансгранічнага лагера.

На працягу 3 дзён для дзяцей праводзіліся майстар-класы па фарміраванні культуры экалагічных паводзін, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся правільна раздзяляць смецце, будаваць сінічнікі, фільтраваць ваду. Акрамя таго, школьнікі гулялі ў экалагічныя гульні.

У наступныя дні дзеці разам з экспертамі ў групах стваралі праект экагорада, выраблялі яго аб’ёмную мадэль і прэзентавалі свае творчыя работы. Пасля гэтага быў арганізаваны фестываль талентаў, на якім дзеці з Беларусі і Украіны спявалі песні, расказвалі вершы і выконвалі сучасныя нацыянальныя танцы. Завяршылася работа лагера фестывалем малых рэк у Пінкавічах. На працягу свята для гасцей працавалі некалькі пляцовак, дзе праходзілі майстар-класы па вырабе экалагічных упрыгажэнняў з травы і сена, па роспісе экасумак. Па зялёнай пошце можна было адправіць сваім сябрам паштоўкі, вырабленыя самастойна.
Разам з вулічным мастаком Bazinato дзеці стваралі экаінсталяцыю. Паралельна з конкурсамі і майстар-класамі прайшоў канцэрт беларускіх і ўкраінскіх музычных гуртоў.

У будучыні з вучняў нашай школы сфарміруецца грамадскі экалагічны пост, які будзе сачыць за станам ракі Бобрык, прытокам Прыпяці.

Наталля СІДАРЭВІЧ,
настаўніца біялогіі Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *