Трэба больш жывой справы!

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен наладзіць жывую работу з моладдзю, без ашуканства і фармалізму. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Патрэбна жывая работа з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, якая была ўласціва таму камсамолу, у якім я быў. Трэба больш жывой справы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мне хацелася б, каб наш “камсамол” — БРСМ — быў больш актыўным, каб усё грамадства бачыла не проста нейкія перыядычныя акцыі, а кожнага чалавека на справе”.

БРСМ і іншыя грамадскія арганізацыі даюць магчымасць вылучыць здольных людзей, з якіх можна сфарміраваць кадравы рэзерв, звярнуў увагу прэзідэнт. “Цяпер такі рэзерв кадраў створаны, у тым ліку з моладдзю. Мы за імі назіраем, вядзём іх па жыцці, каб яны выраслі ў сапраўдную эліту нашага грамадства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што некаторыя могуць спытаць, навошта сёння маладзёжныя арганізацыі, час жа ўжо іншы. “Гэта структура, якую мы можам задзейнічаць у любы час, асабліва ў цяжкі перыяд”, — растлумачыў беларускі лідар.

Паводле слоў прэзідэнта, камсамольцы ўнеслі вялікі ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. “Як бы там ні было, калі чалавек ведаў, што ён камуніст або камсамолец, ён першы ішоў у бой. Гэта што, дрэнна? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяжка сказаць, што было б, калі б не было тады гэтых арганізацый”.

Аднак характэрныя для камсамола недахопы не павінны быць уласцівы БРСМ, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “Я асабліва не фарсірую тут падзеі, і не трэба. Цяпер жыццё такое, што трэба паступова, спакойна расціць гэтую арганізацыю, загартоўваць яе. І, самае галоўнае, патрэбны жывыя справы. Трэба вызначыцца, дзе моладзь у сучасным грамадстве павінна прыкласціся, па якіх напрамках, каб бачылі, што яна чагосьці вартая”, — лічыць ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад студэнцкую моладзь. На яго думку, яна разам з рэктарам і прафсаюзам павінна кіраваць працэсамі ва УВА. “Але кіраваць так, каб да іх ішлі нават не камсамольцы, нават не члены прафсаюза. І мы гэту ролю маладзёжнай арганізацыі будзем павышаць”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на паспяховыя ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у прыватнасці на дзейнасць будаўнічых атрадаў. Так, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат была задзейнічана пры рэканструкцыі мінскага стадыёна “Дынама”, на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі.

Адміністрацыі прэзідэнта даручана пачаць цесную работу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб’яднання, вызначыць асноўныя напрамкі яго работы. “Калі мы іх не прымаем, нехта там іх крытыкуе, яны будуць адчуваць сваю непатрэбнасць у грамадстве і самі не паднімуцца. Мы іх павінны паднімаць. Вось гэта галоўнае для сённяшняй моладзі”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.