Трэба дакладна размежаваць утрыманскія настроі і грамадскія інтарэсы

- 12:01Інфармацыйная гадзіна

Зарплата павінна быць зароблена, тавар — прададзены, а бюджэт — працаваць на развіццё. Такое меркаванне выказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на семінары “Арганізацыя бюджэтнага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь”.

Як адзначыў спікер, галоўнай задачай трэцяй парламенцкай сесіі стане разгляд праекта рэспубліканскага бюджэту на 2018 год і пакета звязаных з гэтым законапраектаў аб карэкціроўцы падатковага і бюджэтнага заканадаўства, а таксама зацвярджэнне бюджэтаў двух дзяржаўных пазабюджэтных фондаў — сацыяльнай абароны насельніцтва і грамадзянскай авіяцыі. “Для шостага склікання гэта будзе першы вопыт такой адказнай і карпатлівай работы. І выконваць мы яе павінны ў рэчышчы даручэнняў кіраўніка дзяржавы, які неаднаразова ўказваў на неабходнасць сур’ёзнага, крытычнага падыходу да праекта бюджэту з боку дэпутацкага корпуса”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, парламентарыямі папярэдніх скліканняў напрацавана практыка, што апраўдала сябе, падрыхтоўкі да разгляду бюджэтнага пакета. Яна і будзе ўзята за аснову цяперашнім скліканнем. “Дэпутаты і члены Савета Рэспублікі ўваходзяць у склад міжведамасных рабочых груп па падрыхтоўцы праекта рэспубліканскага бюджэту на 2018 год і прапаноў па спрашчэнні падатковай сістэмы”, — заўважыў спікер. Ён упэўнены, што такая форма сумеснай работы парламента і ўрада дае магчымасць яшчэ на стадыі распрацоўкі і фарміравання галоўнага фінансавага дакумента краіны ўнесці прапановы па вырашэнні многіх злабадзённых пытанняў, якія закранаюць эканамічныя і сацыяльныя працэсы.

“Трэба дакладна размежаваць утрыманскія настроі і грамадскія інтарэсы. Зарплата павінна быць зароблена, тавар — прададзены, а бюджэт — працаваць на развіццё. Падтрымліваць неабходна тых, хто без гэтага не пражыве: дзяцей, старых людзей, інвалідаў, іншыя сацыяльна слаба абароненыя слаі насельніцтва. Астатнім трэба стварыць умовы, каб яны маглі зарабляць самастойна”, — падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка выказаў упэўненасць, што ў любым парламенце законапраект аб бюджэце — важнейшы і самы дыскусійны эканамічны дакумент. Ён адзначыў, што цяпер у міжведамасных рабочых групах фарміруюцца асноўныя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год і планавы перыяд, на падставе якога будзе складацца праект рэспубліканскага бюджэту на чарговы фінансавы год.

“Канчатковым вынікам нашай работы павінна стаць прыняцце пакета якасных бюджэтных дакументаў, што стане рэальным укладам парламентарыяў у заканадаўчае забеспячэнне ўстойлівага развіцця нацыянальнай эканомікі і павышэнне ўзроўню дабрабыту нашых грамадзян”, — рэзюмаваў спікер.