Трэба паскараць прыняцце рашэнняў

- 10:25Інфармацыйная гадзіна

Эканоміка Беларусі павінна мяняцца, спалучаючы лепшыя дасягненні ўласнай мадэлі і перадавы сусветны вопыт. Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі на падагульняльным пасяджэнні калегіі ведамства, якое праходзіла з удзелам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.

“Галоўнае — зразумець: свет мяняецца, ён ужо не будзе такім, як раней. І гэта не нейкае адкрыццё, а законы развіцця. Адсюль сур’ёзныя дыскусіі аб чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі, новым вітку глабальнай канкурэнцыі з тымі, хто перамог і прайграў. Якія вывады варта зрабіць з гэтага? Трэба мяняцца, развівацца, спалучаючы лепшыя дасягненні нашай уласнай эканамічнай мадэлі і перадавы сусветны вопыт”, — адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Паводле яго слоў, увесь 2015 і пачатак бягучага года — напружаны час для Міністэрства эканомікі і краіны ў цэлым. “Вядома, Беларусі ў найноўшай гісторыі ніколі не было лёгка, але асаблівасць мінулага і бягучага года ў тым, што вельмі шмат неспрыяльных фактараў сышліся ў адну кропку: падзенне больш як у два разы цэн на нафту — з $64 у маі 2015 года да $29 у студзені 2016 года, калапс іншых сыравінных рынкаў у цэлым выклікалі страты для краіны прыкладна $10 млрд экспартнай выручкі. Рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля — на 50 працэнтаў (з 51 да 76 рублёў за долар) за аналагічны перыяд, падзенне курса тэнге і грыўні, санкцыі і антысанкцыі Расіі і ЕС — гэта ўскладняе гандаль, інвестыцыйнае супрацоўніцтва”, — растлумачыў міністр. Ён канстатаваў, што ўсё гэта — аб’ектыўная рэальнасць, у якой даводзіцца жыць і працаваць.
Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што няпростыя знешнія ўмовы істотна пагоршылі магчымасць беларускіх кампаній дзейнічаць традыцыйна. Тое, што здавалася базавымі ўмовамі (растучыя рынкі СНД, стабільнасць знешнеэканамічнай абстаноўкі, ёмістыя сегменты рынку краін-суседзяў з плацежаздольным попытам), адышло ў мінулае. Але асноўнай праблемай, паводле слоў міністра, з’яўляецца нявызначанасць. Цяпер няма дакладнай інфармацыі, што будзе на знешніх рынках далей, у якіх прапорцыях цаны і попыту на знешнім контуры давядзецца працаваць. Нельга выключыць і верагоднасць далейшых пагаршэнняў умоў знешняга гандлю. “Гэта перад намі ставіць прынцыповае пытанне “Што рабіць і як адказваць на гэтыя беспрэцэдэнтныя выклікі сусветнай эканомікі?”. Стратэгія “перачакаць і верыць, што ўсё ўладзіцца само” бесперспектыўная”, — лічыць міністр.
“Ход падзей паскараецца, мы штодзень сутыкаемся з новымі выклікамі, трэба паскараць прыняцце рашэнняў. Менавіта таму Мінэканомікі ўнесла прапанову па аптымізацыі структуры і функцый органаў, скарачэнні лішніх звён і дакументаабароту”, — адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Паводле яго слоў, ва ўрадзе каля 30 міністэрстваў і камітэтаў, 5 канцэрнаў. “Плюс Камітэт дзяржкантролю, Нацыянальны банк, Нацыянальная акадэмія навук, Адміністрацыя прэзідэнта, суды, пракуратура, НЦЗПД, 7 рэгіёнаў. Для чаго я гэта ўсё гавару? Калі мы вырашаем праблему ўзгаднення таго ці іншага дакумента, уяўляеце, колькі гэтыя дакументы ідуць па крузе. Даводзіцца не тое што месяцы, іншы раз і да года іх узгадняць. А трэба прымаць рашэнні неадкладна”, — растлумачыў ён. Прычым, паводле слоў Уладзіміра Зіноўскага, якасць адказаў і заўваг у 90 працэнтах выпадкаў зводзіцца да лабіравання вузка-ведамасных інтарэсаў.
“Перасячэнне функцый рэгулятара і ўласніка, нізкі прыярытэт сектаральных і міжгаліновых пытанняў — прычына папяровага завалу ў дакументаабароце. Гэта робіць практычна немагчымай якасную адпрацоўку дакументаў”, — канстатаваў міністр. Паводле яго слоў, у 2015 годзе Міністэрствам эканомікі было пастаўлена на кантроль больш як 2,5 тысячы даручэнняў Савета Міністраў. Для разгляду і ўзгаднення ў ведамства прыйшло каля 400 праектаў указаў і дэкрэтаў, 77 праектаў законаў, амаль 700 праектаў пастаноў урада.