“Трэба слухаць сваё сэрца!”

- 13:04Актуально, На парадку дня

Уручэнне атэстатаў, цёплыя словы настаўнікаў і бацькоў, слёзы, танцы да раніцы, сустрэча світання… Выпускныя вечары прайшлі ў школах краіны. Атэстаты атрымалі больш за 53 тысячы выпускнікоў.

Хаця ўрачыстыя мерапрыем­ствы запланаваны былі на 8 вечара, ужо за гадзіну да свята на школьным двары сярэдняй школы № 51 Ленінскага раёна сталіцы пачалі збірацца вучні, іх сябры, бацькі. Прыгожыя, якія неяк адразу сталі дарослымі, старшакласніцы ў вячэрніх сукенках, юнакі ў строгіх касцюмах перагаворваліся, смяяліся, рабілі фотаздымкі. 11 гадоў праляцелі як адно імгненне! Зусім хутка кожны пойдзе сваёй дарогай. А пакуль…

Выпускнікі не хаваюць свайго хвалявання, жадаюць роднай школе развівацца толькі ў лепшы бок і захаваць цудоўны калектыў педагогаў.  “Сумна развітвацца са школай, з любімымі настаўнікамі, аднакласнікамі, — гаворыць выпускніца Ксенія Хамяльянская. — З цеплынёй прыгадваюцца школьныя гады, дзіўна разумець, што ў школу ўжо не давядзецца спяшацца кожную раніцу. Школа запомніцца набытым жыццёвым вопытам, цудоўнымі настаўнікамі, сярод якіх наш класны кіраўнік Святлана Адамаўна Шапялькевіч”.

Добрыя педагогі, цікавыя вучэбныя прадметы, кампанейскія аднакласнікі, а яшчэ цудоўная спартыўная зала і буфет, дзе пасля трэцяга ўрока можна было смачна паесці, назаўсёды застануцца ў памяці адзінаццацікласніка Максіма Белянкова. 

“Безумоўна, будзем сумаваць па настаўніках і школьных сябрах, але на змену мінуламу прыходзіць новы этап жыцця, да якога мы падрыхтаваны. Будзем падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. А ў планах — ЦТ і паступленне ў БНТУ на аўтатрактарны факультэт: настройваемся на лепшае і спадзяёмся, што ўсё атрымаецца”, — дзеліцца сваімі эмоцыямі Яраслаў Клюковіч. 

Дарэчы, ва ўсіх выпускнікоў шмат планаў і амбіцый. Ксенія Хамяльянская плануе паступаць у БДУІР і звязаць сваё жыццё з праграмаваннем ці вэб-дызайнам, Максім Белянкоў марыць паступіць на лагістычны факультэт БДЭУ, Раман Качына збіраецца стац­ь журналістам. 

Сёлета ў 51-й школе выпусціліся два 11 класы (56 навучэнцаў). Школа ганарыцца трыма залатымі медалістамі — Максімам Белянковым, Ксеніяй Хамяльянскай, Настассяй Бякетавай. Разам з медалямі навучэнцам былі ўручаны і шэсць пахвальных лістоў за поспехі ў вывучэнні асобных вучэбных прадметаў.

— У маёй практыцы гэта пяты выпуск, але кожны раз прысутнічае хваляванне, — зазначае класны кіраўнік 11 “А” класа Святлана Шапялькевіч. — І ў той жа час адчуваю радасць, бо ўпэўнена ў сваіх вучнях, веру ў тое, што яны дасягнуць сваёй мэты, апраўда­юць надзеі, бо яны дастойныя ўсіх пахвал. Нашы выпускнікі мэтанакіраваныя, настойлівыя, захопленыя. Сёлета ў класе тры залатыя медалісты (у маёй практыцы такое ўпершыню!). Навучэнцы прымалі актыўны ўдзел у алімпіядным руху і навукова-даследчай дзейнасці, маюць сур’ёзныя дасягненні ў спорце. Яраслаў Клюковіч зай­маецца вольнай барацьбой, Насця Бякетава — каратэ, Арсеній Халімончык наведвае мадэльную школу, цудоўна танцуе. Гэты спіс можна працягваць бясконца. Хочацца пажадаць, каб новая прыступка ў іх жыцці была з лёгкасцю пераадолена. Каб апраўдаліся іх надзеі, чаканні, а для гэтага неабходна смела ісці да сваёй мэты. 

Са слязамі радасці назіраюць за сваімі дзецьмі бацькі. Яны ўдзячны настаўнікам за тое, што заўсёды падтрымлівалі навучэнцаў, з разуменнем ставіліся да ўсіх праблем, выхавалі дастойнымі людзьмі. Жадаюць, каб у бу- дучыні дзеці ставілі перад сабой мэты і дасягалі іх, не баяліся памыліцца і больш слухалі тых, хто натхняе, а не крытыкуе. 

Між тым у актавай зале пачалася ўрачыстая частка выпускнога вечара. У ёй прыняў удзел міністр адукацыі Андрэй Іванец. Ён уручыў выпускнікам залатыя медалі і атэстаты. 

— Прыемна бачыць усмешлівых, жыццярадасных, разумных, адораных выпускнікоў, якія хочуць рухацца наперад, — звярнуўся да нядаўніх школьнікаў міністр. — Выпускны вечар — гэта той дзень, які прасякнуты сумам аб гадах, праведзеных у школе, гэта вечар кроку наперад у невядомасць. Але кожны з вас, перакананы, лічыць, што гэтая невядомасць будзе яркай і ўпэўненай. Хацеў бы пажадаць, каб усе вашы мары абавязкова спраўдзіліся, каб вы памяталі пра тых цудоўных педагогаў, якія ўклалі ў вас не толькі веды, але і часцінку сваёй
душы. Самая лепшая ўзнагарода педагогам — гэта, безумоўна, удзячнасць вучняў. Вашы настаўнікі, як і бацькі, перажываюць, які шлях выбераце вы. Памятайце: трэба слухаць сваё сэрца і рабіць выбар толькі па сваім жаданні. Гэта вельмі важна, бо сёння ад таго, які выбар вы зробіце, будзе залежаць усё ваша далейшае жыццё. А ў ім будуць і перашкоды, і няўдачы. Хацеў бы вам пажа­даць заўсёды верыць у свае сілы, глядзець з упэўненасцю наперад.

Сёлета ў 51-й школе выпусціліся два 11 класы (56 навучэнцаў): адзін — профільны, з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі, англійскай і рускай мовы, другі — базавы: у межах працоўнага навучання ў школьнікаў была арганізавана падрыхтоўка па шэрагу прафесій, сярод якіх — швачка, майстар па манікюры, аператар ЭВМ, слесар.

Вашы настаўнікі, як і бацькі, перажываюць, які шлях выбераце вы. Памятайце: трэба слухаць сваё сэрца і рабіць выбар толькі па сваім жаданні. Гэта вельмі важна, бо сёння ад таго, які выбар вы зробіце, будзе залежаць усё ваша далейшае жыццё.

Андрэй Іванец.

Школа ганарыцца трыма залатымі медалістамі — Максімам Белянковым, Ксеніяй Хамяльянскай, Настассяй Бякетавай. Разам з медалямі навучэнцам былі ўручаны і шэсць пахвальных лістоў за поспехі ў вывучэнні асобных вучэбных прадметаў. Іх уладальнікамі сталі Яраслаў Клюковіч (фізічная культура і здароўе), Ангеліна Жыляніна (геаграфія) і інш.

З гордасцю гаворыць пра сваіх навучэнцаў дырэктар школы Галіна Чэрнік. “Сённяшнія выпускнікі — гэта вучні, якія прыйшлі ў нашу ўстанову адукацыі ў 3 клас, калі яна толькі адкрылася. Раслі дзеці, і разам з імі развівалася наша школа. Усе вучні крэатыўныя, актыўныя, дружныя, а самае галоўнае — выхаваныя. Спа­дзяюся, такімі яны застануцца назаўсёды. Упэўнена, што тыя веды, якія яны атрымалі ў сценах школы, дапамогуць ім знайсці самае правільнае рашэнне, паступіць у тыя ўстановы адукацыі, якія запланавалі. У беларусаў ёсць цудоўная прыказка, якую я гавару сваім выпускнікам, — “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Хачу, каб кожны з выпускнікоў атрымаў прафесію, якая б прыносіла задавальненне, і застаўся працаваць на роднай зямлі на карысць Ленінскага раёна, горада і краіны”, — адзначыла Галіна Уладзіміраўна. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.