Трэба ўкладваць душу

- 12:07Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

На занятках па фізічнай культуры студэнты БНТУ не проста выконваюць практыкаванні, а праходзяць трансфармацыю на фізіялагічным і псіхалагічным узроўні.

Без базы ніяк

Усё дзякуючы новаму падыходу, звязанаму з прымяненнем у адукацыйным працэсе сродкаў фiтнесу, які паспяхова ўкараня­юць выкладчыкi кафедры фізічнай культуры ўніверсітэта. Сярод iх — Палiна Вячаславаўна Грыб, адна з самых маладых, але на­дзвычай прафесiйна падрыхтаваных педагогаў.

Заняткi са студэнтамi энергетычнага факультэта, якiя право­дзiць Палiна Вячаславаўна, вылучаюцца сваёй эфектыўнасцю. Выкладчыца шырока выкарыстоўвае як добра вядомыя практыкаваннi сiстэмы пiлатэс, так i сродкi інавацыйнага ментальнага фітнесу, які аб’ядноўвае ў сабе ёгу, стрэйчынг і мiяфасцыяльны рэліз.

— Галоўны прынцып, якога я прытрымліваюся пры складанні трэніровачнага комплексу, — не нашкодзь і будзь цікавым, — расказала Паліна Вячаславаўна. — Пасля заняткаў у студэнтаў павінна ўзнікнуць жаданне зноў вярнуцца ў залу. Для гэтага трэба, каб змест i форма фiзiчнай культуры адпавядалi запытам сучаснай моладзi, тады яна будзе выконваць нагрузку з жаданнем і абавязкова дасягне вынікаў.

Ментальны фітнес паляпшае не толькі фізічны, але і псіхалагічны стан, знімае стрэс, што асаб­ліва карысна для студэнтаў, якія сумяшчаюць работу і вучобу. За кошт вялікай разнастайнасці сродкаў комплексы спалучаюць у сабе сілавыя нагрузкі, развіццё каардынацыйных здольнасцей i гнуткасцi, аказваюць трэнiруючае ўздзеянне на дыхальную сiстэму. Таксама прысутнiчаюць практыкаванні на карэкцыю паставы. Яшчэ гэта добрая база для заняткаў рознымі відамі спорту. У першую чаргу ментальны фітнес дапамагае ўмацаваць суставы, мышцы і сухажыллі. Вядома, за некалькi заняткаў дасягнуць жаданага эфекту не атрымаецца, але старанне i рэгулярнае наведванне пар яго забяспечаць.

“Мае заняткі спалучаюць у сабе карысць ад практыкаванняў і прыемную атмасферу. Музычнае суправаджэнне, адкрыты дыялог, індывідуальна падабраная фізічная нагрузка — рэцэпт добрага настрою на ўвесь дзень”.

Не толькі для дзяўчат

Цікава, што трэніроўкі па ментальным фітнесе карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў хлопцаў. Усё дзякуючы аднаўленчаму эфекту, які даюць усходнія гімнастыкі. Важную ролю ў поспеху адыгрывае і асабісты прыклад педагога.

— Літаральна год назад маладыя людзі нават уявіць не маглі, што будуць хадзіць на ментальны фітнес і атрымліваць ад гэтага задавальненне, — адзначыла Паліна Вячаславаўна. — Лічылі, што такі від нагрузкі больш падыходзіць дзяўчатам. Але я змагла пераканаць іх і пака­заць універсальнасць такіх заняткаў. Кругавыя і функцыянальныя трэніроўкі, практыкаванні на нарошчванне мышачнай масы, развіццё ўласна-сілавых здольнасцей — таксама ментальны фітнес.

Зусім не абавязкова пало­хаць падапечных складанымі назвамі з ёгі або акцэнтаваць увагу на тым, што гэта элемент з піла­тэсу. Лепш здзіўляць новым фарматам заняткаў і даказваць, што ён эфектыўны. Напрыклад, я заўсёды агучваю мышцы, якія актывізуюцца падчас выканання таго ці іншага руху. Дзякуючы такому адукацыйнаму моманту, студэнты больш зацікаўлены ў практыкаваннях. Таксама заўсёды паказваю на асабістым прыкладзе, як трэба выконваць рухі, і прашу маладых людзей паўтарыць. Адразу ўключаецца спаборніцкі момант, які прымушае іх спрабаваць і старацца.

Курс на мадэрнізацыю

Паліна Вячаславаўна выбрала спартыўны кірунак абапіраючыся на ўласны тэмперамент. І ўсё ж выкладчыца не спыняецца на чымсьці адным, а заўсёды шукае новае:

— Мне ад прыроды больш падабаюцца спакойныя плаўныя рухі, таму магу з упэўненасцю сказаць, што аэробіка — не маё. Затое пілатэс падыходзіць ідэальна. І не надакучвае, таму што перыядычна мяняю кампазіцыю практыкаванняў, даю іншыя спалучэнні, раблю ўпор на статадынамiчную нагрузку.

Раней я вяла менавіта піла­тэс, а цяпер дадаю новыя напрамкі — ёгу і стрэйчынг. У будучыні планую азнаёміцца з цыгунам і кросфітам: магчыма ўключу некаторыя элементы ў сваю методыку. Менавіта за кошт пастаяннай мадэрнізацыі курс ментальнага фітнесу так падабаецца студэнтам.

“Нядаўна я правяла навуковае даследаванне: вызначала, як фізічная нагрузка ўплывае на разумовую працаздольнасць студэнтаў. Высветлілася, што пасля заняткаў ментальным фітнесам інтэлектуальная прадукцыйнасць навучэнцаў прыкметна ўзрастае”.

Уключаем фантазію

На першых занятках у навучальным годзе Паліна Вячаславаўна звяртае ўвагу на ўзровень фізічнай падрыхтаванасці групы, а потым адаптуе змест праграмы, якая адрозніваецца варыятыўнасцю.

— Няма аднаго набору рухаў, які паўтараецца на кожных занятках, — падкрэсліла педагог. — Пачынаем з азоў, потым пераходзім да больш складаных практыкаванняў. З часам маладыя людзі прывыкаюць да нагрузак, таму неабходна iх павялiч­ваць, у тым лiку за кошт навiзны.

Не атрымаецца вылучыць тры, пяць ці нават дзесяць самых эфектыўных практыкаванняў — усё працуе ў комплексе. Чым ён больш разнастайны, тым больш паўнавартасным будзе развіццё арганізма. Для пачатку магу парэкамендаваць 34 практыкаванні з пілатэсу. Гэта базавыя элементы, якія з павышэннем узроў­ню фізічнай падрыхтаванасці можна мадыфікаваць. У ёзе таксама ёсць тэхнікі для пачаткоўцаў. Асабліва эфектыўныя розныя практыкаванні на каардынацыю: ластаўка, сабака пысай ўніз і ўверх, пастава арла, пастава голуба… Іх шмат, таму для кожнай трэніроўкі фармірую пэўны набор, улічваючы ўзровень групы. 

Пазітыўны лад

Нягледзячы на тое, што Паліна Вячаславаўна — малады выкладчык, студэнты пад яе кіраўніцтвам працуюць энергічна і зладжана. Збоку гэта выглядае надзвычайна: уся група дзейнічае як адзін механізм, які выконвае пастаўленую задачу.

— Без дысцыпліны нікуды, і тут ёсць некалькі тонкіх момантаў, — дзеліцца сакрэтамі педагог. — Напрыклад, што тычыцца захавання субардынацыі. У мяне з навучэнцамі розніца ва ўзросце складае 3—4 гады. Бывае, факт таго, што працэсам кіруе малады педагог, уплывае на самаацэнку студэнтаў. Хтосьці часам забываецца і звяртаецца на ты. Але такія моманты неабходна строга кантраляваць, бо панібрацтва ў сценах універсітэта шкодзіць вучэбнаму працэсу.

Бывае такое, што студэнт прыходзiць без настрою, нават можа нагрубіць, але выкладчык не павінен выходзіць на эмоцыі. Я ў такіх выпадках не рэагую агрэсіяй на агрэсію, а стараюся высветліць прычыну яе з’яўлення — шукаю корань зла. Калі гэта атрымліваецца, спрабую нас­троіць чалавека на пазітыўны лад і такім чынам выходжу з сітуацыі. 

“Трэба адносіцца да сваёй справы з душой і ствараць правільную атмасферу Увесь негатыў пакідаць дома, ні ў якім разе не пераносіць яго на студэнтаў”.

У нагу з часам

Дзякуючы пазітыўнаму ўплыву, які Паліна Вячаславаўна аказвае на навучэнцаў, яна атрымлівае сапраўднае задавальненне ад сваёй працы:

— Мяне па-сапраўднаму натхняе маё рамяство і, у прыватнасці, студэнты. Напрыклад, адзін з хлопцаў вельмі хацеў пахудзець і за тры месяцы скінуў каля 15 кілаграмаў. Я склала праграму практыкаванняў, пракансультавала яго па пытаннях правільнага харчавання, і вельмі хутка вага пачала зніжацца. Мяне асабліва радуе, калі вучні, падужэлыя на занятках з прымяненнем практыкаванняў ментальнага фітнесу, працягва­юць фізічнае развіццё ў спартыўных секцыях.

 Сучасны выкладчык павінен адпавядаць студэнтам — пастаянна ўдасканальвацца і ісці ў нагу з часам. Вядома, не абысціся без базавых ведаў, якія ў далейшым трэба пашыраць і ўдасканальваць. Напрыклад, я захапілася ментальным фітнесам, таму што хацела асвойваць новыя гарызонты. Гэтае імкненне дапамагло распрацаваць цікавы фармат заняткаў і дасягнуць галоўнага — убачыць, як падапечныя развіваюцца прама на вачах. Яны вераць у мяне, я веру ў іх, таму і вынік ёсць.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.