Трэба ўсіх паставіць у аднолькавыя ўмовы

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе разгледзець пытанне аб увядзенні адказнасці за атрыманне зарплат у канвертах. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава.

“Па зарплатах у канвертах мы без вас не абыдземся. Трэба раз і назаўсёды спыніць гэтую гадзіну, каб гэтая гідра ніколі галаву ў нас не падняла. Я не скажу, што ў нас гэта расцвітае, але гэта ёсць. І нават на мяне выходзяць асобныя камерсанты, бізнесмены і скардзяцца: мы вось плацім па ведамасці, усё як належыць (і ад гэтага ж налічэнне ідзе ў сацыяльныя фонды). А вось там не плацяць. Нават канкрэтныя называюць фірмы”, — сказаў прэзідэнт.

Ён прапанаваў увесці адказнасць і для  тых, хто бярэ ў канвертах гэтыя грошы.

“Тады яны перастануць браць. А пера­стануць браць — і жадання плаціць (у канвертах. — Заўвага БелТА.) менш будзе. Таму абавязкова трэба ўсіх паставіць у аднолькавыя ўмовы. Гэта зусім нармальна”, — запа­трабаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў любой краіне за нявыплату падаткаў ідзе строгае пакаранне. “Таму без вас у Беларусі мы парадак не навядзём. Фінансавая міліцыя пачала праца­ваць у гэтым напрамку. Хацелася б, каб гэтая работа была прадоўжана. Думаю, што нашы людзі зразумеюць, асабліва бізнесмены, што гэтым займацца нельга. У адваротным выпадку страціш уласнасць. Тут штрафамі не абыдзешся. Трэба ўводзіць сур’ёзную адказнасць. Няхай ты там папаў першы раз — заплаціў добры штраф. Ну а потым і ўласнасці пазбавішся. Нам такія бізнесмены не па­трэбны, якія не плацяць падаткі. Гэта непарадак”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што было прынята рашэнне ўрада па спыненні неабгрунтаванага росту цэн. У прыватнасці, адносна лякарстваў пасля павышэння ПДВ да 10 працэнтаў, пасля чаго аптэкі пачалі паднімаць цэны. “А некаторыя і на 30 працэнтаў павысілі”, — заўважыў Васіль Герасімаў.

“Так. Значыць, вельмі строга трэба спыняць людзей, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы павінны бачыць і аптавікоў, і розніцу. Але самае галоўнае — лякарствы. Мы не павінны дазволіць гэтым розным ачумелым нажывацца на бедах людзей. Ніхто з іх не прыйшоў і не прынёс капейку для таго, каб падтрымаць лячэнне ад кавіду. Ніхто, толькі дзяржава. Ужо мільярд долараў на гэта з усіх крыніц краіна затраціла. Што, нехта прыйшоў з уласнікаў аптэк і іншыя якія-небудзь грошы даў? Ніхто не даў”.

“Ну, у нас 50 працэнтаў дзяржаўных аптэк, 50 працэнтаў прыкладна прыватных. Калі ў прытомнасць не прывядзём прыватнікаў, ну што ж, тады будуць працаваць дзяржаўныя аптэкі. Але мы не можам дазволіць на здароўі людзей нажывацца. Таму лякарствы — на асаблівы кантроль”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што трэба звяртаць увагу на цэнаўтварэнне не толькі адносна тавараў штодзённага попыту. “Мы павінны іх бачыць. Гэта ж нядобра, што мы там 60 пазіцый узялі пад кантроль. Ведаеце, малако ўзялі пад кантроль, будзем прытрымлівацца. А вось масла — няхай расце любымі тэмпамі цана? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — А што, нашы людзі масла не ўжываюць? Таму і тут трэба паглядаць на цэнаўтварэнне. Трэба выпрацаваць у глабальным плане палітыку цэнаўтварэння, каб гэта нармальна выглядала, каб не рэтраградамі нейкімі былі. Каб сапраўды дэфіцыт не стварыць, але і каб людзі бачылі, што няма неабгрунтаванага росту цэн”.

Паводле яго слоў, КДК у пытанні кантролю над цэнаўтварэннем, вядома, не павінен бегчы наперадзе прафсаюзаў, дэпутатаў, МАРГ. “Але ўсё ж такі нейкую канцэптуальную ролю вы павінны адыгрываць. Вы павінны аналізаваць і бачыць, што трэба прымаць у плане цэнаўтварэння”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Яшчэ адзін напрамак, па якім мы павінны вельмі сур’ёзна папрацаваць (на Усебеларускім народным сходзе мы пра гэта гаварылі), — пасрэдніцтва. Пасрэднікі садзейнічаюць павышэнню кошту тавару працэнтаў да 30, а часам і больш па асобных пазіцыях. Нам такое пасрэдніцтва не патрэбна. І трэба выключыць усякае пасрэдніцтва ўнутры Беларусі. Што гэта за парадак такі: я купляю тавар, і мне яшчэ нейкі патрэбны пасрэднік? Не патрэбны ніякія пасрэднікі. Тут трэба ўнесці адпаведную прапанову”, — заявіў беларускі лідар.

“Потым прыходзяць і гавораць: вось, яны (пасрэднікі. — Заўвага БелТА.) там адтэрміноўкі даюць, яшчэ чагосьці да­юць, і мы да іх ідзём. Трэба разгледзець усе аспекты і непатрэбнае пасрэдніцтва выключыць”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што КДК шмат працуе з рэальным сектарам эканомікі. “Ад гэтага мы таксама нікуды не ады­дзем. Вы павінны бачыць, як функцыянуе рэальны сектар эканомікі. Кантроль тут павінен быць забяспечаны”, — запатрабаваў беларускі лідар.