“Трэба заяўляць пра сябе”

- 11:59Якасць адукацыі

“16 дзён, 10 пералётаў агульнай працягласцю амаль 25 тысяч кіламетраў, 47 рабочых сустрэч на 77 гадзін, кожны дзень мінімум 15 тысяч крокаў і 20 паверхаў”, — такімі лічбамі апісвае сваю паездку ў ЗША настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 105 Мінска Валерый Зярненка. “Як просты настаўнік змог паляцець у Амерыку? Пра якія сустрэчы ідзе гаворка? А мне можна?” Адказы шукайце ніжэй.

Восенню мінулага года (26 кастрычніка — 16 лістапада) Валерый Віктаравіч стаў удзельнікам праграмы IVLP (International visitors leadership program). Гэта праграма для спе­цыялістаў з усяго свету, якая знаёміць іх з разнастайнасцю палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця ЗША. Штогод яе ўдзельнікамі становяцца да 55 тысяч чалавек. У асноўным гэта цікавыя людзі з перадавым вопытам. Пра IVLP Валерый Зярненка даведаўся ад свайго знаёмага, які прапанаваў настаўніку падаць заяўку.

— Я паставіўся да гэтага крыху з гумарам, — узгадвае педагог, — але ўсё ж запоўніў анкету, напісаў рэзюмэ і адправіў у Пасольства ЗША ў Беларусі. Ніякага адказу не было, я ўжо пра гэты абмен вопытам і забыў, а потым мне званок з пасольства: “Вас уключылі ў групу”. Некалькі разоў наша паездка адкладвалася, мне здавалася, што ўжо нічога не атрымаецца, але ў жніўні прыйшоў ліст, што я трапіў у праграму “Стварэнне мясцовых супольнасцей праз спорт”.

У ёй удзельнічалі толькі беларусы, хаця звычайна збіраецца група з прадстаўнікоў розных краін. Акрамя Валерыя Зярненкі, у ЗША паляцелі яшчэ 4 чалавекі: дырэктар Цэнтральнага ФАЦ Мінска Максім Глінскі, беларуская фрыстайлістка галоўны трэнер праекта MoveTeam Асоль Слівец, намеснік дырэктара фізкультурна-спартыўнага цэнтра “Дарожнік” Андрэй Мірановіч і першы намеснік гендырэктара ўнітарнага прадпрыемства “Кока-Кола Бэўрыджыс Беларусь” Андрэй Рашчупкін. Праграма пакрывала ўсе расходы і прадастаўляла двух перакладчыкаў, якія не толькі выконвалі сваю асноўную работу, але і маглі падказаць, куды лепш сха­дзіць паесці, якія месцы абавязкова наведаць.

Карысная вандроўка доўжылася больш за 20 дзён. 26 кастрычніка беларусы прыляцелі ў першы пункт свайго маршруту — Вашынг­тон. Пазней яны пабываюць у Порт­лендзе, Мінеапалісе, Акроне і Чыкага, але пакуль пабудзем з вамі ў сталіцы ЗША.

— Мы прыляцелі ў Вашынгтон у суботу, у нас былі два выхадныя. Наведалі ўсе даступныя музеі: Нацыянальны музей авіяцыі і астранаўтыкі, Нацыянальны музей прыродазнаўства (там здымалі фільм “Ноч у музеі” — Заўвага аўтара.), Нацыянальную галерэю мастацтваў і інш. У панядзелак у нас пачалася афіцыйная частка. Мы наведвалі ўніверсітэты, прафесійныя клубы амерыканскага футбола і хакея, базу баскетбольнага клуба Minnesota Timberwolves, розныя школы, некалькі цэнтраў для людзей з павышанымі патрэбамі (менавіта так у ЗША называюць тых, хто ў нас — “людзі з абмежаванымі магчымасцямі” — Заўвага аўтара.).

У Амерыцы ёсць два тыпы школ: агульнаадукацыйныя і платныя. У першыя ходзіць вельмі шмат дзяцей, таму ў адным класе можа быць 50—60 чалавек. З імі працуюць 2—3 настаўнікі. Што цікава, школы не маюць нейкай агульнай праграмы, зацверджанай міністэрствам. Кожная ўстанова можа выбіраць свой шлях развіцця, свой кірунак. Міністэрства адукацыі адказвае за фінансаванне, інклюзіўную адукацыю, навучанне замежнікаў і шчыльна супрацоўнічае з іншымі ведамствамі, напрыклад з Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Гэта адзін з самых важных напрамкаў, бо ўвага да здаровага харчавання ў краіне, асабліва да харчавання школьнікаў, вельмі высокая. Валерый Віктаравіч гаворыц­ь, што заўважаў там шмат людзей з бутэлечкай вады. Яно і зразумела: пітны рэжым адыгрывае не апошнюю ролю ў здаровым ладзе жыцця.

— Фізічная культура ў амерыканскіх школах — абавязковы прадмет да 9 класа. Потым ідзе накіраванасць на спорт. Нішу нашых спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ займаюць звычайныя школы. Напрыклад, узровень школьных спаборніцтваў можна супаставіць з нашымі рэспубліканскімі. Каб прыйсці паглядзець, трэба купіць білет, але ад гэтага людзей не становіцца менш, — гаворыць настаўнік. — Мы былі ў Портлендзе на матчы па амерыканскім футболе паміж школамі. Сказаць, што я быў здзіўлены, гэта нічога не сказаць. Як віталі гэтыя каманды, які перформанс яны зрабілі, якія банеры прынеслі. Бацькі з кветкамі, дыктар на стадыёне, школьны аркестр.

Школьныя спаборніцтвы праходзяць на нейкіх мікра- і міні-пляцоўках. Ёсць сустрэчы каманд некалькіх раёнаў ці нават кварталаў.

Адзін з момантаў, які здзі­віў беларускага настаўніка, — у ЗША на ўрокі фізічнай культуры ходзяц­ь усе, незалежна ад стану здароўя.

— Калі я гаварыў, што ў нашай краіне вельмі важна мець медыцынскую даведку для заняткаў, што ў нас доктар можа вызваліць ад іх, то амерыканскія калегі рабілі велізарныя вочы. На сустрэчах я заўважыў, што ўсюды існуе безбар’ернае асяроддзе, намеснік міністра адукацыі нам раздавала візітоўкі, там, акрамя звычайнага шрыфту, быў яшчэ і шрыфт для невідушчых. Гэтак жа і ў ліфце з кнопкамі. Да таго ж яны знаходзяцца на такой вышыні, каб чалавек у калясцы мог спакойна да іх дастаць. Мы наведалі цэнтр, дзе займаюцца з людзьмі з павышанымі патрэбамі, нам без усякіх ваганняў прапанавалі пагуляць у баскетбол на інвалідных калясках, — узгадвае Валерый Зярненка. — Для іх гэта нармальна, яны гэтым жывуць. Доўгі час у ЗША была праблема доступу дзяўчынак да спорту, але цяпер з гэтым актыўна змагаюц­ца, і такіх момантаў практычна не ў­знікае.

Школа Леброна Джэймса ў Акроне пакінула ў педагога незабыўныя ўражанні. Яна адкрылася летам 2018 года дзякуючы зорцы
НБА Леброну Джэймсу, які нара­дзіўся ў гэтым горадзе. Вучні — дзеці з малазабяспечаных сем’яў. У школе створаны максімальныя ўмовы для развіцця дзяўчынак, хлопчыкаў і іх бацькоў: бясплатнае навучанне, бясплатная форма, веласіпед, шлем, снеданне, абед і закускі, існуе дапамога з працаўладкаваннем бацькоў і інш. Калі пачытаць біяграфію Леброна Джэйм­са, становіцца зразумела, чаму ўсё зроблена менавіта так.

— Сцены школы аддадзены дзецям: гэта нейкія плакаты, дадатковыя матэрыялы, шыльды, дэвізы, гімны, малюнкі, вырабы. Урок заўсёды пачынаецца з таго, што па мясцовым радыё дзіця дыктуе клятву. Потым право­дзіцца рэфлексія: вучні паказваюць, у якім настроі прыйшлі. Ёсць спецыяльны пакой для тых, каму трэба пабыць аднаму. Я размаўляў з настаўнікам фізічнай культуры і папрасіў яго расказаць, як ён рыхтуецца да ўрока, якая ў іх праграма. Ён мне вынес велізарную папку, а там толькі рэкамендацыі камітэта. Гэта мяне крыху насцярожыла, — гаворыць Валерый Віктаравіч.

Клятва ў школе Леброна Джэймса:

«Абяцаю хадзіць у школу, слухаць настаўнікаў, таму што яны дапамагаюць засвойваць новае. Задаваць пытанні, знаходзіць адказы, не здавацца, нягледзячы ні на што. Старацца з усіх сіл, дапамагаць і паважаць іншых. Весці здаровы лад жыцця, есці здаровую ежу, быць актыўным, рабіць правільны выбар. Атрымліваць задавальненне ад жыцця».

Паказалі ўдзельнікам праграмы і школы ў небяспечных раёнах. У Чыкага, напрыклад, беларусы пабывалі ва ўстанове, каля якой можна пачуць выстралы са зброі. І такое цягнецца ўжо каля 50 гадоў, аднак многія жыхары раёна, напэўна, ужо і забылі, за што змагаюцца, чаго хочуць дабіцца.

— У падобную школу мы ездзілі і на ўскраіну Вашынгтона. Праўда, там сітуацыя крыху лепшая: побач знаходзіцца вялізны бейсбольны цэнтр, дзе дзеці з маламаёмных сем’яў могуць бясплатна займацца і праводзіць час, пакуль іх бацькі зарабляюць грошы ці нічога не робяць. За межамі цэнтра зусім іншая сітуацыя, перастрэлкі. Гэта цяжка супаставіць: тут такі мірны астравок, а за ім гінуць людзі.

Пазашкольная дзейнасць для падтрымкі ў дзяцей цікавасці да заняткаў сваім здароўем шматбаковая. Акрамя спаборніцтваў, пра якія Валерый Зярненка расказваў вышэй, ёсць дзіцячыя лагеры, спецыяльныя праграмы. Існуе незвычайны спартыўны і аздараўленчы лагер, дзе час з выхаванцамі праводзяць паліцэйскія-валанцёры. Разам яны гуляюць, вучацца, такім дарослым ёсць што расказаць дзецям. Дарэчы, выхаванцы не ведаюць, што побач з імі знаходзяцца паліцэйскія, усе карты раскрываюцца ў апошні дзень.

— У свой час я праводзіў нешта падобнае, калі трэніраваў міні-футбольны клуб “Ахова-Дынама”. Вельмі часта ў сваю школу прывозіў міліцыянераў, і яны гулялі з вучнямі ў футбол. Але ў ЗША гэта, вядома, на больш глабальным узроўні. Мне здаецца, было б цікава папулярызаваць такую форму су­працоўніцтва з работнікамі міліцыі, МНС. Запрасіць туды цяжкіх дзяцей, якія стаяць на ўліку, знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Незвычайная і карысная рэч — сетка фітнес-цэнтраў UMCA. Усе цэнтры працуюць з раніцы і да позняга вечара. Там ёсць басейны, трэнажорныя залы, баскетбольныя, тэнісныя, дзіцячыя і іншыя пляцоўкі. Кошт невялікі для ўсёй сям’і, а займацца можна неабмежавана па часе. У такіх цэнтрах, па назіраннях Валерыя Зярненкі, заў­сёды шматлюдна.


— Беларускім настаўнікам узяць штосьці ў калег з ЗША, якія больш, напэўна, масавікі-забаўнікі, вельмі цяжка. У амерыканцаў на чале ўсяго стаяць іншыя каштоўнасці: у нас гэта ў першую чаргу навучанне і аздараўленне, а ў іх, як мне падалося, — проста баўленне часу.

А вось на пазашкольных мерапрыемствах вопыт спатрэбіцца. Валерыю Віктаравічу вельмі спадабалася, што амерыканцы да многага прыцягваюць бацькоў, разнастайныя супольнасці. Ёсць у іх каля школы больш-менш паспяховая пякарня або цырульня — яны з ёй робяць які-небудзь праект.

ЗША не баяцца актыўна пераймаць вопыт іншых краін у галіне адукацыі. Асаблівая ўвага — сістэмам Інданезіі, Філіпін і Фінляндыі. Таксама амерыканцы абапіраюцца на вопыт расійскай і беларускай школы. Толькі не на распрацоўкі, а на людзей — настаўнікаў.

Захацелася ў Амерыку? Шчыра, мне — вельмі. Паглядзець, паслухаць, запомніць, прывезці ў Беларусь, перапрацаваць і пачаць прымяняць. Як аказалася, атрымаць “залаты білет” у Новы Свет магчыма.

— Трэба спрабаваць, — матывуе Валерый Віктаравіч. — Калі я расказваю пра гэты вопыт на сваіх лекцыях у БДУФК, то чую ўсмешкі: “Напэўна, хтосьці дапамог”. На самай справе, не. Пасольства ЗША ў нашай краіне актыўна набірае беларусаў на падобныя праграмы. Не трэба баяцца, трэба заяўляць пра сябе.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.В.Зярненкі.