Трэйлер для кнігі

27 студзеня ў Беларусі стартаваў Рэспубліканскі конкурс буктрэйлераў “Кніга з экрана”. Як за паўтары мінуты пераканаць гледача пераключыць сваю ўвагу з экрана на кніжныя старонкі? Як натхніць моладзь пайсці ў бібліятэку ці ў кнігарню? Як выклікаць жаданне сабраць сваю бібліятэку: не віртуальную ў мабільным тэлефоне, а рэальную на паліцы. Свой варыянт прапаноўваюць удзельнікі праекта — члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі сумесна з Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

— Ідэя гэтага праекта належыць самой моладзі, — тлумачыць Юлія Зінкевіч, сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ. — Буктрэйлер — гэта невялікі відэаролік пра кнігу, які за паўтары мінуты павінен зацікавіць любога чалавека ўзяць у рукі жывую кнігу і прачытаць яе. Такі трэйлер стварыць не вельмі лёгка. Па-першае, для гэтага трэба выбраць кнігу, вылучыць у ёй галоўнае і за паўтары мінуты натхніць гледача пайсці ў бібліятэку ці ў кнігарню па гэтую кнігу. Па-другое, трэба напісаць сцэнарый. Ён можа быць створаны з нуля ці на аснове відэафільмаў, вершаў, малюнкаў — форма розная. Далей трэба стварыць каманду і ўсё гэта зняць, пакінуўшы пэўную інтрыгу. Буктрэйлер стварае нотку недаказанасці. Ты яго глядзіш, ён заканчваецца, і ты разумееш: што далей, ты зможаш даведацца толькі з кнігі.

Конкурс пройдзе ў два этапы па тры туры ў кожным: раённы (гарадскі), абласны і рэспубліканскі. Першы этап стартаваў 27 студзеня і прадоўжыцца да красавіка. Ён будзе прысвечаны 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Другі этап прымеркаваны да Года малой радзімы. У жніўні будуць падведзены вынікі праекта.

Уладзімір Андрыевіч, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, гаворыць:

— Самае важнае і галоўнае — папулярызацыя кнігі сярод моладзі, якая, як мы ведаем, сёння больш часу праводзіць у інтэрнэце і ў смартфонах. Мы хочам далучыць моладзь да чытання і натхніць яе сабраць сабе невялікую бібліятэчку. Конкурс будзе прысвечаны 75-годдзю Перамогі і Году малой радзімы — гэта асноўныя, актуальныя тэмы, якія заўсёды будуць жыць. Важна выявіць тыя асноўныя пасылы ў кнізе, якія адлюстроўваюць гэтую тэму. Тым самым мы далучаем маладых людзей да пазнання сваёй краіны, каб яны ведалі і сваю гісторыю, і свае традыцыі і ўдзельнічалі ў падобных конкурсах. Цяпер моладзь вельмі актыўная.

Рэспубліканскі конкурс буктрэйлераў “Кніга з экрана” стане падмогай для ўсіх, хто шукае новыя формы папулярызацыі кнігі сярод моладзі. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі: “Мы з ахвотай падтрымалі прапанову БРСМ правесці конкурс буктрэйлераў. Для нас гэта новая форма, і мы гатовы апрабаваць яе ў маштабах рэспублікі. Праект цікавы не толькі тым, хто звязаны з вытворчасцю і выданнем кніг, але і тым, хто захапляецца чытаннем, шукае сваю кнігу. Якім будзе конкурс у цэлым, залежыць ад саміх маладых людзей, ад таго, як яны адчуюць аўтара, тэму кнігі, як праявяць сваю творчасць. Больш за тое, мы плануем, што конкурс будзе не эпізадычным, а ключавым мерапрыемствам ва ўзаемадзеянні з БРСМ. Магчыма, ён стане часткай папулярных сярод мола­дзі праектаў: Міжнароднай кніжнай выставы, Дня пісьменнасці, выставы СМІ ў Беларусі. Думаю, што сустрэчы з аўтарамі кніг і буктрэйлераў будуць цікавымі і ў фармаце адкрытых дыялогаў, бо выхаванне літаратурай, далучэнне маладзёжнай аўдыторыі да кнігі цяжка пераацаніць”.

Як адзначыла Юлія Зінкевіч, работы будуць размешчаны як на афіцыйных старонках БРСМ у сацыяльных сетках, так і на рэсурсах Міністэрства інфармацыі, Саюза пісьменнікаў, таму лепшыя буктрэйлеры можна будзе паглядзець, спампаваць і зацікавіцца той ці іншай кнігай.

Святлана НІКІФАРАВА.