Так гучала тэматыка міжнароднага навукова-метадычнага семінара, які прайшоў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Разам з дзяржуніверсітэтам арганізатарамі навуковага мерапрыемства выступілі Мелітопальскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Багдана Хмяльніцкага, Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Францыска Скарыны.

Асноўная тэма семінара — выкарыстанне электронных сродкаў навучання падчас выкладання філалагічных дысцыплін, анлайн-курсы ў падрыхтоўцы кампетэнтнага спецыяліста-філолага, медыяадукаванасць у сучасным грамадстве.
Міжнародны навукова-метадычны форум праводзіўся на базе філалагічнага факультэта і стаў працягам трывалага і плённага супрацоўніцтва кафедры беларускай мовы ГДУ імя Францыска Скарыны з філалагічным факультэтам Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага (Запарожская вобласць, Украіна).
Госці з Украіны — выкладчыкі кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага — загадчык кафедры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Шарова, кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры Аліна Зямлянская, кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры Сяргей Шароў цікава расказалі пра ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у прафесійную падрыхтоўку будучых філолагаў.
Заяўленая тэма навукова-метадычнага семінара выклікала захапленне не толькі ў выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага дзяржуніверсітэта. Майстар-класы ўкраінскіх і беларускіх калег наведалі прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі Гомеля, аб’ектам навукова-метадычнай дзейнасці якіх з’яўляецца выкладанне філалагічных дысцыплін. У рабоце семінара прыняла ўдзел загадчык кафедры замежных моў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірына Бароўская.
Уласным метадычным вопытам выкладання лінгвістычных дысцыплін падзяліліся з калегамі выкладчыкі ГДУ імя Францыска Скарыны, сярод якіх — доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Ляшчынская, доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы Аляксандра Станкевіч.
Ганаровыя граматы, падзякі і сертыфікаты аб удзеле ў семінары ўручыла загадчык кафедры беларускай мовы ГДУ імя Францыска Скарыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Воінава.
Кацярына ХАЗАНАВА,
дацэнт кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.