Трэнер каманды Мінска Піліп Шыдлоўскі: адметную ролю ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў набывае навукова-даследчая работа

- 9:02Главная, Знак качества, Образование

У педагагічнай грамадскасці Мінска прозвішча Шыдлоўскі — гучнае і добра вядомае. 4 пакаленні гэтай педагагічнай дынастыі трывала ўвайшлі ў гісторыю адукацыйнай галіны. Піліп Канстанцінавіч — адзін з прадстаўнікоў гэтай сям’і. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прызванне ў генах

За кароткі час работы настаўнікам геаграфіі ў сталічнай гімназіі № 39, якую ён і сам скончыў, ён стаў прызёрам гарадскога спаборніцтва прафесійнага майстэрства “Педагагічны дэбют”, аўтарам навуковых даследаванняў, удзельнікам і пераможцам шматлікіх праектаў.

Найбольш прыкметнай рысай у яго рабоце стала развіццё ў сталіцы алімпіяднага руху. Піліп Канстанцінавіч — распрацоўшчык алімпіядных заданняў, трэнер каманды горада, кіраўнік зборнай каманды Фрунзенскага раёна сталіцы, член журы спаборніцтваў. Сёмы год ён займаецца падрыхтоўкай сваіх вучняў да алімпіяд, сярод яго выхаванцаў — пераможцы раённых, гарадскіх спаборніцтваў, уладальнікі дыпломаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. На працягу апошніх гадоў яго выпускнікі паступаюць на факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Істотныя знаходкі і здабыткі Піліпа Канстанцінавіча ў педагагічнай дзейнасці, высокі аўтарытэт у калектыве гімназіі паспрыялі адкрыццю ў гэтым навучальным годзе профільнага матэматычна-геаграфічнага класа пры дзейснай падтрымцы дырэктара гімназіі Ірыны Міка­лаеўны Місявец.

Сёння алімпіядны рух набывае новыя рысы. Выклікае захапленне перамога юнага брэстаўчаніна Мікалая Місіюка, які на міжнароднай алімпіядзе ў Тайландзе разам з залатым медалём атрымаў тытул абсалютнага чэмпіёна і лепшага юнага географа свету. Гэты беспрэцэдэнтны поспех дадае статутнасці нашай сістэме адукацыі і непасрэдна вучэбнаму прадмету “Геаграфія”. Пла­нуецца развіваць круглагадовую алімпіяду па вучэбных прадметах, тым самым раскрываць не толькі таленты навучэнцаў, але і павы­шаць прафесіяналізм педагогаў, якія займаюцца алімпіядамі.

Геаграфічны рэцэпт

— Алімпіяды дапамага­юць зірнуць на кожны вучэбны прадмет пад іншым ракурсам, раскрыва­юць творчае мысленне, паглыбляюць веды, матывуюць да новых здзяй­сненняў, — дзеліцца думкамі Піліп Канстанцінавіч. — Геаграфія па сваёй сутнасці ўнікальны прадмет. І мая задача — прадставіць яе ўнікаль­насць сваім выхаванцам. У геаграфіі разглядаюцца працэсы і з’явы, якія маюць як прыродны, так і са­цыяльны характар. Гэтае іх узаемадзеянне фарміруе ў вучняў сістэмнае, сацыяльна арыен­таванае ўяўленне аб Зямлі як планеце людзей. У выніку навучання можа быць не так важны аб’ём геаграфічных ведаў, здабытых на ўроках. Галоўнае — уменне іх прымя­няць у жыцці, у асабістым развіцці, у фарміраванні стаўлення да навакольнага свету, прыроды. У гэтым прадмеце сканцэнтравана не толькі геаграфічная інфармацыя, у ім — інтэграваныя веды па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі і нават па літаратуры і гісторыі.

Далучыць вучняў да геаграфічнай сферы, павысіць цікавасць да прадмета, развіць актыўнасць і зацікаўленасць дзяцей на ўроках геаграфіі настаўнік лічыць сваёй педагагічнай мэтай.

Увогуле, сама праца настаўніка — складаны працэс, які ніколі не спыняецца. Ён патрабуе ўдасканалення прафесійнага майстэрства, пастаяннага абнаўлення здабытага вопыту з улікам новых рэалій.

Тэмы для алімпіяд па геаграфіі ахопліваюць увесь курс школьнай праграмы, уключаюць фізічную, эканамічную і сацыяльную геаграфію, геаграфію мацерыкоў, акіянаў, а таксама геаграфію Беларусі і свету ў цэлым. Калі гэта фізічная геаграфія, то мала ведаць, напрыклад, які акіян самы вялікі ў свеце, а які самы маленькі. Школьнік павінен ведаць і апісваць усе працэсы, якія тычацца акіяна, ведаць яго флору і фаўну, як яна выкарыстоўваецца, якія краіны размешчаны каля акіяна, якія адбываюцца прыродныя з’явы, як уплываць на жыццё насельніцтва і інш. У падрыхтоўцы да алімпіяды па-за школьнай праграмай неабходна дадатковая адукацыя на факультатыўных і стымулюючых занятках, у творчых аб’яднаннях, а цяпер яшчэ і ў геаграфічным профільным класе. Адметную ролю ў якаснай пад­рыхтоўцы алімпіяднікаў набывае навукова-даследчая работа, якую вядуць навучэнцы, і гэта не публіцыстычная інфармацыя, а грунтоўнае даследаванне па тым ці іншым кірунку. Выхаванцы Піліпа Канстанцінавіча стваралі, напрыклад, артбук пра флору і фаўну, якія ўвайшлі ў Чырвоную кнігу, а таксама распрацоўвалі даследчыя праекты пра метэарыты.

— У развіцці пазнавальнай, творчай актыўнасці навучэнцаў, іх самастойнага, пошукавага, даследчага мыслення падрыхтоўка да алімпіяды павінна быць сістэматычнай, — адзначае настаўнік. — Неабходна падтрымліваць у вучняў пастаянную ціка­васць да прадмета як на ўроку, так і ў час канікул.

Поле пазнання

Заданні ў алімпіядзе практыка-арыентаваныя. Для выхаванцаў Піліпа Канстанцінавіча найбольш любімым з’яўляецца мультымедыйны тур. У камп’ютары закладзены прэзентацыі ў выглядзе слайдаў, кожны з якіх мае адно заданне ў выглядзе малюнка, напрыклад, сцяга, па якім трэба вызначыць, якой краіне ён належыць. Могуць быць выкарыстаны малюнкі жывёл, раслін, і трэба назваць, якую прыродную зону яны прадстаўляюць.

 — Я разумею, што дзецям цяжка вывучыць той аб’ём матэрыялу, які трэба ведаць для ўдзелу ў алімпіядзе, — разважае Піліп Канстанцінавіч. — Таму я хачу іх навучыць геаграфічна думаць, разважаць, асэнсоўваць патрэбную інфармацыю. Калі яны ведаюць асновы функцыянавання геаграфічных абалонак, канкрэтныя прыклады, то я вучу іх адштурхоўвацца ад гэтых дакладных звестак і далей пачынаць разважаць. Ёсць нават прыклады, калі навучэнец пасля выканання задання алімпіяды сам здзіўляецца, маўляў, як ён змог правільна адказаць, калі, здавалася б, не ведаў адказу. У гэтым выпадку адназначна спрацавала геаграфічнае мысленне.

Гульнявы кругаварот

Яшчэ ў курсавой рабоце па методыцы выкладання геаграфіі, якую Піліп Канстанцінавіч напісаў, калі вучыўся на геафаку ў БДУ, ён распрацаваў мноства разнастайных практыкаванняў для школьнікаў, каб заціка­віць іх вучобай. Цяпер ідзе працэс удасканалення і карэкцыі гэтых методык. Але самае важнае ў іх застаецца і сёння: найбольш эфектыўнай формай правядзення ўрока з’яўляецца гульня. Менавіта падчас гульні ў дзяцей прачынаецца азарт, узнімаецца настрой, кожны імкнецца паказаць сябе з лепшага боку, стаць лідарам. У ёй звычайна задзейнічаны кожны вучань у класе. Якіх толькі гульняў не праводзіць настаўнік! Многія можна пазнаць па вядомых назвах: “Бінга”, “Снежны камяк”, “Кіндар-сюрпрыз”, “Адгадайка”, “Ён у акулярах — яму відней” — усе яны дзецям вельмі падабаюцца. У гульнявой форме навучэнцы з дапамогай малюнкаў, лялек, слайдаў вывуча­юць флору і фаўну краін, краявіды, славутасці гарадоў і сельскай мясцовасці. Захоплівае і гульня, калі ў сюжэце мультфільмаў трэба знайсці недакладнасці ў навакольным асяроддзі і выправіць іх. А які прыцягальны праект, дзе вучні выступаюць у ролі кінапрадзюсараў і падбіраюць натуру для свайго будучага фільма. Вельмі спрыяе навучанню нагляднасць: дзецям падабаецца разглядаць мінералы, іншыя выкапні, дакранацца да ландшафту, зробленага сваімі рукамі, да тых солей, якія фарміруюць рэльеф і залежы горных парод. Настаўнік таксама праводзіць дыктоўкі, стварае наглядныя карты геаграфічных аб’ектаў і інш.

Калі, напрыклад, разглядаецца харчовая і малочная прамысловасць, настаўнік дае заданне купіць нейкі прысмак, пакаштаваць яго, потым скласці буклет з інфармацыяй пра яго якасці, кошт, у якім магазіне куплены, прыкласці ўпакоўку. Некаторыя не абмяжоўваюцца толькі прысмакамі, а прыносяць буклеты пра каўбасу, пельмені, сыр. Так, ад дзяцей Піліп Канстанцінавіч даведаўся пра невядомы яму раней від глазураванага сыр­ка, смак якога яму вельмі спадабаўся, і ён рэгулярна стаў куп­ляць яго.

Піліп Канстанцінавіч прыдумаў шмат спосабаў, як праверыць у дзяцей дамашняе заданне. Проста пераказваць зададзены параграф сёння не ў пашане. У настаўніка шмат спосабаў праверкі ведаў, і паўтараюцца яны толькі пару разоў у чвэрці.

Кожны раз перад пачаткам урока школьнікі цікавяцца, як сёння настаўнік будзе правяраць дамашняе заданне. Піліп Канстанцінавіч захоўвае інтрыгу і толькі на ўроку раскрывае таямніцу.

Гэта можа быць раскрыццё тэмы ў пісьмовай форме, у гульнявой, у форме прэзентацыі тэмы, гутаркі. Практыкуе настаўнік і такую форму, калі дзеці могуць апытваць адно аднаго, па-суседску седзячы за адным сталом. Ім цікава ў такі момант адчуць сябе настаўнікам.

Два ў адным

Часта гучаць меркаванні, што калі настаўнік захоплены алімпіядным рухам, то на ўроку больш увагі ўдзяляе матываваным дзецям. Піліп Канстанцінавіч лічыць, што дзеці ў сваёй большасці матываваныя. Хтосьці — на паглыбленае вывучэнне геаграфіі, хтосьці — на іншы прадмет. Скіроўваць інтарэсы ўсіх школьнікаў толькі на адну сферу пазнання немагчыма і бессэнсоўна.

— Я стаўлюся да алімпіяднага руху не як да самамэты, — разважае Піліп Канстанцінавіч. — Не ўсе вучні могуць і хочуць дасканала разбірацца ў геаграфічных працэсах, але кожны з іх павінен ведаць агульныя ўяўленні пра геа­графію, каб быць адукаваным чалавекам. Я імкнуся наву­чыць дзяцей самому працэсу атрымання ведаў, уменню знаходзіць патрэбную інфармацыю, самастойна яе выкарыстоўваць. Таму на ўроках пануе творчая атмасфера, асаблівы настрой вучыцца і паказ­ваць добрыя вынікі. Калі дзецям не сумна, то адразу адчуваеш іх зацікаўленасць у навучанні, павышаную працаздольнасць.

Піліп Канстанцінавіч любіць дзяцей, і гэта асноўная рыса яго характару. Настаўнік сябруе і з баць­камі сваіх выхаванцаў (дарэчы, паралельна з настаўніцкай працай вядзе класнае кіраўніцтва). Ён не падзяляе вучэбны і выхаваўчы працэсы, а гарманічна іх спалучае:

— Разам з краінамі свету мы пазнаём родную Беларусь, вучымся любіць і шанаваць яе, вывучаючы краявіды, гісторыю, культуру. Тым самым ненавязліва закладваем у душу дзяцей высокія пачуцці грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай годнасці. Маршрут вызначаны, галоўнае — яго пераадолець.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА