Трэцяя музейная зала — трэцяму тысячагоддзю

- 14:31Выхаваўчая прастора, Рознае

Нядаўна ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХІІ Рэспубліканскага турысцкага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Ганаровае месца сярод прызёраў пашчасціла заняць і Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч. У намінацыі “Экскурсавод года” ўстанова ўзнагароджана граматай за распрацоўку і ўкараненне мастацтвазнаўчых экскурсій, якія прапагандуюць экскурсійныя магчымасці Чэрвеньшчыны. Гэтаму выніку папярэднічала вялікая карпатлівая работа і кіраўніка музея “Прастора Хаіма Суціна” Святланы Якаўлеўны Хасяневіч, і педагагічнага калектыву, і, канечне, дзяцей — юных экскурсаводаў.

Намінацыя “Экскурсавод года” была выбрана не выпадкова. Кожны госць нашага цэнтра абавязкова мае зносіны з экскурсаводам. Менавіта ад гэтых зносін складваецца першае ўражанне пра ўстанову. Святлана Якаўлеўна ўмее з першых хвілін зачараваць гасцей гасціннасцю, эрудзіраванасцю і схіляе іх да далейшага і прыемнага правядзення часу. Педагог самастойна распрацоўвае ўнікальныя тэксты экскурсійных праграм (іх ужо дзесяць). Нават калі вы вырашыце наведаць наш музей у другі, трэці раз, змест экскурсій будзе ўжо іншым: новыя факты, падзеі і падача матэрыялу.
Вас абавязкова чакае адчуванне атмасферы Парыжа пачатку ХХ стагоддзя ў адной з залаў музея (кубачак кавы, прагляд фільма з серыі “Мастакі Парыжскай школы — ураджэнцы Беларусі”). Правядзенне экскурсій часта спалучаецца з арганізацыяй пленэраў, тэматыка якіх звязана з імёнамі ўраджэнцаў і жыхароў Смілавіч і раёна, якія ўнеслі значны ўклад у культурную спадчыну Чэрвеньшчыны. У канцы экскурсій праводзяцца віктарыны для самых уважлівых, што дазваляе падагульніць інфармацыю і акцэнтаваць увагу прысутных на асноўных момантах экскурсіі. Пераможцам віктарын уручаюцца сувеніры з лагатыпам музея. Трэба адзначыць плённую работу Святланы Якаўлеўны па падрыхтоўцы юных экскурсаводаў. Пра гэта гавораць высокія дасягненні па выніках удзелу навучэнцаў нашага цэнтра ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Нашай установе ўпершыню выпаў гонар удзельнічаць у ІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які нядаўна праходзіў у Гомелі. Свае экспазіцыі прадэманстравалі каля 150 дзяржаўных, ведамасных і грамадскіх арганізацый, а таксама кампаній, якія працуюць у сферы музейных тэхналогій і індустрый. Асобным блокам былі прадстаўлены нацыянальныя музеі і музеі-запаведнікі. Акрамя гэтага, прайшлі майстар-класы з удзелам прафесіяналаў у галіне музеялогіі і музейнай дзейнасці Беларусі, Расіі, Германіі, Славакіі і Літвы.
Пераможца мінулагодняга Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў Міхаіл Дзятко прадставіў прэзентацыю “Віртуальны музей “Прастора Хаіма Суціна”. Экспазіцыю нашага музея наведаў ганаровы госць з Расійскай Федэрацыі — сустаршыня журы форуму генеральны дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі; намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік; генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. Вялікую цікавасць да прадметаў і матэрыялаў нашай экспазіцыі праявілі і юныя наведвальнікі форуму, у тым ліку і малодшыя школьнікі. Гэта гаворыць пра тое, што дзяцей прыцягвае мастацкая творчасць і культурная спадчына нашых суайчыннікаў. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” прайшла ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Музей Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч быў адзначаны дыпломам удзельніка форуму і спецыяльным дыпломам за рэалізацыю культурна-адукацыйнага праекта “Прастора Хаіма Суціна”.
І гэта толькі пачатак вялікага шляху ў трэцяе тысячагоддзе. А наперадзе — адкрыццё трэцяй залы музейнай экспазіцыі, якая будзе прысвечана яшчэ аднаму мастаку — прадстаўніку Парыжскай школы ўраджэнцу Смілавіч Шрагу-Файбіш Царфіну.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,
дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смілавіч
Чэрвеньскага раёна.