Тры, два, адзін — паехалі!

Гэтая каманда, як і 56 гадоў назад пры запуску легендарнага касмічнага карабля “Усход-1” з першым касманаўтам свету Юрыем Гагарыным на борце, прагучала 12 красавіка. А далі яе навучэнцы 22-й гродзенскай школы, якія сталі сведкамі запуску мадэлей ракет. Гасцямі школьнікаў у гэты дзень былі члены лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці.

Дзень касманаўтыкі быў адзначаны ў школе выставай малюнкаў вучняў 1—4 класаў. Побач з ёй разгарнулася выстава мадэлей ракет. Віктарына, якую правёў загадчык спартыўна-тэхнічнага аддзела цэнтра тэхнічнай творчасці і кіраўнік лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Аляксандр Ліпай, выявіла лепшых знаўцаў касмічнай тэматыкі. Дарэчы, пераможцай віктарыны стала навучэнка шостага класа Аксана Дзяніс, а за лепшы малюнак была адзначана навучэнка трэцяга класа Аліса Буткевіч.

— Калі Аляксандр Мікалаевіч Ліпай прапанаваў нам разам адзначыць Дзень касманаўтыкі, мы з задавальненнем згадзіліся, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 22 Вікторыя Саўко. — У школе працуе гурток пачатковага тэхнічнага мадэлявання, так што выстава мадэлей ракет, а потым запуск іх у школьным двары, канечне, прываблівалі дзяцей.

А яшчэ да школьнікаў звярнуліся з прывітаннем касманаўты. Дзякуючы супрацоўніцтву з рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Аструм” з Масквы, А.М.Ліпай атрымаў відэаролік са зваротам касманаўтаў, якія зараз знаходзяцца на Міжнароднай касмічнай станцыі. Асабліва прыемна было пачуць з борта МКС нашага земляка Алега Навіцкага.

Амаль уся школа сабралася потым у двары, каб назіраць запуск ракет-мадэлей. Разам з Аляксандрам Мікалаевічам у запуску ўдзельнічаў пераможца чэмпіянату свету па ракетамадэльным спорце 2016 года навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Кірыл Жабравец, а таксама выхаванцы гуртка шасцікласнікі Антон Адамчук і Ілья Руткоўскі.

— Па традыцыі, мы спачатку запускаем невялікія мадэлі, потым ракету з сімволікай Беларусі, а ў канцы дакладную копію ракеты “Усход-1” у маштабе 1:28, на якой здзейсніў свой палёт вакол Зямлі Юрый Гагарын, — гаворыць Аляксандр Ліпай. — Канечне, гэтыя запускі нельга параўнаць з запускамі сапраўдных касмічных караблёў з касмадрома Байканура, якія пашчасціла бачыць нашым гурткоўцам. Але і гэтыя запускі для многіх дзяцей становяцца першым крокам да цікавага занятку — ракетна-касмічнага мадэлявання.

Менавіта з такой сустрэчы ў школе пачалося захапленне Кірыла Жабраўца. Тады ён вучыўся ў пятым класе, а зараз намініраваны на медаль Андрэя Тупалева Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі. Узнагарода ўручаецца за вялікі ўклад у развіццё авіяцыі і касманаўтыкі. Гэтым медалём узнагароджваецца таксама мадэліст, які на працягу года становіцца пераможцам Нацыянальнага чэмпіянату і чэмпіянату свету па ракетамадэльным спорце.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *