“Адкрытая інавацыйная адукацыйная платформа злучае студэнтаў, навукоўцаў і прадпрымальнікаў дзеля падтрымкі інавацый”, — гэтыя словы сталі своеасаблівым эпіграфам сайта праекта ІНАЛАБ.
Рэгіянальны цэнтр інавацыйнай дзейнасці “ІНАЛАБ” створаны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў выніку рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праграме TEMPUS. Цэнтр павінен садзейнічаць эфектыўнаму ўзаемадзеянню ўніверсітэта, прадпрыемстваў і арганізацый, прыцягненню вучоных і студэнтаў да актыўнага ўдзелу ў вырашэнні рэальных вытворчых задач, у тым ліку ў межах вучэбнага працэсу пры выкананні курсавых і дыпломных работ.
У міжнародным праекце, які разлічаны да лютага 2015 года, удзельнічаюць прадстаўнікі пяці краін: Беларусі, Украіны, Англіі, Эстоніі і Грэцыі. Каардынатар праекта — універсітэт Брэдфарда (Англія). Удзельнікі з Беларусі — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Украіну прадстаўляюць Ужгарадскі нацыянальны ўніверсітэт, Нацыянальны ўніверсітэт “Кіева-Магілянская акадэмія”, Харкаўскі політэхнічны інстытут, Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, фонд “Бізнес-інкубатар” Цярнопаля. Удзельнікамі праекта таксама з’яўляюцца Талінскі тэхнічны ўніверсітэт (Эстонія) і Даследчы цэнтр гарадскога планавання і рэгіянальнага развіцця ўніверсітэта Арыстоцеля (Салонікі, Грэцыя).
Расказвае кіраўнік праекта ад ГрДУ імя Янкі Купалы дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй ГЕРМАН: “Гродзенскі ўніверсітэт — акрэдытаваная навуковая арганізацыя. Аб высокім навуковым патэнцыяле калектыву сведчаць і лічбы: штогод выконваем больш за 130 навуковых праектаў, каля 200 укараненняў у вытворчасць, падтрымліваем звыш 20 патэнтаў. Але сёння супрацоўніцтва паміж універсітэтам і прамысловасцю затрымліваецца з-за складанасцей разумення першым бізнес-асяроддзя і недастатковай зацікаўленасці іншых у выкарыстанні ведаў, якія ствараюцца ва ўніверсітэтах.
Мэтай згаданага праекта з’яўляецца ўмацаванне сувязей паміж універсітэтамі і прадпрыемствамі шляхам стварэння сеткі інавацыйных цэнтраў, інтэграваных у вучэбны працэс і рэгіянальныя інавацыйныя экасістэмы. Інавацыйныя цэнтры дазволяць студэнцкім камандам пад кіраўніцтвам вучоных працаваць з прадпрыемствамі над вырашэннем рэальных праблем і стварэннем інавацый у межах вучэбнага працэсу”.
Расказвае кіраўнік лабараторыі метадыст навукова-даследчай часткі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена АПЯКУН: “Адна з галоўных задач праекта — падрыхтоўка студэнтаў да актыўнай інавацыйнай дзейнасці ўжо ў сценах універсітэта. На факультэце эканомікі і кіравання праводзіўся эксперымент. У праграму навучання былі ўключаны два модулі — “Крэатыўнае мысленне” і “Адкрытыя інавацыі”. Студэнты набывалі новыя веды і навыкі пры дапамозе новай формы навучання і выпрацоўкі ідэй. Праводзіліся семінарскія заняткі для апрабацыі метадычнага падыходу “Рынак ідэй”, студэнты знаёміліся з работай web-платформы “Рынку ідэй”, а таксама з анкетамі, дзе была прадстаўлена інфармацыя аб прадпрыемствах і задачах, якія там патрабуюць вырашэння. У анкетах, якія распаўсюжваліся сярод прадпрыемстваў, былі і такія пытанні: “Ці ёсць вопыт супрацоўніцтва з універсітэцкай навукай”, “Ці згодны прыцягваць студэнтаў да вырашэння пастаўленых задач” і г.д.”.
Параўнальны аналіз дынамікі каштоўнасна-матывацыйных ацэнак пасля эксперымента паказаў, што 90% студэнтаў выказаліся за тое, каб на прадпрыемствах з’явілася пасада “крэатыўнага менеджара”. Амаль 77% студэнтаў адзначылі павышэнне іх кампетэнцый для стварэння ўласнай фірмы ці прадпрыемства.
Вельмі добры вопыт набылі студэнты і падчас стажыровак у Англіі і Эстоніі.
Расказвае студэнтка юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Дар’я КЛЮЧКО: “Аб магчымасці стажыроўкі ў Талінскім тэхнічным універсітэце я даведалася з пісьма, якое атрымала па электроннай пошце. Інфармацыю аб розных семінарах і стажыроўках універсітэт дасылае ўсім зацікаўленым студэнтам. Рызыкнула адправіць матывацыйнае пісьмо і рэзюмэ.
Паездка ў Талін была вельмі інфарматыўнай. За два тыдні навучання мы стваралі ўласныя праекты, вучыліся вядзенню бізнесу, вывучалі ўзаемадзеянне “студэнт — універсітэт — прадпрыемства”. Заняткі былі арганізаваны і па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, і ў форме гульні. Таксама быў арганізаваны вельмі цікавы трэнінг — Garage48. Яго сэнс у тым, каб створаная каманда на працягу трох дзён працавала над акрэсленым праектам. Вынік работы, фінальны прадукт ацэньвала журы. Вельмі цікавым было наведванне бізнес-інкубатараў, дзе для моладзі ствараюцца льготныя ўмовы работы. Атрыманы вопыт з’яўляецца для мяне вялікім матыватарам для далейшага развіцця”.
Студэнт фізіка-тэхнічнага факультэта Мікалай КУР’ЯН пабываў на стажыроўцы ў Брэдфардзе. 18 студэнтаў з Беларусі і Украіны працавалі над праектам пад назвай “Праблемы тэкстыльнай галіны ў Брэдфардзе” ў інавацыйнай лабараторыі тэкстыльнай прамысловасці. Ідэі прадстаўляліся і ў выглядзе відэа, што было новым досведам для студэнтаў.
Здавалася б, інтэрнэт ведае ўсё, але часам неабходная інфармацыя не даходзіць да чалавека. Каб і студэнты, і магістранты даведаліся аб праекце і магчымасцях удзелу ў ім, было разаслана 15 тысяч інфармацыйных пісьмаў. Сёння кожны студэнт можа зарэгістравацца на сайце ІНАЛАБа і прапанаваць свае ідэі, рашэнне задач. Ёсць магчымасць фарміраваць каманды з розных факультэтаў. На серверы ўніверсітэта ўстаноўлены платформа IDEASMARKET і Рэгіянальная інфармацыйная платформа. Дарэчы, у эксперыменце з выкарыстаннем IDEASMARKET прынялі ўдзел звыш ста студэнтаў ГрДУ.
Другі бок праблемы — каб аб магчымасцях універсітэцкай навукі і яе прапановах ведалі бізнес і прамысловасць. Летам гэтага года адбыўся семінар “ІНАЛАБ: сумесная дзейнасць і развіццё сувязей “універсітэт — вытворчасць”, дзе ўдзельнікі праекта расказалі прадстаўнікам прамысловасці, бізнесу, улад аб рабоце створанага ў ГрДУ цэнтра. Яго работа заснавана на выкарыстанні ўнікальнага праграмнага забеспячэння адкрытай інавацыйнай платформы і “рынку ідэй”, што ў перспектыве павінна стаць дзейсным інструментам сувязі адукацыі, навуковых даследаванняў і рэгіянальнай эканомікі — таго віртуальнага трохкутніка, дзе аб’яднаныя адукацыя, даследаванні і інавацыі прынясуць рэальныя вынікі.
Гаворыць Андрэй ГЕРМАН: “Найважнейшай стратэгічнай мэтай інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта з’яўляецца падрыхтоўка новага актыўнага пакалення — выпускнікоў і ўласных супрацоўнікаў, якія валодаюць прадпрымальніцкай культурай і не баяцца інтэграцыі акадэмічных каштоўнасцей і бізнесу. Гэтае пакаленне дазволіць на базе класічнай установы адукацыі пабудаваць прадпрымальніцкі ўніверсітэт, дзе знойдуць укараненне інавацыйныя метады кіравання ўсімі асноўнымі працэсамі і будзе забяспечана ўстойлівая, узаемавыгадная сувязь навукі, бізнесу і адукацыі”.
Створаная ў прагрэсіўным фармаце воблачных тэхналогій, інавацыйная лабараторыя ўсталюе віртуальную сетку паміж удзельнікамі інавацыйнага працэсу. Яна дазволіць эфектыўна абменьвацца бізнес-ідэямі і інавацыйнымі рашэннямі паміж усімі ўдзельнікамі.
Рэалізацыя праекта дазволіць дасягнуць некалькіх вынікаў: стварэнне пяці інавацыйных лабараторый у пяці рэгіёнах — Гродне і Полацку ў Беларусі; Кіеве, Ужгарадзе і Харкаве ва Украіне; выкарыстанне платформаў для выкладання, вучобы і паляпшэння супрацоўніцтва паміж універсітэтамі і прадпрыемствамі; адкрые дадатковыя магчымасці для студэнтаў у галіне прафесійнага развіцця і пашырэння прадпрымальніцкіх навыкаў.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.