Трохузроўневая сістэма даследаванняў забароненых наркатычных сродкаў створана ў краіне

Беларусь упершыню на постсавецкай прасторы стварыла трохузроўневую сістэму даследаванняў забароненых наркатычных сродкаў. Аб гэтым заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй Швед.

“У рэспубліцы завершана работа па стварэнні трохузроўневай сістэмы судова-экспертнага забеспячэння процідзеяння нарказлачыннасці. Гэтая сістэма адзіная на постсавецкай прасторы і таму ўнікальная. Сталіца, абласныя цэнтры і вялікія раённыя вузлы не толькі аснашчаны найноўшым аналітычным абсталяваннем, якое дае магчымасць даследаваць увесь спектр наркотыкаў, але і праведзена велізарная работа па падрыхтоўцы спецыялістаў, якія з першых жа дзён уводу абсталявання ў эксплуатацыю пачалі практычную работу. Сёння кругласутачна на ўсёй тэрыторыі рэспублікі любы наркатычны сродак можа быць даследаваны на працягу 30—40 хвілін, а вынікі гэтай экспертызы неадкладна перададзены праваахоўным органам”, — растлумачыў Андрэй Швед.

Яшчэ да сярэдзіны 2015 года ўсе абласныя цэнтры былі аснашчаны сучасным аналітычным абсталяваннем — храмата-мас-спектрометрамі. Так, была створана двухузроўневая сістэма аператыўнага правядзення экспертыз наркотыкаў.

А ў другім паўгоддзі 2016 года Дзяржкамітэт закупіў некалькі аналагічных прыбораў для сваіх падраздзяленняў у некаторых райцэнтрах. Яны выбіраліся зыходзячы з патрэб праваахоўнікаў (улічвалася дынаміка росту злачынстваў, якія выяўляюцца, колькасць канфіскаваных наркатычных сродкаў і прэкурсараў).

Андрэй Швед падкрэсліў, што на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі праваахоўныя органы і суды забяспечаны самым высакаякасным экспертным суправаджэннем у даследаванні наркатычных сродкаў. У наступным плануецца мадэрнізаваць сістэму генатыпаскапічных улікаў — гэта важная база даных для ідэнтыфікацыі злачынцаў па знойдзеных на месцах злачынстваў слядах. Такім чынам, па гэтых і некаторых іншых найбольш запатрабаваных сярод праваахоўнікаў відах экспертыз завяршылі стварэнне двухузроўневай сістэмы. У далейшым таксама распаўсюдзім такія даследаванні на райцэнтры”, — падкрэсліў кіраўнік камітэта.