“Труд_Крут”

- 12:49Навіны рэгіёнаў

У Гродне прайшоў форум студэнцкіх атрадаў “Труд_Крут”. Ва ўрачыстай атмасферы тут падвялі вынікі гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр”.

Мерапрыемства прайшло ў абласной філармоніі. Лепшыя атрады атрымалі граматы і падзякі Гро­дзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, гарадскога штаба студэнцкіх атрадаў. Былі адзначаны і наймальнікі, штабы працоўных спраў пярвічных арганізацый БРСМ.

У абласным цэнтры ўжо стала добрай традыцыяй пасля напружанай працы ўлетку сабрацца разам і прыгадаць тое карыснае, што было зроблена будаўнічымі атрадамі.

— Праца ў студэнцкім атрадзе стала важнай прыступкай у жыцці нашай моладзі, хто рызыкнуў паспрабаваць свае сілы на вытворчасці, будоўлі, важатым у дзіцячым лагеры, на палях пры зборы ўра­джаю. Працуючы на сацыяльна значных аб’ектах, маладыя людзі набывалі новыя веды, вопыт зносін, што таксама немалаважна для будучай прафесійнай дзейнасці, — падкрэсліла другі сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” Ганна Кісялеўская. — Трэба таксама адзначыць, што прадпрыемствы і арганізацыі Гродна пайшлі насустрач жаданню моладзі і прадаставілі для іх працоўныя месцы.

У Гродне ў гэтым годзе было сфарміравана амаль 70 будатрадаў, у якіх было занята каля 900 студэнтаў. Маладыя людзі працавалі ў будаўнічых, сельскагаспадарчых, медыцынскіх, вытворчых, педагагічных і сэрвісных атрадах. Яны ўнеслі свой уклад у будаўніцтва інфраструктуры горада атамшчыкаў Астраўца, анкадыспансера ў Гродне, сталі часткай каманды Міжнароднага працоўнага праекта “Атлант- 2000”. Сярод знакавых аб’ектаў можна адзна­чыць работу на будаўніцтве жылога комплексу ў гарад­скім мікрараёне Гран­дзічы, на рэканструкцыі пад аўтамабільны чыгуначнага моста, рамонце студэнцкіх інтэрнатаў. Задаволены дапамогай моладзі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Будучыя педагогі мелі магчымасць папрактыка­вацца, адправіўшыся ў якасці важатых у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Таксама яны прынялі ўдзел у прыёмнай кампаніі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Вызначаны перамож­цы гарадскога этапу рэспубліканскага кон­кур­су “Працоўны семестр — 2020”. Лепшым будаўнічым атрадам стаў “Метэор-1” імя Героя Савецкага Саюза М.А.Сяліцкага, які працаваў на рэканструкцыі гарадской клінічнай бальніцы № 3 пад анкалагічны дыспансер. Лепшы сельскагаспадарчы атрад — “Парачанка” імя Героя Савецкага Саюза М.Ц.Аўчыннікава  — у ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” займаўся зборам ягад. Лепшы педагагічны атрад — “Купалінка-1” імя Героя Савецкага Саю­за Б.Т.Пішчыкевіча, студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы працавалі важатымі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Купалінка”. Лепшы медыцын­скі атрад — “Медык” імя Героя Савецкага Саюза В.А.Санфіравай, у які ўвайшлі студэнты Гро­дзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дапамагаў у Гродзенскай універсітэцкай клініцы. А лепшым вытворчым прызнаны атрад “Купалаўцы” імя Героя Савецкага Саюза М.І.Абрамчука, што працаваў у ААТ “Атлант”.

Названы і лепшыя наймальнікі: ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” і ГрДУ імя Янкі Купалы.

Як расказала Ганна Кісялеўская, лепшыя атрады і камандзіры прымуць удзел у абласным этапе конкурсу “Працоўны семестр”.

Ірына АНІКЕВІЧ.