Тры чвэрці стагоддзя разам

- 11:55"Настаўніцкай газеце" — 75

У панядзелак 21 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачне работу экспазіцыя “Настаўніцкая газета”. 75 гадоў з асветнікамі Беларусі”, арганізаваная з нагоды юбілею выхаду ў свет першага нумара прафесійнай газеты педагогаў нашай краіны.

“У гэтай экспазіцыі, — адзначыў дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” і галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў, — мы імкнуліся аб’яднаць мінулае і сучаснасць, паказаўшы як гісторыю ўзнікнення газеты і этапы яе дзейнасці на адукацыйнай прасторы Беларусі, так і сучасныя грамадска важныя праекты, якія рэалізуе “Настаўніцкая газета”, а таксама выданні Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Гэтая выстава дазваляе ацаніць уклад газеты ў станаўленне і развіццё педагагічнай грамадскасці нашай краіны, убачыць, як на старонках выдання адлюстроўваецца высакародная педагагічная справа”.

Некалькі месяцаў супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага гістарычнага музея працавалі над канцэпцыяй выставы і падборам экспанатаў, каб умясціць насычаную гісторыю газеты ў кампактную экспазіцыю. У зале музея сабраны сапраўдныя скарбы — дакументы і рэчы, якія захоўваліся ў рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”, а таксама шэраг рарытэтаў з музейных фондаў і асабістых архіваў.

Сярод прадстаўленых экспанатаў — узнагароды, асабістыя рэчы, рукапісы, кнігі першага галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Аляксея Сцяпанавіча Крушынскага, прадастаўленыя яго сям’ёй, фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, шэраг цікавых рэчаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, якія расказваюць пра адметныя старонкі гісторыі выдання і людзей, якія працавалі і працуюць у “Настаўніцкай”.

Імянны гадзіннік, партфель галоўнага рэдактара, друкарская машынка, вучнёўскія сшыткі, архіўныя фотаздымкі… — гэта далёка не поўны пералік каштоўнасцей, якія дазваляюць адчуць подых сямі з паловай дзесяцігоддзяў, якія “Настаўніцкая газета” прайшла поруч з асветнікамі Беларусі.

Значная частка экспазіцыі паказвае сучасную дзейнасць калектыву газеты, а таксама праекты, якія рэалізоўваліся і дзейнічаюць на сённяшні дзень, ахопліваючы сістэму адукацыі ўсёй краіны. Шматлікія фотаздымкі з канцэртаў акцыі “Будзем разам!”, праекта “Звонкая раніца”, выстаў “Адукацыя ў асобах”, прэс-тураў, высокія прафесійныя ўзнагароды “Настаўніцкай газеты” дазволяць наведвальнікам убачыць, як развіваецца і чым жыве прафесійная газета педагогаў сёння.

Адной з асаблівасцей выставы стала яе інтэрактыўнасць. Госці маюць магчымасць пагартаць падшыўкі газет 50—70-х гадоў, а таксама азнаёміцца з інфармацыйнымі і творчымі праектамі “Настаўніцкай газеты” пры дапамозе інтэрактыўнай карты.

Безумоўна, знайшлося месца і для выданняў, якія зараз працуюць поруч з “Настаўніцкай” пад дахам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Экспануюцца рэліквіі найстарэйшага ў Беларусі прафесійнага педагагічнага выдання — часопіса “Народная асвета”, упершыню шырокай публіцы прадстаўлены ўзнагароды газеты “Піянер Бе ларусі” — папярэдніка дзіцячай газеты“Раніца”, дэманструюцца дасягненні газеты для падлеткаў “Переходный возраст”, часопіса пра беларускі спорт “Спорт time”, газеты для супрацоўнікаў сістэмы сямейнага ўладкавання “Домой!”.

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 21 снежня, і на працягу месяца наведвальнікі гістарычнага музея змогуць азнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю галоўнага педагагічнага выдання краіны.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.