Тры эцюды

Эцюд першы.
Алег Луцэвіч: in memoriam

Звычайна працоўны адпачынак выклікае ў людзей толькі добрыя эмоцыі: ты адпачываеш, ты кахаеш, ты аб нечым сваім марыш… Мой адпачынак сёлета мне не здаўся добрым.
Не, усё было нармальна падчас самога адпачынку: тыдзень я касіў поле ў аднаго дзеда — ручной сялянскай касой, бо трава там вырасла ў мой рост, і трымер, а тым больш электрычны, быў бяссільны. На другім тыдні я фарбаваў плот у другога дзеда, у супрацьлеглым кутку Беларусі. Я называю іх дзядамі, бо для маёй дачкі яны дзяды, а на самай справе мае з жонкай бацькі.
Чатыры тыдні я жыў без інтэрнэту, без мабільніка, без радыё, без тэлевізара. Гэта была мая свядомая ўстаноўка — пражыць так адпачынак. І я быў вельмі рады гэтаму. Але гэта прынесла мне ўрэшце не радасць, а жаль.
Вярнуўшыся ў Мінск, я даведаўся, што памёр Алег Луцэвіч, найстарэйшы беларускі мастак, колішні савецкі партызан, паважаны педагог, улюбёнец сваіх шматлікіх апантаных мастацтвам вучняў з “Глебаўкі” (Мінскага мастацкага вучылішча імя народнага мастака Беларусі Аляксея Глебава).
Я неверагодна засмуціўся ад гэтага. Амаль два гады назад я браў у Алега Вікенцьевіча інтэрв’ю. Мы яго друкавалі ў нашай газеце восенню 2013 года. Яму тады ішоў дзевяносты…
А потым… Не буду казаць, што мы пасябравалі. Проста потым я быў у яго некалькі разоў у гасцях. Мы сядзелі з ім, пілі гарбату і размаўлялі пра самыя розныя рэчы: ад веравызнання да сутнасці мастацтва. Дакладней, больш гаварыў Алег Вікенцьевіч, а я яго ўважліва слухаў і дзівіўся светласці яго галавы ў такім паважаным узросце. Іншым разам мы разам выходзілі на балкон, адкуль адкрываўся краявід са звычайным сталічным дваром крышку наўзбоч ад цэнтра — з вераб’ямі і галубамі на парэнчах, з савецкімі яшчэ пясочніцамі і стандартнымі арэлямі, з галасістымі дзеткамі на гэтых арэлях і шчаслівымі мамамі ля іх, з расшкуматанымі сметніцамі і лядашчымі лавачкамі, з небяспечнымі бабулямі на гэтых лавачках і хударлявымі ссінелымі дворнікамі.
Я быў да гэтага шмат у каго з мастакоў у гасцях, але побытам Алега Луцэвіча я быў шакіраваны. У яго фактычна не было нічога. Аднапакаёўка ў хрушчоўцы, ложак, стол, табурэтка, чайнік, сякія-такія кнігі па гісторыі мастацтва ды чыесьці эцюды на старэнькіх аркушах, якія ён з любоўю мне паказваў. І ўсё.
Дарэчы, аднойчы я папрасіў яго паказаць мне яго ўласныя творы, а ён адказаў, што… некалі ўсё панішчыў. Проста ўзяў ды спаліў. Я быў гатовы ў яго запытаць: “А навошта вы гэта зрабілі?” Але ў той жа момант зразумеў, што не трэба. Хто яшчэ адважыцца на такое з нашых сучасных мастакоў? Гогаль паліў сваіх “Душ”. Хтосьці сабе адразаў вуха. Хто адважыцца сёння знішчыць частку сябе? Не прадаць, не збыць, нават не падарыць, а знішчыць. Гэта з шэрага невытлумачальнага.
Памёр Алег Луцэвіч — і для мяне таксама нешта памерла. Проста сышоў чалавек, які шмат значыў: і для мяне асабіста, і, безумоўна, для нашага сучаснага мастацтва праз сваіх вучняў.
У апошнюю нашу сустрэчу ён сказаў мне: “Прачытайце тэорыю малюнка Фаворскага, і толькі тады прыходзьце да мяне нешта абмяркоўваць. Фаворскі быў геніем. Хто яго зразумеў, той можа лічыцца мастаком. Хто яго па-сапраўднаму адчуў, той можа нешта разумець у мастацтве”.
А я, прызнацца, і не надта чуў пра Фаворскага. І за ўвесь мінулы год яго так і не прачытаў, таму і да Алега Вікенцьевіча не заходзіў. Усё думаў, што калісьці траплю ў букіністыку, куплю Фаворскага, прачытаю і з якімісьці цікавымі думкамі прыйду да яго. Не купіў, не прачытаў, не зайшоў.
І не развітаўся, таму што быў у вёсцы.
А тым часам у сталіцы адкрылася некалькі дастаткова цікавых выстаў, пра дзве з якіх — у наступных двух эцюдах.

Эцюд другі.
Ашот: яшчэ той чорт

Так, у Нацыянальным мастацкім музеі 3 жніўня пачала працаваць персанальная выстава санкт-пецярбургскага мастака армянскага паходжання Ашота Хачатрана “Падарожжа ў арт-прастору Ашота Хачатрана”. Даўно я не бачыў такіх камерных і якраз гэтай камернасцю прыгожых выстаў. 30 жывапісных палотнаў, прывезеных Ашотам Хачатранам у беларускую сталіцу, адкрываюць гледачу цудоўны і разнастайны свет, нязменнай тэмай якога, ці гэта аўтапартрэты, ці партрэты блізкіх, ці нацюрморты з кветкамі і бананамі, ці каларытныя пейзажы, як ні круці, застаецца Арменія. Яго, Ашотава, Арменія з каранямі ў Арарацкай даліне, дзе юны мастак упершыню адчуў, што сэнсам яго жыцця стане жывапіс.Мастак нарадзіўся ў 1954 годзе ў Арменіі, у горадзе Актэмберане (цяпер Армавір). У 1973 годзе скончыў вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Ерэване. Пасля двух гадоў вучобы на аддзяленні малявання ерэванскага педагагічнага інстытута імя Хачатура Абавяна ў 1977 годзе пераехаў у Ленінград. У 1978—1981 гадах быў вольным слухачом у інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна. Першая персанальная выстава Ашота Хачатрана “Чайны дамок” прайшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1991 годзе, а далей яму, здаецца, толькі шчасціла ў мастацкім свеце. У 2000-х гадах ён выстаўляўся ў выставачным цэнтры Санкт-Пецярбургскага саюза мастакоў, у галерэі “Дэльта” там жа, у Піцеры, у Цэнтральным доме мастака ў Маскве і яшчэ шмат дзе. Ужо ў 10-х гадах паспеў парадаваць аматараў мастацва ў Арменіі, Германіі, Фінляндыі… А вось цяпер — і нашай краіны.
Ён, безумоўна, не толькі адметны каларыст, але і філосаф у тым, што робіць на палатне. Дастаткова ўгледзецца ў такія яго творы, як “Аўтапартрэт з белай павязкай”, “Ад стагоддзя да стагоддзя”, “Анёлы”, “Прырода. Жаночая постаць”, “Цені гісторыі”, “Тры жанчыны”, “Званы нашых душ”, “Тры галасы” і многія іншыя.
А чортам я яго назваў, безумоўна, толькі з добрым падсэнсам, бо ёсць злыя чэрці, а ёсць добрыя, якіх мы называем чарцянятамі. Яны, хаця і падобныя да чарцей, але быццам анёлы. Нясуць людзям толькі святло, радасць, супакаенне…

Эцюд трэці.
Ханьданьскі ўніверсітэт: нашы дзіўныя кітайскія сябры

А ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава традыцыйнага кітайскага жывапісу з калекцыі Ханьданьскага ўніверсітэта (кітайская правінцыя Хэбэй),арганізаваная ў межах культурнага супрацоўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з універсітэтам з Паднябеснай.
Экспазіцыя мае неардынарны эпіграф: “Паэзія — гэта пазбаўлены формы жывапіс; жывапіс — гэта паэзія, якая здабыла форму”. Здаецца, па-кітайску сказана, у сэнсе, незразумела? А вось для саміх кітайскіх мастакоў-традыцыяналістаў у гэтым якраз і заключаецца ўвесь сэнс — здабываць сваім жывапісам форму.
У экспазіцыі прадстаўлены два асноўныя кірункі нацыянальнага жывапісу Кітая гахуа: “Гун Бі” (руплівы, дакладны пэндзаль, або стыль дакладных ліній) і “Се І” (пісаць ідэю).
Тэхніцы “Гун Бі” ўласціва дакладнасць у напісанні дэталяў, выразная прамалёўка элементаў карціны. Яго развівалі прыдворныя акадэмічныя мастакі. Партрэты імператараў і шляхты, роспісы палацаў і інтэр’ераў — вось, калі коратка, што такое “Гун Бі”. Мастак гэтага кірунку часта на шоўку стварае вытанчаную, вывераную кампазіцыю, контурам стварае малюнак і затым рупліва запаўняе ўчасткі паміж контурамі тонавымі пераходамі.
А стыль “Се І” літаральна спалучыў у сабе філасофію, паэзію і каліграфію. Майстры аддавалі перавагу манахромнай свабоднай манеры, сцвярджалі спантаннае бачанне. У “Се І” мастак, як кажуць самі кітайцы, “перш чым убачыць пэндзаль, бачыць ідэю”. І гэтая ідэя перадаецца на паперу адмысловымі рыскамі, як бы ўдарамі пэндзля. Карціна ў такім разе атрымліваецца падобнай толькі на накід, але ён, гэты накід, напоўнены жыццём, паэзіяй і дакладным адлюстраваннем сутнасці таго, што адбываецца. Часта мастак каменціруе свой візуальны вобраз паэтычным радком або эпіграмай і ставіць пячатку.
Стаўлю і я сваю “пячатку” ў завяршэнне эцюдаў: “Наведайце гэтыя выставы — не пашкадуеце. Нацыянальны кітайскі жывапіс можна будзе ўбачыць да 31 жніўня, нацыянальны армянскі жывапіс Ашота Хачатрана — да 7 верасня”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з сайта Нацыянальнага мастацкага музея.