Тры кіты матэматыкі Уладзіміра Валуя

- 10:25Людзі адукацыі

Педагагічны прафесіяналізм вызначаецца праз паняцце “педагагічнае майстэрства”, якое выяўляецца ў добрых выніках вучняў. Як дабіцца такіх вынікаў? Кожнае дзіця ўнікальнае: адно схоплівае матэрыял на ляту, другому неабходны час на асэнсаванне і разуменне, а трэцяе не ўспрымае зусім. Як навучыць усіх? Справіцца з гэтай задачай здольны толькі сапраўдны педагог-майстар, які можа знайсці падыход да кожнага вучня, убачыць яго моцныя бакі, дапамагчы ім раскрыцца, навучыць верыць у свае сілы. Няма дзяцей, якія не ўмеюць і не здольны вучыцца. “У кожным дзіцяці сонца, дык дайце ж яму свяціцца”, — сказаў старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат. Гэтыя словы сталі дэвізам педагагічнай дзейнасці Уладзіміра Пятровіча Валуя, настаўніка матэматыкі з 42-гадовым стажам работы.

Свой настаўніцкі шлях Уладзімір Пятровіч пачынаў у Старадарожскім раёне, потым вярнуўся на радзіму разам са сваёй жонкай Нінай Мікалаеўнай, настаўніцай хіміі. Далей была работа ў Альхоўскай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна, гімназіі Ляхавіч. І вось лёс прывёў яго ў сярэднюю школу № 1 нашага горада, у якой ён выкладае матэматыку навучэнцам профільных класаў. За гады работы склалася паспяховая сістэма выкладання, пра што сведчаць не толькі перамогі вучняў на алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, але і высокія балы выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні, а таксама паступленне ў педагагічныя ўніверсітэты на матэматычныя факультэты. З адной са сваіх выпускніц, Аленай Іванаўнай Высоцкай, зараз разам працуюць у школе.

Успамінае, як нялёгка было ўпачатку. Першыя крокі ў прафесію заўсёды цяжкія. На практыцы ўсё аказалася складаней, чым уяўлялася. Але цяжкасці не спужалі. Вучыў, як адчуваў. З часам не лічыўся, часта заставаўся дапазна ў школе, бо заўсёды былі вучні, з якімі трэба было папрацаваць дадаткова.

“Кожны прадмет накладае свой адбітак на настаўніка. Настаўнік матэматыкі мае справу з вучнем пяць-шэсць разоў на ты­дзень, таму мая задача — зрабіць урокі такімі, каб ён з жаданнем прыходзіў на іх. Некалі пры вывучэнні педагогікі мяне кранулі словы Я.А.Каменскага, які гаварыў пра тое, што “вучыцца павінна быць лёгка і прыемна”. Таму стараюся на сваіх уроках ствараць атмасферу добразычлівасці і паспяховасці для кожнага навучэнца. Але, з іншага боку, вучэнне без перашкод і цяжкасцей не выклікае цікавасці. Цяжкасці трэба вучыць пераадольваць. Розныя навучэнцы ставяць перад сабой розныя мэты: адны імкнуцца засвоіць толькі базавы ўзровень, другія, хто цікавіцца матэматыкай і валодае добрымі матэматычнымі здольнасцямі, хочуць дабіцца больш высокіх вынікаў.

Матэматыка — прадмет, незаменны для развіцця мыслення. І першае, чаму павінен навучыць дзяцей настаўнік матэматыкі, — гэта дакладнасці. Спачатку дакладнасці азначэнняў і формул, а потым і дакладнасці ў жыццёвых сітуацыях. Другое — гэта парадак. Матэматыка — не проста формулы і разлікі, гэта логіка і парадак, якія вынікаюць з іх. М.В.Ламаносаў гаварыў: “Матэматыку ўжо для таго вучыць трэба, што яна розум у парадак прыводзіць”. Што гэта значыць? Напрыклад, калі вучань рашае задачу ці спрашчае выраз, ён павінен дзейнічаць толькі па пэўнай схеме, па пэўным правіле ці толькі па пэўных формулах, і няведанне хаця б адной не дазволіць давесці заданне да лагічнага завяршэння. Умеючы выконваць гэтыя правілы, вучань і ў будучыні будзе правільна планаваць і размяркоўваць свой рэжым дня, свае фінансы і г.д.

Трэцяе, чаму павінен навучыць настаўнік матэматыкі, — гэта тое, што любая распачатая справа патрабуе лагічнага заканчэння. Гэта значыць, калі бярэшся за работу, ты павінен ведаць, які вынік атрымаецца, і трэба знайсці найкарацейшы шлях для яе выканання. Для гэтага патрэбны пэўныя веды і ўменні, развіццё якіх і заложана ў матэматыцы. Вось тры кіты, на якіх арганізоўваю сваю сістэму выкладання”, — гаворыць Уладзімір Пятровіч.

Для таго каб уцягнуць навучэнцаў у пазнавальны пошук і навучыць самастойна здабываць веды, У.П.Валуй выкарыстоўвае актыўныя метады навучання. Праблемнае навучанне з’яўляецца адным з іх. Гэты метад дапамагае прывучыць навучэнцаў ду­маць самастойна, актывізуе разумовую дзей­насць кожнага вучня на ўсіх этапах урока. Для гэтага Уладзімір Пятровіч у пачатку заняткаў задае праблемнае пытанне ці стварае такія сітуацыі, якія стымулююць навучэнцаў шу­каць шляхі вырашэння. Любімы прыём — пакі­нуць задачу ці прыклад, якія рашаюцца на ўроку, незавершанымі. Вучні вымушаны не толькі рашаць іх самастойна, але і здабываць дадатковыя веды для пошуку рашэння. Праблемныя пытанні на здагадку “Як вы думаеце…”, “Вядома, што…”, “Як растлума­чыць той факт, што…” гучаць на кожным уроку.

Адной з крыніц матывацыі вучэння з’яўляецца сувязь прадмета з жыццём. Уладзімір Пятровіч стараецца паказаць навучэнцам, дзе ў жыцці прымяняецца ці можа спатрэбіцца канкрэтная тэма. У гэтым яму дапамагаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, прэзентацыі дапамагаюць навучэнцам бачыць не сухія чарцяжы і графікі, а яркія і маляўнічыя карціны, відэафільмы — у якіх сферах выкарыстоўваюцца гэтыя веды.

Існуе мноства праграм, якія дазваля­юць маляваць графікі функцый, выконваць пабудовы, праводзіць доказы і інш. Адна з іх — “Жывая геаметрыя”. Чарцёж, пабудаваны з дапамогай гэтай праграмы, можна тыражаваць, дэфармаваць, перамяшчаць і відазмяняць. З яе дапамогай значна эканоміцца час урока.

Таксама праводзіцца тэсціраванне з выкарыстаннем камп’ютара. Праграма MyTest дапамагае складаць тэсты, праводзіць тэсціраванне і складаць зводныя табліцы вынікаў. Праграма EFFOR дазваляе арганізоўваць індывідуальную і групавую работу па засваенні матэрыялу, рыхтавацца да здачы экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

Хочацца адзначыць, што чым больш інфармацыі, метадаў і інструментаў у сваёй рабоце выкарыстоўвае педагог, тым большы эфект ад яго работы. Нягледзячы на багаты вопыт, Уладзімір Валуй працягвае вучыцца. Сапраўдны настаўнік-прафесіянал знахо­дзіцца ў пастаянным развіцці ўсё сваё працоўнае жыццё.

Знайсці рэцэпт настаўніцкага поспеху — мара любога педагога. Але такога рэцэпта не існуе. Кожны настаўнік стварае яго на аснове якасцей сваёй душы. Заўсёды пунктуальны, добразычлівы і стрыманы, як і належыць настаўніку матэматыкі. Строгі, але справядлівы. З пачуццём гумару. Вось ужо 42 гады адданы сваёй прафесіі, Уладзімір Пятровіч выхоўвае ў дзецях любоў да свайго прадмета. Яго ўрокі — гэта перадача патаемных ведаў ад майстра да вучняў. А ўзнагародай служыць іх павага.

Алена ЯКУБЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.