“Тры кіты” маўлення

- 11:47Спецыяльная адукацыя

Апошнім часам адзначаецца рост колькасці дзяцей з затрымкай моўнага развіцця: яны пазней пачынаюць гаварыць, мала і дрэнна размаўляюць, іх мова бедная і прымітыўная. Гэтыя парушэнні звязаны з многімі фактарамі: дрэнныя экалагічныя ўмовы, адхіленні падчас цяжарнасці і родаў, неспрыяльныя сацыяльна-бытавыя ўмовы, недастатковасць сенсаматорнага ўзроўню моўнай дзейнасці дзіцяці. Што сёння робяць спецыялісты для мэтанакіраванага развіцця маўлення дзяцей?

Дзеці ўвогуле мала гавораць, яны больш глядзяць і слухаюць (тэле — аўдыя — відэа) і рэдка робяць штосьці сваімі рукамі. Некалькі дзесяцігоддзяў назад бацькам разам з дзецьмі прыходзілася больш рабіць рукамі: перабіраць крупы, мыць бялізну, карміць куранят і г.д. У сучасным свеце вялікае мноства бытавой тэхнікі, і шмат якія аперацыі за чалавека выконваюць машыны. Многія мамы, бабулі стараюцца засцерагчы дзяцей ад дамашніх спраў, садзяць іх перад камп’ютарам, тэлевізарам, каб не перашкаджалі. Шмат якія рэчы і цацкі зроблены максімальна зручна. Шнуркі і засцежкі, якія дзіця павінна было штодзень завязваць і зашпільваць, змяніліся зручнымі ліпучкамі (кніжкі і дапаможнікі з наклейкамі замест карцінак для выразання). Але за ўсё даводзіцца плаціць — пацярпела развіццё дробнай маторыкі ў дзяцей, якое раней адбывалася аўтаматычна, што ўплывае на развіццё маўлення ў цэлым.
Шматгадовая практыка работы з дзецьмі ранняга ўзросту паказала, што добрым сродкам для стымулявання маўлення з’яўляюцца сенсаматорныя гульні. У працэсе гульнявой дзейнасці ў дзіцяці набываецца значны вопыт, пры гэтым яно атрымлівае ўяўленні, якія звязвае са словам. Гульня і праца з’яўляюцца наймацнейшымі стымуламі для праяўлення дзіцячай самастойнасці ў маўленні. Дзецям цяжка засяродзіцца на аднастайнай, непрывабнай для іх дзейнасці, у той час як у працэсе гульні яны дастаткова доўгі час могуць заставацца ўважлівымі. Увага выклікаецца знешне прывабнымі прадметамі, падзеямі і захоўваецца да той пары, пакуль захоўваецца цікавасць. Дзецям ранняга ўзросту ўласцівы пераймальнасць, лёгкая ўнушальнасць, у іх пераважае зрокава-эмацыянальная памяць і наглядна-дзейснае мысленне.
Гульня больш за якую-небудзь іншую форму актыўнасці адпавядае патрэбам дзіцяці ранняга ўзросту. Яна з’яўляецца найлепшым сродкам для ўзбагачэння слоўніка, незаменная як сродак развіцця памяці, назіральнасці, кемлівасці. Малышы з цікавасцю даследуюць сенсорныя ўласцівасці навакольных прадметаў: адчыняюць і зачыняюць, кідаюць, чапаюць, сціскаюць, гладзяць, спрабуюць на смак, гэта значыць ажыццяўляюць якія-небудзь дзеянні. Каб навык замацаваўся, неабходна паўтарэнне. Дзеці з задавальненнем любяць паўтараць пэўнае дзеянне (рух або слова). Падчас заняткаў неабходна змена відаў дзейнасці, гэта дапамагае даўжэй утрымліваць увагу малышоў, павялічыць працягласць і эфектыўнасць заняткаў. Акрамя цікавага гульнявога сюжэта, заснаванага на практычным вопыце дзіцяці, выкарыстоўваюцца спецыяльныя прыёмы для актывізацыі маўлення: просьба вымавіць слова, сумеснае прагаворванне слова, паказанае вымаўленне слова, самастойнае вымаўленне слова, дагаворванне слова ў вядомай дзіцяці сітуацыі, якая падказвае патрэбнае слова, адказы на канкрэтныя пытанні: “Хто гэта?”, “Што гэта?”, “Што робіць?”. У аснове ўсіх гэтых прыёмаў ляжыць перайманне маўлення дарослага.
Для мэтанакіраванага развіцця маўлення дзяцей неабходны разнастайны матэрыял, таму ў якасці цацак можна выкарыстоўваць амаль любыя прадметы — тасёмкі, шнуркі, шпулі, плеценыя вяровачкі, у тым ліку і зробленыя з падручных матэрыялаў.
Развіццё дзіцяці ранняга ўзросту, у тым ліку і моўнае, базіруецца на “трох кітах”. Перш за ўсё, павінны быць цёплымі адносіны з блізкімі людзьмі. Далей сенсорнае развіццё — усе віды адчування і ўспрымання, гэта значыць пачуццёвае пазнанне навакольнага свету. І, нарэшце, рухальнае развіццё — уменне дзіцяці цягнуцца і браць прадметы, паварочвацца, перамяшчаючыся ў прасторы, у бок аб’екта, які яго цікавіць, даследаваць яго, разумець прычынна-выніковыя адносіны і многае іншае. Такім чынам, можна дакладна сказаць, што сацыяльна-эмацыянальнае і сенсаматорнае развіццё дзіцяці ранняга ўзросту з’яўляюцца базавымі для яго наступнага, у тым ліку і маўленчага развіцця.
Прывяду прыклад сенсаматорных гульняў для развіцця дробнай маторыкі і выклікання пераймальнай гаворкі па тэме “Насякомыя”.
1. “Знайдзі насякомае і назаві”. Дзіця шукае цацку-насякомае, схаваную на дне падноса з гузікамі. Знаходзіць цацку і паўтарае за дарослым розныя гукі, якія ўтвараюць насякомыя. “Вось пчала — ж-ж-ж, вось камар — з-з-з”.
2. “Божая кароўка”. Дзіцяці прапаноўваецца аб’ёмная божая кароўка, вырабленая з матэрыялу з рознакаляровымі кружочкамі на ліпучках. Яно адрывае ліпучку-кружок і дастае кружочкі, якія знаходзяцца ўнутры насякомага, і суадносіць іх па колеры. Развіваюцца і зрокавы, і тактыльны аналізатары.
3. “Збяры матылька з частак”. Перад дзіцем выкладваецца ўзор цэлага матылька, і малому прапаноўваецца сабраць насякомае з частак (крылы, галава, вусікі, цельца). Цацка прываблівае дзіця дробнымі дэталямі, маляўнічасцю.

Людміла СТАРАВОЙТАВА,
настаўнік-дэфектолаг Рэчыцкага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.