Тры крокі да прафесійнага шчасця

- 12:04Выхаванне

Калі вы ўпэўнены, што хтосьці з вашых вучняў не мае шансаў знайсці сваё месца ў жыцці ці авалодаць сур’ёзнай прафесіяй, або калі вы хоць раз думалі, што новае пакаленне не мае годных імкненняў і мар, то гэтае інтэрв’ю для вас. Пра бясконцы пошук справы жыцця расказала псіхолаг аўтарскай групы “Рэферэнт” прафарыентолаг Ганна Станіславаўна ІСАЕНКА.

Крок 1.

Знайсці адоранасць

— Ганна Станіславаўна, у якім узросце трэба пачынаць падбіраць прафесію?

— Чым раней, тым лепш! Кожны родам з дзяцінства, і першыя інтарэсы з’яўляюцца яшчэ ў маленстве. Ведаеце пра феномен “яўрэйскай мамы”? Дзіця выпадкова дакранулася да струны — і ўсё: “Ізя Ойстрахам будзе!” Хлопчыку зараз жа купляюць скрыпачку і адводзяць да педагога. Наўрад ці ён стане вялікім музыкантам, але яго цікавасць падтрымалі!

Зусім іншая справа, калі на дзіця сварацца проста з-за малюнкаў на шпалерах замест таго, каб у патрэбнае рэчышча скіраваць яго жаданне маляваць. Пасля прыйдзецца сварыцца зноў, калі падлеткам ён не праявіць актыўнасці ў выбары прафесіі.

— Значыць, задача бацькоў і настаўнікаў — падтрымаць любыя хобі. А што яшчэ варта зрабіць?

— Ёсць такія паняцці, як “эпоха” і “перыяд развіцця”. У кожнай эпосе — 2 перыяды: спачатку дзіця набывае матывацыю і толькі пасля пачынае авалодваць ведамі. Напрыклад, у дашкольны перыяд дзіця атрымлівае матывацыю да вучобы праз сюжэтна-ролевыя гульні. Яно гуляе ў матулю, прадаўца марожанага, міліцыянера, чарапашку-ніндзя… Калі нагуляецца, захоча ў школу, каб даведацца, як жа стаць гэтым чарапашкам-ніндзя. Як дасягнуць сваёй мары? І мэта наступнага перыяду — пачатковай школы — навучыць дзіця вучыцца, каб яно магло асвоіць цікавую для яго справу.

Наступная эпоха пачынаецца ў чароўныя “наццаць” гадоў. Многія педагогі памылкова ўпэўнены, што гэта час, які павінен быць прысвечаны яшчэ больш бесперапыннай вучобе. Тысячу разоў “не”! “Наццаць” гадоў — гэта перыяд атрымання матывацыі да авалодання прафесіяй. У гэты час важна сустракацца з людзьмі, якія могуць стаць прыкладам, паставіць высокую планку. Сёння ёсць праекты, у якіх топавыя бізнесмены выступаюць для падлеткаў. Калі да школьніка прыходзіць мільянер і называе яго калегам, той бачыць, што можна дасягнуць любой мары. Трэба, каб дзіця задыхнулася ад натхнення і сказала: “Вось так хачу!” Толькі тады яно загарыцца імкненнем стаць лепшым у гэтай прафесіі.

— А калі гэтага не адбылося?

— Такога, каб дзіця зусім нічым не цікавілася, не бывае. Бывае няўважлівасць бацькоў, бывае нежаданне прымаць абраную сынам ці дачкой справу. У мяне ёсць любімае пытанне да дзяцей, якіх бацькі прыводзяць як “зусім безнадзейных”: “Што ты будзеш рабіць, калі дома цэлы дзень нікога не будзе?”

Аднойчы мне хлопец пачаў расказваць, як паклікаў бы сяброў, купіў бы дзве курыныя грудкі, і яны разам згатавалі б іх з вось такім соусам і вось такімі прыправамі. “Зіру, дарэчы, можна купіць толькі на Камароўцы ў гэтага прадаўца. Іншая ў Мінску несапраўдная!” Цікавасць да кулінарыі відавочная, але бацькам (абое — з навуковага свету) яна не падабалася.

Бывае, бацькі прыводзяць дзяцей і прама просяць патлумачыць ім, што іх захапленні несур’ёзныя. Адзін бацька сварыўся, маўляў, мы паважаныя людзі, а мой сын начамі праз акно лазіць з другога паверха і збягае ў гаражы ваджацца з матацыкламі, вяртаецца дадому ўвесь перапэцканы машынным маслам! Хлопчык марыў першым у Беларусі сабраць нейкую рэдкую мадэль рэтрааўтамабіля і зрабіць на гэтым бізнес “для тых, хто разумее”. Бацька ў сваю чаргу тлумачыў сыну, што ў сям’і зусім іншы сацыяльны статус. Як і ў вышэйзгаданым прыкладзе, мадэль паспяховасці бацькоў вельмі адрознівалася ад той, якой прытрымлівалася дзіця, таму яго прыгняталі. Але ж у хлопчыка відавочная практычная адоранасць!

— А якая роля настаўніка ў выяўленні адоранасці?

— У школе лепш за ўсё бачаць акадэмічную адоранасць — схільнасць да навукі, інтэлектуальнай дзейнасці. Звычайна, калі настаўнік-прадметнік бачыць бляск у вачах дзіцяці, ён адразу заманьвае яго на факультатывы, рыхтуе да алімпіяд. Сустрэча зацікаўленага настаўніка і адоранага вучня — вялікае шчасце для абодвух. Згадайце, напрыклад, сустрэчу Вебера і Эйнштэйна!

Іншая справа, калі ў дзіцяці не акадэмічная адоранасць. Паводле розных класіфікацый, іх відаў — не менш за 6: практычная, камунікатыўная, эмацыянальная і г.д. Такую адоранасць настаўніку заўважыць намнога складаней. Дзіця можа застацца без падтрымкі. І добра, калі яно ад гэтага не зламаецца, бо злачынцы, што плануюць, напрыклад, схемы рабавання банкаў, таксама адораныя людзі…

Галоўнае

1. Памятайце пра розныя віды адоранасці, з маленства будзьце ўважлівымі да наднарматыўнай дзейнасці.

2. Ухваляйце жаданне спрабаваць як мага больш заняткаў на працягу ўсяго жыцця.

3. Пастаянна рэфлексуйце разам з падлеткам і прывівайце яму псіхалагічную культуру.

4. Дакладна раздзяляйце чаканні і амбіцыі дарослага (бацькі, настаўніка) і жаданні дзіцяці. Паважайце яго асобу.

Таму настаўнікі, як і бацькі, павінны быць уважлівымі да любой праявы адоранасці. Гэта ў першую чаргу наднарматыўная актыўнасць — тое, пра што падлеткі кажуць “штырыць”, справа, якой дзіця гатова займацца ўвесь вольны час, нават насуперак іншым. Я звычайна тлумачу бацькам, што гэта такі намёк, які Бог (або генетыка — у залежнасці ад іх светапогляду) пакінуў ім замест інструкцыі да дзіцяці.

— А калі такой інструкцыі няма? Калі дзіця проста ўвесь час глядзіць серыялы ці відэа ў інтэрнэце?

— Цудоўна. Давайце разбірацца, што яно глядзіць! У мяне была дзяўчынка, якая сказала, што ў дзень без бацькоў прывяла б да сябе сяброў і разам з імі глядзела б кіно. Якое? Пра героя, які імкнецца да мары і перамагае перашкоды. Навошта? Абмеркаваць, як у яго гэта атрымалася. Менеджар па развіцці персаналу!
А быў хлопчык, які, чырванеючы, прызнаўся, што яму цікава глядзець відэа пра няшчаснае каханне. Ён разбіраўся, што ў пары не атрымалася і як выправіць сітуацыю. Кажу: “Вітаю вас, калега!”

Крок 2.

Прымераць прафесію

— Калі вызначыліся інтарэсы — можна ўздыхнуць спакойна і падаваць дакументы ва ўніверсітэт?

— Вучоба патрабуе немалых укладанняў — ад дзяржавы, бацькоў. Таму перад тым, як зрабіць іх, варта ўпэўніцца, што прафесія падыходзіць падлетку. Гэта як замовіць сукенку ў інтэрнэт-магазіне. На малюнку ўсё прыгожа, а прывёз кур’ер — ногі крывыя, у плячах шырока. Так і з працай. Сёння, напрыклад, прывабна выглядае прафесія праграміста: высокая зарплата, праца па ўсім свеце… Але не кожны будзе сябе камфортна адчуваць у гэтай сферы.

— Значыць, патрэбна адправіць дзіця “на прымерку”?

— Так, бацькам неабходна прызнаць, што дзіця не пойдзе па іх дарозе, і дапамагчы ступіць на сваю. Часта раю пачытаць кнігу Роберта Кіясакі “Багатае дзіця, разумнае дзіця”: сын захацеў стаць самым багатым чалавекам, і яго бацька, чалавек вельмі разумны, шчыра сказаў, што навучыць яго гэтаму не зможа, і адправіў сына шукаць самага багатага чалавека, каб вучыцца ў яго.

Тут варта спрабаваць усё: шукаць любую працу ў цікавай ці блізкай да яе сферы, стажыравацца, займацца валанцёрствам. Я лічу, што валанцёрства ўвогуле мусіць быць арганізавана на рэспубліканскім узроўні.

Сама я да гэтага прыйшла праз сваю дачку. Яна вучылася на медыка, але засумнявалася і забрала дакументы. Стала валанцёрам у летнім лагеры для дзяцей з інваліднасцю. Першы час думала, што не вытрымае, а пасля ўпэўнілася ў тым, што правільна выбрала прафесію, і яшчэ раз падала дакументы ў медыцынскі.

Таму задача бацькоў, школы, грамадскіх аб’яднанняў — даць дзецям магчымасць паспрабаваць як мага больш прафесій. Сёння з’яўляецца сацыяльна адказны бізнес, гатовы прыняць на стажыроўку падлеткаў, становяцца ўсё больш папулярнымі курсы і конкурсы для падлеткаў-прадпрымальнікаў, падлеткаў-праграмістаў. Трэба, каб гэта было больш распаўсюджана, больш разнастайна, каб валанцёрства да УВА стала нормай.

— А вучэбна-вытворчы камбінат пад гэтае паняцце падыходзіць?

— Канечне! Вучань атрымлівае новыя веды і навыкі. Нават калі ён не стане працаваць па гэтай спецыяльнасці, яна можа спатрэбіцца. Гэта як атрымаць дадатковую стралу ў свой калчан.

Згадваю гісторыю, якую расказвала дзецям адзін з цімлідараў EPAM Systems Вольга Кабышава. У 10 класе яна дапамагала сваёй маме-бухгалтару рыхтаваць гадавыя справаздачы. Нават зрабіла табліцу з алгарытмам у Exel. А праз шмат гадоў трапіла распрацоўшчыкам на праект, звязаны з бухгалтарскім улікам і, дзякуючы атрыманым у свой час ведам, хутка стала лідарам каманды праекта.

Галоўнае ў арганізацыі ВВК — даць вучню магчымасць выбіраць з як мага большага пераліку прафесій.

Крок 3.

Пастаянна рэфлексаваць

— Пасля пошукаў і прымеркі можна, нарэшце, скончыць каледж ці ўніверсітэт. А калі прафесія расчаруе?

— У рамках адной прафесіі можна знайсці вельмі шмат розных заняткаў. Вы медык? Цудоўна. Можаце адкрыць сваю клініку і рэалізаваць амбіцыі прадпрымальніка, можаце выкладаць медыцыну ва ўніверсітэце, можаце пісаць пра яе ў часопіс. Медыцынская адукацыя не перашкодзіла Алене Малышавай стаць шоўменам.

Каб знайсці справу, якая дакладна адпавядае здольнасцям і інтарэсам, трэба ўвесь час прыслухоўвацца да сябе. Паспрабавалі — рэфлексуйце. На шчасце, у Беларусі пачала вельмі хутка расці псіхалагічная культура. Каб паскорыць яе станаўленне, было б карысна прыгледзецца да вопыту тых краін, дзе ўжо ўвялі школьныя курсы сэлф-менеджменту, ці кіравання сабой. Падлеткі вучацца саманазіранню, асвойваюць планаванне свайго жыцця.

Але найперш дарослым неабходна самім усвядоміць і даць зразумець дзецям, што яны варты яркага і цікавага жыцця! Не скажу нічога новага, калі нагадаю: трэба паважаць у дзіцяці асобу.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.