Тры майстрыхі з каледжа

- 12:13Навіны рэгіёнаў

Лепшых кандытараў, кулінараў і афіцыянтаў выбіралі ў Гродне. Тут адбыўся абласны этап конкурсу WorldSkills, у якім прынялі ўдзел навучэнцы 8 устаноў прафесійнай адукацыі Гродзенскай вобласці.

І хоць гэтыя юнакі і дзяўчаты яшчэ не чараўнікі, а толькі вучацца быць сапраўднымі прафесіяналамі, тое, як яны выконвалі заданні, гатавалі смачныя і прыгожыя стравы, абслугоўвалі кліентаў, якімі былі члены строгага журы, сведчыць аб тым, што ў іх усё атрымаецца. Яны стануць сапраўднымі чарадзеямі-кулінарамі і кандытарамі.
Удзел у конкурсе патрабаваў высокай прафесійнай падрыхтоўкі. Так, у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” трэба было ў першы дзень за тры гадзіны прыгатаваць дзве порцыі закускі з морапрадуктаў, а ў другі дзень — чатыры порцыі гарачай стравы з мяса. Было заданне і з “чорнай скрыні” — удзельнікі не ведалі, з якіх прадуктаў трэба будзе прыгатаваць гарнір. І калі можа здацца, што гэтага часу шмат, то толькі колькасць інгрэдыентаў для закускі — 15, паказвае, што не ўсё так проста. А яшчэ трэба было абараніць сваю страву і даць ёй назву. Так, навучэнка Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва, дзе рыхтуюць і па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, Гражына Рафанавічус расказала пра сваю закуску “Рабінзон” у вершах.
Кандытары выраблялі тарты, пакрытыя каралеўскай глазурай з выкарыстаннем тэхнікі роспісу. Усе элементы аздаблення павінны былі быць прыдатнымі да ежы. На другі дзень адбылася… лепка. Удзельнікі ўручную выраблялі тры фігуркі з марцыпана, ідэнтычныя па вазе, форме і колеры, без выкарыстання адлівачных форм і інструментаў для лепкі.
Будучыя афіцыянты таксама атрымлівалі заданне з “чорнай скрыні” — яны даведаліся, для якой падзеі трэба накрыць стол, а таксама падрыхтаваць садавіну да падачы на садавіннай талерцы ў самы апошні момант. Таксама было заданне абслужыць кліентаў французскім спосабам — “у абнос”, падаць чай і каву, ваду і сокі.
Член журы дырэктар рэстараннага комплексу “Гродна” Іна Валчкевіч адзначыла, што ўсе ўдзельнікі конкурсу паказалі высокае веданне тэхналогіі, правільна арганізоўвалі свае рабочыя месцы, што з’яўляецца вынікам добрай падрыхтоўкі іх у навучальных установах.
А пераможцамі конкурсу, якія прымуць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах WorldSkills Беларусь-2016, сталі тры прадстаўніцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Злата Шпак (намінацыя “Кандытарская справа”), Наталля Занеўская (“Кулінарнае мастацтва”) і Вольга Шарубская (кампетэнцыя “Рэстаранны сэрвіс”).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.