Тры мушкецёры ў свеце фізікі

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Запытайце ў любога ў Гомельскім дзяржаўным ліцэі № 1 — ад дзяжурнага вахцёра да дырэктара, дзе знайсці трох ліцэйскіх мушкецёраў, і для вас без здзіўлення пачнуць глядзець расклад заняткаў 11 “Б”. Хутчэй за ўсё нагадаюць яшчэ зазірнуць у кабінет фізікі да Людмілы Іванаўны Гарбачовай, дзе тыя самыя тры мушкецёры могуць прападаць.

Мікалай Зунікаў, Аляксандр Задаражнюк і Макар Лявоненка нібыта супергероі ў сваёй установе. Ды і чаму нібыта? Пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па фізіцы, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, гэтыя хлопцы гордасць не толькі ліцэя, Гомельшчыны, але і краіны.

У 10 клас гарадскога ліцэя яны прыйшлі з розных навучальных устаноў абласнога цэнтра. А вось шлях да фізікі і да сур’ёзных дасягненняў у вывучэнні прадмета ў іх амаль аднолькавы.

— Мяне з самага дзяцінства прыцягвалі ўсялякія рэчы, якія можна было зрабіць, паглядзець, як гэта працуе, — расказвае Мікалай. — А пазней стала цягнуць да дакладных навук, нягледзячы на тое, што ў маёй сям’і практычна ўсе гуманітарыі.

Першыя алімпіядныя спробы Міколы былі звязаны з матэматыкай. Але, як прызнаецца юнак, сур’ёзна да інтэлектуальных спаборніцтваў не рыхтаваўся, таму і далей за раённы этап не праходзіў. Аднойчы яму прапанавалі прыняць удзел у алімпіядзе па фізіцы. Менавіта гэта стала вызначальным. І хаця падрыхтоўка была, па словах юнака, “ледзь-ледзь”, гэтага хапіла, каб ён узяў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе. Тады Мікалай зразумеў, што ў яго ёсць патэнцыял і неабходна ісці далей.

Праўда, нельга сказаць, каб у 10 клас ліцэя хлопец прыйшоў ужо з выразным намерам сур’ёзна займацца фізікай. Апошні год у сярэдняй школе № 33 Гомеля, дзе ён вучыўся дагэтуль, палюбіліся яму інфарматыка і праграмаванне.

— Аднак я прааналізаваў і зразумеў, што фізіка ў мяне ідзе лепш. Да таго ж у гэтым кірунку ўжо было праведзена шмат работы, — успамінае ліцэіст. — Таму выбар на карысць фізікі канчаткова зроблены быў тут, у ліцэі.

Сябар і аднакласнік Мікалая Макар Лявоненка ў гарадскі ліцэй прыйшоў, таксама ўжо маючы вопыт удзелу ў алімпіядзе. Пачынаў яшчэ са школьных і раённых спаборніцтваў, і гэты ланцужок непарыўна цягнуўся, узбагачаючы веды і маленькія дасягненні.

— Цяга да дакладных навук з’явілася, напэўна, яшчэ ў пачатковых класах, — дзеліцца хлопец. — У мяне была вельмі добрая першая настаўніца, дзякуючы якой я палюбіў матэматыку. У старшых класах, калі пачалося выкладанне фізікі, прадмет неверагодна зацікавіў. І да 9 класа, калі ўжо ёсць магчымасць уліцца ў сапраўдны алімпіядны рух і выйсці на рэспубліканскі ўзровень, я цвёрда разумеў, што хачу сур’ёзна займацца фізікай і далей, што іншыя прадметы ў некаторай ступені таксама прывабліваюць мяне, але не цікавяць у доўгатэрміновай перспектыве.

А ў Аляксандра гісторыя крыху іншая. Фізіка як прадмет яму падабалася, бо яна вельмі жыццёвая, тлумачыць шмат з’яў. Але ж адразу чамусьці не задалося. Не было імкнення, нейкага стымулу.

— І вось я апынаюся ў ліцэі, — жартаўліва расказвае Саша. — Назіраю, якія тут усе разумныя, і думаю сам сабе: што, я адзін такі дурань буду тут сядзець? І пачаў нешта вучыць. Так давучыўся да алімпіяды. Насамрэч фізіка ў мяне атрымліваецца лепш, чым што-небудзь астатняе, і гэта разумна — займацца тым, што ў цябе атрымліваецца добра.

Слухаю гэтых прыгожых, таленавітых юнакоў, іх дарослыя разважанні і радуюся, што навука хутка атрымае такое папаўненне. Уражвае і прываблівае іх адкрытасць і шчырасць. На пытанне, чаму іх вабіць менавіта фізіка, яны ў адзін голас адказваюць, што гэта прадмет, які не трэба зубрыць (а зубрыць яны ох як не любяць!), што ёсць дзе разгарнуцца фантазіі, што ў ёй усё пабудавана на зацікаўленасці.

Хлопцы сцвярджаюць, што ў многім іх жыццёвы шлях вызначыў менавіта Гомельскі гарадскі ліцэй. Па-першае, ён дазволіў мець зносіны з разумнымі, мэтанакіраванымі людзьмі. Хацелася падняцца да іх узроўню ў плане ведаў, выказвання думак, зносін наогул. Па-другое, менавіта тут з’явілася магчымасць дакрануцца да прадмета: у звычайнай школе няма такога абсталявання, а значыць, няма і магчымасці праводзіць сур’ёзныя доследы, назіраць, як адбываюцца тыя ці іншыя рэчы. Калі ёсць такая практыка, калі амаль кожны дзень ты самастойна можаш выкарыстоўваць складаныя механізмы і рабіць асабістыя высновы, цябе не трэба прымушаць нешта вучыць, твая зацікаўленасць расце сама. Мае субяседнікі адзначаюць, наколькі важна для іх тое, што настаўнікі не прымушаюць вучыць, завучваць, а стараюцца зацікаўліваць.

Аднак метад перніка напачатку дзейнічае не заўсёды, і тады педагогам даводзіцца праяўляць большую цвёрдасць.

— Спачатку было ляніва хадзіць на нейкія факультатывы па фізіцы, можна сказаць, мяне за руку цягнулі ў кабінет, — успамінае Аляксандр Задаражнюк. — Але калі б гэтага не было, то не было б і маіх дасягненняў. Такая настойлівасць настаўнікаў мне вельмі дапамагла.

Трапіўшы ў гарадскі ліцэй, пагутарыўшы з дырэктарам Таццянай Сямёнаўнай Чаплінскай, яе намеснікам Зояй Васільеўнай Пашковай, настаўнікамі і навучэнцамі, я зразумела, што юнакам і дзяўчатам, якія прыйшлі сюды вучыцца, сапраўды пашанцавала. Неверагодна дружны і зацікаўлены ў дасягненнях сваіх выхаванцаў педагагічны калектыў — гэта аснова асноў. На гэты конт вельмі добра выказаўся Мікалай Зунікаў:

— Вялікі ўплыў у ліцэі аказваюць людзі, якія тут вучацца, і людзі, якія вучаць. Наогул, калі сабраць у любым іншым будынку, на любой базе тых жа вучняў ці проста матываваных дзяцей і калектыў настаўнікаў, які будзе зацікаўлены вучыць іх, даваць веды па максімуме, то вынік будзе той жа, што і тут, у ліцэі.

Галоўнае ж, не пабаюся сказаць, шчасце герояў сённяшняга аповеду ў тым, што ва ўстанове яны сустрэлі Людмілу Іванаўну Гарбачову. Настаўніца фізікі, імя якой занесена на Дошку гонару “Лепшыя педагогі горада Гомеля”, а ў спісе ўзнагарод — заахвочвальная прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Пра ўклад Людмілы Іванаўны ў іх дасягненні і поспехі хлопцы гавораць з пачуццём вялікай удзячнасці. Адзначаюць, што педагог заўсёды непакоіцца пра іх дасягненні не толькі ў рамках алімпіяд, але і ў вучобе, і ў жыцці.

— Яна вельмі шмат уклала ў нас сваіх сіл і аддала нам шмат свайго часу, і за гэта ёй вялікі дзякуй, — гаворыць Макар.

— З імі ніколі не бывае сумна, у іх заўсёды гараць вочы, заўсёды шмат пытанняў, — расказвае пра сваіх трох мушкецёраў Людміла Іванаўна. — З аднаго боку, з такімі дзецьмі лёгка працаваць, а з другога — складана, бо заўсёды неабходна быць у тонусе, неабходна падтрымліваць і развіваць іх інтарэсы, інакш яны проста не будуць цябе ўспрымаць і згубяць цікавасць да прадмета.

Няпростае і іншае: у ліцэй навучэнцы прыходзяць у 10 клас, а значыць, у настаўніка вельмі мала часу на тое, каб з імі пазнаёміцца, убачыць іх патэнцыял, разгледзець прыхільнасць да таго ці іншага прадмета, тым больш калі гаварыць пра алімпіяднікаў. Адны прыходзяць ужо з пэўнымі вынікамі, маюць вопыт удзелу ў алімпіядах, а іншыя ніколі не ўдзельнічалі ў гэтым інтэлектуальным спаборніцтве. Але многія за два ліцэйскія гады дасягаюць значных поспехаў. І роля педагога тут першачарговая.

— Цікава, калі б вы не трапілі ў ліцэй, ці былі б сёння ў вас такія вяршыні? — пытаюся ў хлопцаў.

— Ведаеце, я лічу сябе чалавекам мэтанакіраваным, — разважае Мікалай. — Я ішоў бы сам, толькі пытанне: “Куды?” У нашым узросце шматвектарная цікавасць, мы часта “распыляемся”. Важна, каб цябе накіравалі, дапамаглі вызначыцца. Вось што такое наш ліцэй.

Як удалося кіраўніцтву Гомельскага гарадскога ліцэя сабраць такіх адданых сваёй справе настаўнікаў-прадметнікаў — для мяне загадка. Але разгадваць яе неабавязкова. Галоўнае — гэта дасягненні, якія ёсць у юнакоў і дзяўчат згаданай установы. І калі ў гутарцы са мной у настаўніцы, якая расказвае пра поспехі вучняў, на вачах з’яўляюцца слёзы, не застаецца ніякіх пытанняў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.