Тры новыя прапановы ад БДУІР

- 13:21Вышэйшая школа, Рознае

Новы 2015 год для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі абяцае быць насычаным на цікавыя падзеі. Тут пачынаецца рэалізацыя двух вялікіх міжнародных праектаў, ёсць змены і ў парадку прыёму беларускіх грамадзян. 
Пра ўсё гэта нам расказаў рэктар БДУІР прафесар Міхаіл Паўлавіч БАТУРА.

Для беларускіх абітурыентаў

— Пачнём, Міхаіл Паўлавіч, з самага блізкага для нас — прыёму беларускіх абітурыентаў. Раскажыце, якія новаўвядзенні чакаюць іх у 2015 годзе?
— Сапраўды, мы ўжо зацвердзілі парадак прыёму ў БДУІР на 2015 год, і ў ім ёсць маленькі, але важны нюанс. Раней алгарытм залічэння ва ўніверсітэт быў наступным. Напрыклад, мы прымаем на 1 курс за кошт бюджэту 1100 чалавек. Як правіла, на гэтыя месцы прэтэндуюць 1600—1700 абітурыентаў. Дык вось у апошнія гады на першым этапе мы залічвалі 1100 найлепшых па балах абітурыентаў, а потым размяркоўвалі іх па спецыяльнасцях. Здавалася б, усё справядліва, ва ўніверсітэт траплялі лепшыя. Аднак у гэтым алгарытме мы выявілі адну істотную асаблівасць.
Тыя найлепшыя абітурыенты, якія залічваліся ва ўніверсітэт на першым этапе, указвалі ў сваіх заявах некалькі спецыяльнасцей па прыярытэце. Аднак здаралася, што, маючы высокі бал (напрыклад, 300), абітурыент БДУІР указваў у заяве такія спецыяльнасці, на якія не праходзіў па конкурсе, бо там прахадныя балы і 320, і 340. Згодна з мінулым парадкам прыёму, мы залічвалі такога абітурыента на іншую спецыяльнасць, дзе заставаліся вакантныя месцы. Ён як бы і не хацеў на гэтую спецыяльнасць, бо не ўказаў яе ў заяве, але паколькі па сваіх балах ён меў права на залічэнне ў БДУІР, мы гэтае яго права рэалізавалі.
Усё, як быццам, добра. Але штогод мы сутыкаліся з тым, што абітурыенты, якія трапілі не на “сваю” спецыяльнасць, забіралі дакументы з бюджэтнай формы і паступалі на “сваю” на ўмовах аплаты. Летась з 1100 залічаных на 1 курс такіх было 82 абітурыенты. У выніку нам даводзілася адшукваць тых, хто першапачаткова не прайшоў па конкурсе, і праводзіць дазалічэнне на вызваленыя месцы.
Мы зразумелі, што залічваем на 1 курс пэўную колькасць абітурыентаў, не матываваных да прапанаваных ім спецыяльнасцей. У іх высокія балы, але яны хочуць вучыцца толькі на канкрэтных спецыяльнасцях і ні на якіх іншых.
Паразважаўшы над гэтай сітуацыяй, мы прынялі новы парадак прыёму. Цяпер, калі абітурыент, нават з вельмі высокім балам, не праходзіць на спецыяльнасці, указаныя ім у заяве, то на бюджэтную форму ён залічвацца не будзе. Лагічна: раз ён не мае матывацыі да атрымання іншых спецыяльнасцей, то яны і не будуць яму прапаноўвацца. Не займаючы чужога месца, ён можа адразу паступаць па платнае навучанне.
Мы лічым, што гэта справядліва. Аднак вельмі важна, каб абітурыенты дакладна ўразумелі гэты новы нюанс парадку прыёму ў БДУІР і прынялі правільнае рашэнне. Магчыма, цяпер варта ўказаць у заяве больш спецыяльнасцей. А калі абітурыент ставіць задачу вучыцца менавіта за кошт бюджэту, то яму трэба ўказаць усе нашы спецыяльнасці ў парадку прыярытэту.
Для гэтага, безумоўна, давядзецца папрацаваць. Напрыклад, у мінулым годзе ўсе 34 спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю з 1700 абітурыентаў указалі толькі 103. Таму што гэта праца: трэба азнаёміцца з асаблівасцямі кожнай спецыяльнасці і “прымерыць” яе на сябе. А для гэтага важна ведаць, чым ты сапраўды хочаш займацца ў жыцці.
Мы пастараліся максімальна аблегчыць гэтую працу для абітурыентаў, прадаставіўшы кожнаму з іх магчымасць стварыць на нашым сайце персанальны электронны кабінет. Там можна загадзя аформіць заяву на паступленне ва ўніверсітэт з указаннем пераліку спецыяльнасцей, дома, разам з бацькамі прыняць няспешнае і ўзважанае рашэнне. Такім чынам, цяпер уся адказнасць за выбар спецыяльнасці кладзецца на абітурыентаў.
Мы лічым, што такі парадак прыёму справядлівы і разлічаны на матываваных абітурыентаў.
Яшчэ адно новаўвядзенне закране выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на скарочаную форму навучання. Асабіста мне гэтая форма вельмі падабаецца: выпускнікі каледжаў працуюць па сваёй спецыяльнасці і адначасова атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Як правіла, гэта вельмі матываваныя людзі.
Сёлета, у адрозненне ад мінулага года, паступаючыя на скарочаную форму навучання павінны будуць прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне толькі па беларускай ці рускай мове. Два астатнія экзамены па профілі будучай спецыяльнасці трэба здаваць непасрэдна ва ўніверсітэце. Летась такія абітурыенты здавалі ў нас толькі адзін унутраны іспыт, а па матэматыцы мусілі праходзіць ЦТ. У выніку многія з іх не пераадолелі парогавага значэння 15 балаў і не змаглі прадоўжыць адукацыю.
Я лічу, што парадак прыёму, які будзе дзейнічаць у 2015 годзе, больш справядлівы ў дачыненні да абітурыентаў, якія паступаюць на скарочаную форму. Матэматыку яны ўсё ж такі ведаюць, бо абаранілі ў каледжах дыпломы па профілі. А калі ім спатрэбяцца дадатковыя веды, то мы знойдзем магчымасць даць ім гэтыя веды.
Акрамя таго, плануем пашыраць падрыхтоўку студэнтаў на англійскай мове. Мы пачалі прыём па англамоўных праграмах яшчэ ў 2009 годзе, і якраз сёлета адбыўся першы выпуск. Зараз у нас па-англійску навучаюцца 75 студэнтаў першай ступені і 31 магістрант. У 2015 годзе мы павялічым колькасць спецыяльнасцей і форм навучання на англійскай мове. Па дзённай форме такіх спецыяльнасцей будзе тры, па дыстанцыйнай форме — дзве і па скарочанай форме — адна.

Для моладзі Бангладэш

— БДУІР імкнецца пашыраць сферы свайго ўплыву. Два гады назад быў адкрыты філіял універсітэта ў Чыкага. А нядаўна вы праводзілі перамовы з партнёрамі ў Бангладэш. Раскажыце, Міхаіл Паўлавіч, пра вынікі гэтых перамоў.
— Сапраўды, восенню мы пабывалі ў Бангладэш. Гэта ўнікальная краіна, якая займае 8 месца ў свеце па колькасці насельніцтва і 92-е — па тэрыторыі. Па афіцыйнай статыстыцы там пражывае 142 млн чалавек, а самі бангладэшцы сцвярджаюць, што ўжо больш як 160 млн. А тэрыторыя складае ўсяго 144 тысячы квадратных кіламетраў (напрыклад, Беларусь — 207,6 тысячы кв.км). Гэты факт сведчыць пра тое, што ў Бангладэш ёсць вельмі шмат моладзі, якая атрымлівае сярэднюю адукацыю і, безумоўна, хацела б атрымаць вышэйшую.
Навучанне ў школах Бангладэш вядзецца на англійскай мове, і, у залежнасці ад матэрыяльнага становішча, выпускнікі атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў розных кутках свету. Суседнія краіны — Малайзія і Аўстралія — хутка сарыентаваліся і адкрылі некалькі дзясяткаў універсітэтаў менавіта з разлікам на бангладэшскую моладзь. Пачалі з’яўляцца міжнародныя ўніверсітэты і непасрэдна ў Бангладэш. Усё гэта сведчыць пра тое, што попыт на вышэйшую адукацыю ў гэтай краіне велізарны. І тут мы таксама можам дапамагчы.
Ёсць два варыянты аказання адукацыйных паслуг замежнікам. У першым выпадку яны прыязджаюць на вучобу ў Беларусь (сёння ў БДУІР вучацца 530 студэнтаў і магістрантаў з розных краін свету). У другім — адукацыйныя паслугі дастаўляюцца да месца пражывання моладзі. Гэты варыянт мы маем намер развіваць і пашыраць. Зараз якраз распачынаем праект, які дазволіць маладым бангладэшцам атрымліваць адукацыю БДУІР, не пакідаючы сваёй краіны.
Мы знайшлі партнёраў, якія, выслухаўшы нас, абмеркаваўшы перспектывы, паспрачаўшыся ў дэталях, прыйшлі да высновы, што гэты праект карысны для абодвух бакоў. У выніку заключылі дагавор, згодна з якім у Бангладэш будзе створаны Беларускі міжнародны ўніверсітэт, і ўжо ў чэрвені 2016 года мы павінны прыняць на вучобу 500 студэнтаў. Партнёры з гэтай краіны ўзялі на сябе абавязацельства пабудаваць да гэтага часу першую частку кампуса і хостал-хаус — дом, дзе будуць пражываць нашы выкладчыкі. Партнёры таксама бяруцца забяспечыць вучэбныя карпусы неабходнай тэхнічнай і вучэбна-лабараторнай базай.
Мы, са свайго боку, павінны забяспечыць магутны інтэлектуальны складнік праекта. Да чэрвеня 2016 года нам трэба падрыхтаваць корпус выкладчыкаў і арганізаваць навучанне студэнтаў па пяці спецыяльнасцях, а гэта поўнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне ў друкаваным і электронным выглядзе на англійскай мове.
Хоць нас чакае вельмі вялікая работа, у нас ёсць дастаткова вопыту, каб выканаць яе якасна і ў тэрмін. Як мы ўжо казалі, у БДУІР з 2009 года вядзецца выкладанне на англійскай мове. Гэта значыць, што англамоўныя выкладчыкі і вучэбна-метадычнае забеспячэнне ёсць. Нам трэба толькі граматна скампанаваць наяўныя матэрыялы і падабраць смелых выкладчыкаў, якія гатовы вахтавым метадам працаваць у Бангладэш. Стаіць задача даць студэнтам гэтай краіны якасную адукацыю, якая адпавядае нашым стандартам.
Плануецца, што Беларускі міжнародны ўніверсітэт у Бангладэш (назва яшчэ можа карэкціравацца) будзе актыўна развівацца. Мы толькі ў 2016 годзе прымем на вучобу 500 студэнтаў. Нашы партнёры разлічваюць, што да 2020 года ў гэтым універсітэце будзе вучыцца ўжо 20 тысяч студэнтаў. Што да наяўнасці жадаючых вучыцца, то з гэтым праблем не будзе (у будучым годзе, напрыклад, сярэднюю школу ў Бангладэш заканчвае 1,2 млн выпускнікоў). Партнёрам трэба толькі забяспечыць кампус для вялікай колькасці студэнтаў, а нам — выкладчыцкі склад. Мы разумеем, што з такім аб’ёмам самастойна БДУІР не справіцца, а таму будзем паступова ўцягваць у праект і іншыя ўніверсітэты краіны. Разам мы зможам вельмі многае.
Дарэчы, услед за намі ўжо ідзе Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Таксама нашы партнёры ў Бангладэш прасілі састыкаваць іх з медыцынскім універсітэтам, каб у Беларускім міжнародным універсітэце былі і медыцынскія спецыяльнасці, і гатовы ўзяць на сябе тэхнічнае забяспячэнне вучэбнага працэсу. Такім чынам, наш праект у Бангладэш мае велізарныя перспектывы не толькі для нас, але і для іншых універсітэтаў Беларусі.

Для жыхароў ЗША

— Міхаіл Паўлавіч, нядаўна вы наведалі філіял БДУІР у Чыкага. Што вы можаце сказаць пра вынікі яго работы?
— Чыкагскі праект мы распачалі 2 гады назад. З ініцыятывай адкрыць філіял БДУІР у ЗША выступіла наша выпускніца Эла Зібіцкер, якая заснавала ўласны інстытут у Чыкага, дзе навучаецца каля 4 тысяч студэнтаў. На базе гэтага інстытута мы і распачалі сумесную падрыхтоўку па праграмах БДУІР.
Мая нядаўняя паездка ў Чыкага мела некалькі мэт. Па-першае, мы падвялі вынікі нашай двухгадовай работы. Хачу адзначыць, што я стаўлюся да іх крытычна, бо зараз у нашым філіяле вучацца ўсяго 22 жыхары ЗША, а гэта ўсё ж такі мала. Было б лепей, каб 122. Хаця мы не нясём страт, але адной з мэт маёй паездкі было падштурхнуць партнёра на больш энергічныя дзеянні па рэкламе, маркетынгу нашых спецыяльнасцей, каб прыцягнуць на вучобу ў філіяле БДУІР больш моладзі. Спадзяёмся, што амерыканскія калегі прыкладуць намаганні, каб філіял стаў працаваць больш эфектыўна.
У той жа час немагчыма пераацаніць каштоўнасць таго вопыту, які мы атрымалі з адкрыццём філіяла ў Чыкага. Калі ў лістападзе 2012 года мы пачалі рэалізоўваць гэты праект, хто мог меркаваць, што атрыманы вопыт дапаможа нам у Бангладэш? І я не ведаю, ці атрымалася б у нас зараз адкрыць уласны ўніверсітэт у Бангладэш, калі б не было гэтага амерыканскага вопыту.
Зрэшты, у ЗША мы ўжо пайшлі далей. Адной з мэт маёй паездкі было наведванне дэпартамента вышэйшай адукацыі штата Ілінойс, каб абмеркаваць пытанне адкрыцця прадстаўніцтва БДУІР, зарэгістраванага як установа вышэйшай адукацыі на тэрыторыі гэтага штата па яго заканадаўстве. Мы маем намер адкрыць у штаце Ілінойс магістратуру БДУІР.
Мы паўдзельнічалі ў інтэрнэт-семінары, які праводзіў дэпартамент вышэйшай адукацыі штата Ілінойс, і атрымалі дакладныя тлумачэнні ўсёй тэхналогіі рэгістрацыі прадстаўніцтва. Зараз чакаем пароль, які дасць доступ да электроннай базы згаданага дэпартамента. Адтуль мы зможам спампаваць вялікі пералік дакументаў, якія неабходна аформіць. Потым на працягу года дэпартамент вышэйшай адукацыі штата Ілінойс будзе праводзіць экспертызу гэтых дакументаў, пасля чаго будзе вынесена рашэнне аб рэгістрацыі. Пазней нас чакае акрэдытацыя, якую праводзіць незалежная арганізацыя, і толькі пасля гэтага мы атрымаем магчымасць весці набор у магістратуру.
Як вы бачыце, працэс адкрыцця ўласнага прадстаўніцтва за акіянам вельмі працяглы і няпросты, але мы сталі на гэты шлях і пройдзем яго да канца. Што гэта ў выніку дасць БДУІР? У адрозненне ад чыкагскага філіяла, дзе набор у бакалаўрыят праводзяць нашы партнёры, мы самі будзем прымаць студэнтаў на навучанне, і ўсе прыбыткі ад работы прадстаўніцтва будзе атрымліваць БДУІР.
Хачу адзначыць, што мы так смела бяромся за гэтую няпростую справу за акіянам, таму што ва ўніверсітэце ёсць вялікі патэнцыял. У нас ёсць дастаткова энергіі, інтэлекту і энтузіязму, каб ставіць вялікія мэты і іх рэалізоўваць.

Галіна СІДАРОВІЧ.