Тры струны праз жыццё

- 11:50Прафесіяналы

З якім інструментам у вас асацыіруецца віртуозная ігра? З фартэпіяна? Арганам? Скрыпкай? Слых жа Руслана Макарэвіча, выкладчыка Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, нічога так не цешыць, як пералівы балалайкі. Трохструнная спадарожніца з ім ужо 30 гадоў. Менавіта балалайка дапамагла яму знайсці і каханне, і народнае прызнанне, і справу ўсяго жыцця. Талент пінскага самародка высока ацаніў і Прэзідэнт Беларусі, пасля чаго даручыў стварыць Руслану Алегавічу ўмовы для работы. Так для адзінага ў сваім родзе на ўсю краіну балалаечнага майстра роўна год назад была створана вытворчая майстэрня на базе Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

Аб’яднаныя музыкай

— Вельмі многія людзі, нават дарослыя, уяўлення не маюць, як можа гучаць балалайка. У лепшым выпадку яны чулі, як іграў на ёй Шарыкаў у “Сабачым сэрцы”. Для большасці гэты інструмент — не­шта жартоўнае, несур’ёзнае, клоўнскае і не можа мець нічога агульнага з музычным мастацтвам. Шчыра кажучы, некалі я і сам так да балалайкі адносіўся, пакуль не пачуў сапраўды віртуозную ігру, — пачынае гутарку Руслан Алегавіч.

Балалайцы Руслан Макарэвіч прысвяціў амаль 30 гадоў. Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве, у музычнай школе, дзе юны Руслан вучыўся па класе фартэпіяна, а потым трапіў у аркестр народных інструментаў, дзе яму і даверылі балалайку. У першы раз зайграўшы на ёй, ён адчуў драйв, які не спадае і сёння. З гэтым інструментам ён не расставаўся і калі быў студэнтам Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (сёння гэта Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. — Заўвага аўтара.). Там таксама быў аркестр народных інструментаў, якім кіравала Аксана, студэнтка кансерваторыі (яна вучылася па класе балалайкі) і яго будучая жонка. Вось гэтыя тры струны і агульная любоў да іх і звязалі маладых людзей на ўсё жыццё.

У Аксаны была балалайка ручной работы вядомага расійскага майстра. Вядома, інструмент час ад часу трэба было рамантаваць, і яны не раз вазілі яго да майстроў па рамонце ў Маскву. Але і далёкая дарога, і пражыванне ў атэлях, і аплата работы моцна білі па сямейным бюджэце, і Руслан загарэўся ідэяй навучыцца рамантаваць балалайку самастойна. У той час ён ужо быў інжынерам, нават аспірантуру скончыў і, вярнуўшыся з чарговай паездкі, падумаў: няўжо ж не зможа сам разабрацца?

“Самае складанае — падабраць драўніну для інструмента. Лепшы матэрыял для музычных дэк — з дрэў, якія растуць павольна, на поўначы або ў гарах. Для карпусоў мне падабаюцца паўднёвыя трапічныя дрэвы: падук, палісандр. За экзатычнай драўнінай часам даводзіцца ездзіць і за мяжу. Для музычных інструментаў падыходзіць добра высушаная драўніна, якая адляжалася мінімум гадоў 10—15, а яшчэ лепш — гадоў 20—30. Толькі тады яна дае гук”.

Маркава навука

Гэта сёння, дзякуючы інтэрнэту, можна стварыць усё што заўгодна. У 90-х любая творчасць пачыналася ў бібліятэках. У Руслана Алегавіча і сёння ашчадна захоўваецца часопіс “Навука і жыццё” за 1986 год. Акуратна перагортваючы пажоўклыя старонкі, ён адкрывае артыкул “Слова пра балалайку”, з якога ўсё і пачалося. Шэсць старонак тэксту з малюнкамі і чарцяжамі ён перачытваў сотні разоў і пасля кожнага адкрываў для сябе нешта новае. Дзіўна, але аўтар публікацыі — авіяканструктар Марк Купфер, які ў жыцці займаўся верталётабудаваннем, а рэстаўрацыя старажытных балалаек была яго хобі.

— У сваім артыкуле Купфер сцісла напісаў усё, аб чым я хацеў даведацца, замаляваў, як што ўстроена. Для гэтага ён правёў велізарную даследчую работу і стварыў з улікам рэкамендацый музыкантаў зборны вобраз балалайкі, якую назваў “масквічкай”. Гэты інструмент я потым і паклаў у аснову сваіх вырабаў, — гаворыць педагог.

Руслан Макарэвіч знайшоў яго тэлефон, дамовіўся аб асабістай сустрэчы з канструктарам і ў 1991 го­дзе прыехаў у Маскву да Купфера на некалькі дзён. Марк Аляксандравіч падзяліўся сваімі напрацоўкамі, разлікамі, эскізамі, і Руслан Алегавіч, сур’ёзна натхнёны, вярнуўся дадому і ўзяўся за справу.

Сваю першую балалайку ён ствараў цэлы год па вечарах на кухні. Ацэнка першай работы Руслана Алегавіча ад прафесійнага музыканта была: “Выдатна! Выдатна! Для першага разу…”. Так мужчына зразумеў, што не такая простая гэтая справа, і з яшчэ большым стараннем пачаў яе асвойваць.

Некалькі гадоў ён разрываўся паміж асноўнай работай і хобі, затым на доўгі перыяд цалкам прысвяціў сябе музычным інструментам: ствараў іх на заказ, рамантаваў, рэстаўрыраваў. Калі дзеці падраслі, вярнуўся да асноўнай прафесіі, але майстраваць балалайкі не пераставаў. Пад майстэрню адвёў цэлы пакой у кватэры, дзе мог працаваць толькі ручнымі інструментамі.

Сёння ж у распараджэнні майстра цэлая майстэрня са станком, выцяжкай для ачысткі паветра ад пылу, шліфавальнай машынай, сучасным кандыцыянерам з клімат-кантролем, які падтрымлівае неабходную для будучага інструмента тэмпературу і вільготнасць у памяшканні.

— Для мяне гэта шчасце — мець сапраўдную майстэрню. Дома я адзін раз уключыў станок, папрацаваў 15 мінут, а астатні дзень да вечара прыбіраў пасля сябе ў пакоі габлюшку і выціраў пыл, — гаво­рыць майстар.

Праўда, на станках робяцца толькі нарыхтоўкі. Уся астатняя работа — ручная, амаль ювелірная. Таму раней на адну балалайку ішоў год, затое цяпер майстар можа лёгка зрабіць яе за месяц. Усяго ж за 30 гадоў майстар стварыў больш за сотню інструментаў. Яшчэ столькі ж іх, старэнькіх, рэаніміраваў і вярнуў да жыцця. Гэта не толькі балалайкі. Калі з усіх канцоў краіны яму сталі тэлефанаваць выкладчыкі музычных школ з пытаннем, ці робіць ён домры, стаміўся адмаўляць — асвоіў і іх рамонт і вытворчасць.

Пачуць драўніну

— Самае складанае — пада­браць драўніну для інструмента. Лепшы матэрыял для музычных дэк — з дрэў, якія растуць павольна, на поўначы або ў гарах. Для карпусоў мне падабаюцца паўднёвыя трапічныя дрэвы: падук, палісандр. За экзатычнай драўнінай часам даводзіцца ездзіць і за мяжу. Для музычных інструментаў падыходзіць добра высушаная драўніна, якая адляжалася мінімум гадоў 10—15, а яшчэ лепш — гадоў 20—30. Толькі тады яна дае гук. Драўніна сама па сабе порыстая, а з гадамі сушкі гэтыя поры ўнутры пашыраюцца і пачынаюць рэзаніраваць, гучаць, — тлумачыць майстар.

Каб ацаніць узрост і якасць дэкі, Руслану Алегавічу дастаткова прыкласці да вуха, некалькі разоў ударыць па ёй падушачкамі пальцаў і прыслухацца.

— Удары пальцамі павінны даваць доўгі, мяккі, працяглы гук. Калі гук гасне хутка, то гэтая драўніна яшчэ не гатова. Здараецца, у прафесійных магазінах у Маскве са 100 камплектаў дэк адбіраю ўсяго 4—5. Неяк, гадоў 25 назад, мне аддалі пару дошчачак для дэк з колішняй Барысаўскай фабрыкі піяніна, тады яны гучалі на “пяцёрачку” па 10-бальнай сістэме. Я закінуў іх у камору і забыўся, а калі нядаўна іх выпадкова знайшоў і праслухаў — быў прыемна ўражаны, — загараюцца вочы майстра.

Балалайка складаецца прык­ладна са 100 дэталей. Асноўныя элементы, акрамя струн, — гэта корпус, грыф (ручка) і дэка (плоская частка корпуса), якая фарміруе гук. Свае хітрасці ёсць у кожнага элемента балалайкі. Напрыклад, грыф можна рабіць з некалькіх частак. Унутры знаходзіцца спецыяльная сцяжка — анкерны ніт, які не дае хіліцца ручцы пад нацяжэннем струн.

Руслан Алегавіч стварае інструменты для прафесіяналаў і навучэнцаў музычных устаноў адукацыі. Асабліва запатрабаваны рамонт інструментаў. Рэдкае мастацтва пінчука карыстаецца вялікім попытам сярод музыкантаў, выкладчыкаў, студэнтаў. Дарэчы, два гады назад праблему вострага недахопу народных інструментаў прэзідэнту краіны агучылі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі падчас яго візіту ў гэтую ўстанову. Сёння там такой праблемы няма. Выканаўцы сустракаюцца на конкурсах, і ніколі не застаюцца па-за ўвагай дасканалыя інструменты ад Руслана Макарэвіча. Таму сёння заказаў у майстра — хоць адбаўляй.

Пінск — горад творцаў. Асабліва вялікую ўвагу тут надаюць музычнаму мастацтву. Нават ёсць Гільдыя майстроў, якія ствараюць і прафесійна рэстаўрыруюць акадэмічныя, фальклорныя, духавыя і электраінструменты. Руслан Макарэвіч уваходзіць у кола такіх энтузіястаў і адзіны ў Беларусі займаецца рэстаўрацыяй і стварэннем балалаек.

Па слядах майстра

Але заказы заказамі. Не менш важна знайсці такіх жа апантаных музыкай і інструментам калег і навучэнцаў. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пры сустрэчы сказаў яму: “За табой — школа. Пакуль ты адзін, але набірай сабе пабольш памочнікаў”. Гэтым цяпер і заклапочаны Руслан Алегавіч. А дарадчык пакуль толькі адзін — майстар па электрычных гітарах Мікалай Васільевіч Ярмальчук. Паціху павялічваецца і кагорта паплечнікаў сярод навучэнцаў.

— У нашым Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы ёсць кірунак па падрыхтоўцы спецыялістаў дрэваапрацоўкі. Там даюць асновы, якія неабходны для маёй работы. Некалькі такіх будучых спецыялістаў ужо займаюцца ў нас. Сярод тых, хто не прапускае ніводных заняткаў, — Яўген Карпенка. Ён вялікі аматар музыкі і гэтым падобны да нас з калегам. У Яўгена ёсць свая электрагітара (ён ужо навучыўся яе рамантаваць), але яму цікавыя і балайка, і домра, і скрыпка. Гэтыя інструменты ён і марыць навучыцца рабіць. На Яўге­на ў мяне самыя вялікія надзеі. Думаю, яго талент не прападзе, — выказвае спадзяванні педагог.

У Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў сваім аб’яднанні па інтарэсах “Свет музычных інструментаў” Руслан Алегавіч больш увагі ўдзяляе музыцы. Тут ён расказвае не толькі пра музычныя інструменты. Каб ствараць балалайкі, трэба любіць музыку, ведаць яе. Таму абавязкова сваім навучэнцам ён расказвае і пра музычныя стылі, і пра тое, як адрозніць сапраўднае мастацтва ад “музычнага фаст-фуду”. Свае ж канцэрты педагог не дае: не хапае часу. Ды і дамашнія канцэрты таксама не ла­дзяць: жонка працуе ў музычнай школе, дзе кіруе ансамблем народных інструментаў і іграе на балалайцы, а таксама кіруе камерным аркестрам. Таму пасля 10-гадзіннага рабочага дня хоча паслухаць толькі цішыню. Хаця некалі аднавіць аркестравыя будні — у планах Руслана Алегавіча:

— Сучасным падлеткам складана проста так прывіць любоў да балалайкі, таму я спакваля знаёмлю іх з лепшымі музычнымі ўзорамі. Напрыклад, з творчасцю сусветна вядомага балалаечніка з Расіі Аляксея Архіпоўскага, які пазнаёміў са сваёй ігрой увесь свет. Стараюся падстройвацца пад іх інтарэсы. Мой калега — радыёінжынер і робіць якраз электрычныя гітары. Мы з ім і з навучэнцамі плануем пачаць ствараць электрычныя балалайкі. У перспектыве нашы навучэнцы змогуць паспрабаваць стварыць і іншыя музычныя інструменты на свой густ, напрыклад скрыпкі, мандаліны, барабаны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Руслана МАКАРЭВІЧА.