Адразу тры Героі Савецкага Саюза вучыліся ў Машканскай сярэдняй школе імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна. Гэты факт абавязвае педагогаў трымаць высокую планку ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ганарыцца землякамі
— Наша школа — адна з найстарэйшых у раёне. Свой летапіс яна пачала ў 1869 годзе. Спачатку мела статус народнага вучылішча, а з 1928 года стала сямігодкай. У ліку яе 43 першых выпускнікоў і будучы Герой Савецкага Саюза лётчык Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец. Летам 1943-га ў разгар бітвы на Курскай дузе ён мужна ўступіў у паветраны бой з 20 варожымі самалётамі, 9 з якіх удалося збіць. На жаль, у тым баі ён загінуў. У 1964 годзе, згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, нашай школе было прысвоена імя героя, — пачала знаёмства з установай адукацыі яе дырэктар Таццяна Казіміраўна Яблакава.
Каля ўвахода ў будынак Машканскай школы — бюст яшчэ аднаго яе даваеннага выпускніка лётчыка Івана Іларыёнавіча Камінскага. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён здзейсніў 239 баявых вылетаў, сфатаграфаваў каля 27 тысяч кв.км тэрыторыі базіравання варожых войскаў. Як і Аляксандр Гаравец, званне Героя Савецкага Саюза атрымаў у 1945 годзе. Пасля вайны Іван Іларыёнавіч жыў у Мінску і пакінуў шмат успамінаў, якія ў школьны музей перадалі яго ўнукі і праўнукі, а таксама жонка Тамара Іванаўна.
Асабліва дорага машканцам імя Пятра Міронавіча Машэрава. “Мы машэраўцы”, — з гордасцю гавораць настаўнікі і вучні. І сваю гордасць яны праяўляюць шматлікімі справамі, у прыватнасці, супрацоўніцтвам з ВДУ імя П.М.Машэрава, а таксама папаўненнем экспазіцыі школьнага музея баявой і працоўнай славы.
— Музей працуе з 23 лютага 1978 года. Дата сімвалічная, паколькі значная частка экспанатаў прысвечана жыццю і подзвігу абаронцаў Айчыны, нашых землякоў. Практычна адразу пасля адкрыцця музея на яго базе пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “Памяць”. Вучні і настаўнікі сустракаліся з ветэранамі, запісвалі іх успаміны, збіралі пісьмы, асабістыя рэчы салдат, удакладнялі імёны загінуўшых. Аб’яднанне ў складзе 12 вучняў дзейнічае і зараз, — паведаміла Таццяна Казіміраўна.
Як і ў кожным музеі, тут ёсць свае ўнікальныя экспанаты. Гэта, напрыклад, пісьмовы стол першага сакратара ЦК КПБ. У 2017 годзе ў Машканскую школу яго перадала дачка былога кіраўніка БССР Наталля Пятроўна. Адметнасць стала не толькі ў тым, што зроблены ён на заказ па асабістых чарцяжах Пятра Міронавіча. Гавораць,
калі пасядзець за гэтым сталом на машэраўскім крэсле і загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца…
З водарам ігліцы
Якое жаданне загадвае настаўніца біялогіі і геаграфіі Алеся Паўлаўна Валодзькіна, рыхтуючы з вучнямі чарговы экалагічны праект на рэспубліканскі або міжнародны конкурс, здагадацца няцяжка.
Адкрыта яна не гаварыла, але тое, з якой гордасцю расказвала пра перамогі і дасягненні сваіх выхаванцаў, пераконвала: гэтае жаданне — паспяховае выступленне. Што цікава, яно заўсёды збываецца. Можа, сапраўды прымета спрацоўвае? Але мне здаецца, што прычына ў іншым — у любові педагога да сваёй прафесіі, неабыякавасці да справы.
— Наша Алеся Паўлаўна — ініцыятар шматлікіх праектаў, удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу. Акрамя актыўнай грамадзянскай пазіцыі, яна выконвае яшчэ адну важную місію — з’яўляецца класным кіраўніком, валодае мастацтвам згуртавання калектыву, уменнем пражыць з вучнямі незабыўнае школьнае жыццё, — прадставіла калегу Таццяна Казіміраўна.
І гэтае насычанае школьнае жыццё для яе сённяшняга 11 агракласа праходзіць у экалагічным стылі, у чым нас, журналістаў, падчас прэс-туру пераканала выстава прафесійных дасягненняў настаўніцы. Тут былі не толькі дзясяткі конкурсных дыпломаў, медалёў. Вынікі рэалізацыі праектаў мы нават адчулі на смак, пакаштаваўшы, напрыклад, варэнне з шышак сасны, ад якога ў роце доўгі час стаяў прыемны водар ігліцы, і нават хлеб з чагі. Дарэчы, гэтыя кулінарныя шэдэўры настаўніца і вучні паспяхова прадстаўлялі на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.
— Усе дасягненні сталі магчымыя дзякуючы інтэрнэту, які дапамог нам у сваёй дзейнасці выйсці за межы Беларусі, прыняць удзел у міжнародных конкурсах і праектах. Мы з’яўляемся двухразовымі пераможцамі ІІ і ІІІ Міжнароднага экалагічнага форуму “Змяненне клімату вачамі дзяцей”, які праходзіць у Маскве. На апошні конкурс у рамках форуму было даслана больш за 5 тысяч работ з 74 краін. Нашы праекты “З любоўю да лесу” і “Кожнаму па дрэве, або Як дапамагчы змяненню клімату” сталі пераможцамі. Форум дае магчымасць наладзіць сяброўскія адносіны з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Цяпер мы працуем з Саратавам, пазнаёміліся са Смаленскам, працягваем актыўнае супрацоўніцтва з Масквой. У мінулым годзе мае выхаванцы сталі пераможцамі і міжнароднага конкурсу “Усе фарбы Поўначы”, для ўдзелу ў фінале якога мы нават злёталі ў Мурманск. Гэта было незабыўнае падарожжа, — паведаміла настаўніца.
Машканскія эколагі актыўна ўдзельнічаюць і ў рэспубліканскіх мерапрыемствах — акцыі “Адновім лясы разам!”, конкурсах экалагічнай тэматыкі. Так, у мінулым годзе яны занялі 1-е месца ў конкурсе “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл”, а на рэспубліканскім злёце юных лесаводаў з дзесяці магчымых узнагарод вучні Алесі Паўлаўны ўзялі тры. Настаўніцы прыемна, што яе дзейнасць заўважаюць, таму з гордасцю паведаміла пра падзяку Міністэрства лясной гаспадаркі.
— Мы годна прадстаўляем Беларусь і нашу малую радзіму. І як прыемна чуць ад вучняў, якія вярнуліся на Сенненшчыну, што лепшага месца для вучобы і жыцця, чым наша Беларусь, няма. Сапраўды, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, — адзначыла Алеся Паўлаўна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара