Трымаем кулакі і кулачкі

Ужо заўтра, 25 лістапада, у спарткомплексе “Мінск-Арэна” адбудзецца фінал дзіцячага “Еўрабачання-2018” і мы даведаемся, хто стане пераможцам гэтага прэстыжнага міжнароднага музычнага конкурсу для дзяцей і падлеткаў.

Фота да матэрыяла: Трымаем кулакі і кулачкі.Тыдзень “Еўрабачання-2018” пачаўся ў панядзелак, 19 лістапада, з урачыстай цырымоніі адкрыцця конкурсу ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”, калі мы нарэшце змаглі непасрэдна пазнаёміцца з 20 канкурсантамі, а тыя нарэшце змаглі непасрэдна пазнаёміцца з усёй прыгажосцю, веліччу і нацыянальным каларытам сёлетняга конкурсу ў Мінску, пазнаць усе радасці і трывогі дарослых селебрыці — назойлівыя “прыставанні” журналістаў яшчэ да пачатку цырымоніі, а потым чырвоны дыванок і выхад на вялікую сцэну пад прыцэлам соцень прысутных у выставачным цэнтры юных і дарослых гледачоў і тысяч тэлегледачоў. Слоган сёлетняга конкурсу Light up! (“Запалі!”, або “Задай дыхту!”) вырываўся з вуснаў удзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання” ў Мінску як заклік, звернуты не толькі да саміх сябе, але і да тысяч юных аднагодкаў.

Light up! — гэтыя ж словы радасна выгукнулі і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант разам з выканаўчым прадзюсарам “Еўрабачання” Янам Ола Сандам, калі націснулі на “чароўную” кнопку на велізарным святлодыёдным экране. А, напэўна, самым адметным элементам цырымоніі адкрыцця конкурсу стала шоу з фальклорнай музыкай і харэаграфіяй у сучаснай апрацоўцы ў спалучэнні з феерычнай аб’ёмнай камп’ютарнай графікай на экране. Беларусь паўстала ў гэтым нумары ў розных выявах — нацыянальнай, высокатэхналагічнай і творча-маладзёжнай.

Тады ж, падчас цырымоніі адкрыцця конкурсу, адбылася жараб’ёўка, стала вядома, што выступленні канкурсантаў у фінале дзіцячага “Еўрабачання-2018” 25 лістапада на “Мінск-Арэне” адкрые Дарына Краснавецкая з Украіны, закрые Раксана Венгель з Польшчы. Наш Даніэль Ястрэмскі выступіць пад восьмым нумарам.

Вялікі еўратыдзень радаваў удзельнікаў конкурсу незабыўнымі падзеямі. Найперш — надзвычай цёплай сустрэчай з кіраўніком нашай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці і эскурсіяй па гэтым велічным будынку на праспекце Пераможцаў. Канкурсанты потым проста не маглі стрымаць сваіх захопленых эмоцый. Ці многім дзецям 12—14 гадоў можа пашчасціць сам-насам пагутарыць з прэзідэнтам еўрапейскай краіны, падзяліцца з ім конкурснымі хваляваннямі напярэдадні самага адказнага выступлення ў фінале, пахадзіць па шыкоўных калідорах і залах, дзе сустракаюцца на найвышэйшым узроўні лідары самых розных дзяржаў, і нават пасядзець у прэзідэнцкім крэсле…

Сёння на “Мінск-Арэне” — генеральная рэпетыцыя фіналу, падчас якой свае балы канкурсантам выставіць нацыянальнае журы ад кожнай краіны-ўдзельніцы. Заўтра — непасрэдна сам фінал, які пачнецца а 18-й гадзіне. “Беларусь 1” і “Беларусь 24” пакажуць яго ў прамым эфіры. Дарэчы, глядацкае галасаванне анлайн на афіцыйным сайце конкурсу пачалося яшчэ ўчора і прадоўжыцца да 18.00 25 лістапада. Пасля выступлення ўсіх канкурсантаў гледачам дадуць яшчэ 15 хвілін для галасавання. Што цікава, можна аддаць свой голас і за прадстаўніка роднай краіны. Так, нам, беларусам, можна прагаласаваць за нашага Даніэля. Гэта, як вядома, не дазволена ў дарослым “Еўрабачанні”.

Што мы ведаем пра канкурсантаў?

Безумоўна, больш за ўсё мы ведаем пра прадстаўніка нашай краіны Даніэля Ястрэмскага. Яму 14 гадоў, нарадзіўся ён у ЗША, але ўжо ў трохгадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у Мінск, дзе сёння вучыцца ў 9 класе адной з гімназій. За плячыма Даніэля — музычная школа (клас па фартэпіяна). Ён удзельнічаў у конкурсе “Новая хваля”, шоу “Голас. Дзеці” і “Украіна мае талент”. Захапляецца музыкай і баскетболам, нераўнадушны да гаджэтаў і відэаблогаў. У літаратуры аддае перавагу сазе пра Гары Потэра. Знешне ў нечым падобны да Джасціна Бібера, і яго песня Time (“Час”), з якой ён выступіць на “Мінск-Арэне”, таксама па сваім стылі нечым нагадвае песні амерыканскай зоркі. Яго педагог па вакале — вядомая выкладчыца Вольга Драздова — неяк у адным з тэлевізійных інтэрв’ю адзначала, што гэтая песня дастаткова складаная для выканання сваім так званым голасавядзеннем, а яшчэ, безумоўна, сваёй англійска-рускай двухмоўнасцю.

Тэйлар Гінс з Ірландыі выканае сваю песню IOU на ірландскай мове. Трапіць на дзіцячае “Еўрабачанне” яму ўдалося толькі з трэцяй спробы. Ужо ў Мінску на цырымоніі адкрыцця конкурсу са сцэны НВЦ “БелЭкспа” ён прызнаўся, што марыць зрабіць свет лепшым, чым ён ёсць сёння.

Меліса і Марка з Італіі — як Аль Бана і Раміна Пауэр. Яму 14 гадоў, за якія ён паспеў выйграць ажно 26 міжнародных конкурсаў, у тым ліку Sanremo Junior. А Мелісе ўсяго 10 гадоў, дзіцячае “Еўрабачанне” ў Мінску для яе толькі другі сур’ёзны конкурс пасля італьянскага VB Factor Kids. Для таго каб зняць кліп для “Еўрабчання-2018” на песню What is Love (“Што такое каханне”), яны спецыяльна ездзілі ў Венецыю. Які ж яшчэ італьянскі горад асацыіруецца з каханнем?!

Дванаццацігадовая Данелія Туляшова з Казахстана — сур’ёзная вопытная спявачка. Нягледзячы на пяшчотны ўзрост, мае мноства ўзнагарод на прэстыжных конкурсах. Яе выступленне з песняй Stone Cold набрала ў YouTube ажно 29 мільёнаў праглядаў. На “Еўрабачанні-2018” яна выканае песню “Вер у сябе” на казахскай і англійскай мовах. На адкрыцці “Еўрабачання” яна так па-дзіцячы прызналася, што марыць, каб… у свеце не засталося ніводнай бяздомнай жывёлы.

Анжаліне з Францыі — 11 гадоў. Год назад яна выйграла французскае шоу “Голас. Дзеці”. А ў Мінск прыехала з надзвычай гарэзлівай песняй Jamais Sans Toi (“Ніколі без цябе”) — вось дзе была самая што ні ёсць адпаведнасць слогану Light up! Шчыра кажучы, нечым яна мне нагадала нашу Ксюшу Сітнік з яе трыумфальным выступленнем на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2005 годзе…

У нашага Даніэля Ястрэмскага будзе шмат сур’ёзных сапернікаў. З Украіны, Польшчы, Францыі, Казахстана, Расіі… Называю менавіта гэтыя краіны, бо нібыта кліпы з удзелам іх прадстаўнікоў на сёння лідзіруюць па колькасці праглядаў у сеціве. Трымайся, Даніэль. Усё пакажа Time. Ведай, што за цябе — уся Беларусь: і мы, дарослыя, і твае аднагодкі. Мы ўсе трымаем за цябе кулакі і кулачкі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА.