«Трымаем высокую планку». Адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Полацкага раёна адзначыла 160-годдзе

- 16:14Новости

Ветрынская сярэдняя школа імя Д.В. Цябута адзначыла 160-гадовы юбілей. Радасную падзею з яе калектывам падзялілі ганаровыя госці, ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі розных гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— За датай, якую мы адсвяткавалі, — багатая гісторыя, трывалыя традыцыі, дасягненні і няспынны рух наперад, — пачынае экскурсію па ўстанове дырэктар Таццяна Пецюль. — Школа неаднаразова мяняла сваё месцазнаходжанне. Сённяшні будынак — ужо шосты, а першыя заняткі праводзіліся побач з Ветрынскай бальніцай. Доўгі шлях установы пачаўся з аднакласнага прыходскага вучылішча пры Свята-Міхайлаўскай царкве ў вёсцы Ветрына. У 1864 г. яно было ператворана ў дзяржаўную адукацыйную ўстанову — Ветрынскае народнае вучылішча. Тут працаваў адзін настаўнік, а вучылася 14 хлопчыкаў (тады адукацыя была даступна толькі хлопчыкам).

На фасадзе сучаснай школы заўважаем памятныя дошкі ў гонар земляка Аркадзя Барэйкі, Героя Савецкага Саюза, і былога вучня юнага абаронцы Брэсцкай крэпасці Пятра Клыпы. У фае — гарэльеф не менш вядомаму земляку Дзмітрыю Цябуту — легендарнаму камандзіру партызанскай брыгады імя К. Варашылава, дзяржаўнаму дзеячу.

У 1987-м нашай школе было прысвоена імя Дзмітрыя Цябута, — працягвае дырэктар. — Калектыў доўгія гады падтрымлівае цёплыя адносіны з яго сям’ёй, перш за ўсё дачкой Тамарай Цябут, урачом-кардыёлагам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам. А зараз на юбілей завіталі ўнучка і праўнучка Дзмітрыя Васільевіча — Дзіна Цябут і яе дачка Ганна. У музей установы яны перадалі некаторыя асабістыя рэчы легендарнага камбрыга: дакументы, фотаздымкі, падзякі, пасляваенную фуражку.

Народны комплексны музей Ветрынскай школы — яе візітка. Створаны ў 1958 г., у 2004-м атрымаў званне народнага. Кіруе ім намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лізавета Лабецкая.

У этнаграфічным, ваенна-гістарычным, гістарычна-краязнаўчым і літаратурна-краязнаўчым раздзелах музея налічваецца 4734 экспанаты асноўнага фонду і 1530 — дапаможнага, — падкрэслівае Л. Лабецкая. —Вучні-экскурсаводы з радасцю расказваюць нашым гасцям пра гісторыю Ветрына і лёсы знакамітых землякоў.

Дзейнасць народнага комплекснага музея адзначана дыпломам III ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі і дыпломам лаўрэата ў абласным этапе панарамы педагагічнага вопыту «Музеі ўстаноў адукацыі: эфектыўныя практыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання».

Сёння Ветрынская сярэдняя школа — самая вялікая сельская ўстанова адукацыі Полацкага раёна, налічвае 245 вучняў і 28 педагогаў, прычым 10 з іх — яе выпускнікі. Сярод тых, хто скончыў школу і ўсё жыццё працуе тут, два выдатнікі адукацыі — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Брыль і настаўніца працоўнага навучання настаўнік-метадыст Марына Ганіна. Тры педагогі маюць ганаровы знак упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама «За прафесійныя дасягненні».

У 1985 г. Ветрынскую школу скончыла і яе цяперашні дырэктар Таццяна Пецюль, якая падчас урачыстасці з нагоды юбілею выказала падзяку сваім настаўнікам, ветэранам педагагагічнай працы:

Вы не толькі перадавалі вучням азы розных навук, але і ўкладвалі ў іх сваю душу, не шкадавалі часу і сіл для таго, каб выхаваць дастойнымі людзьмі. З тымі з нас, хто выбраў педагагічную прафесію і вярнуўся працаваць у родную школу, дзяліліся прафесійнымі ведамі і метадычнымі знаходкамі, расказвалі, як трэба весці ўрокі, знаходзіць кантакт з дзецьмі. Калі вы ішлі на заслужаны адпачынак, то перадавалі нам школу з наказам захоўваць і прымнажаць яе дасягненні. Планка была пастаўлена высокая. У свой час лепшыя нашы настаўнікі атрымлівалі ўрадавыя ўзнагароды, а сама ўстанова двойчы ўдзельнічала ў ВДНГ СССР, была ўзнагароджана Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Сярод педагогаў-ветэранаў, якія завіталі на юбілей, быў былы дырэктар Аляксандр Сверж (ён узначальваў школу з 1981 па 1995 год) і яго жонка, настаўніца англійскай мовы Валянціна Пятроўна. Свята наведалі і іншыя былыя педагогі і супрацоўнікі ўстановы: Вольга Каланда, Валянціна Макацерчык, Лізавета Фурс, Лідзія Шаўлюга, Аксана Цюкала, Наталля Рыбакова, Наталля Фірсава.

У 160-ы дзень нараджэння школа не адчувае свайго ўзросту. Знаходзіцца ў сучасным будынку са светлымі кабінетамі, прасторнай спартыўнай і актавай заламі, утульнай сталовай. Але самае галоўнае не сцены, а дух, які фарміруеццакалектывамнастаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Кожны дзень тут гучыць дзіцячы смех, школьныя лінейкі праводзяць выпускнікоў у дарослае жыццё. Калектыў трымае высокую планку, зададзеную яго папярэднікамі. На працягу 10 гадоў школа ўдзельнічае ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. З 2024-га тут стартаваў рэспубліканскі праект па апрабацыі мадэлі канцэнтраванага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У мінулым навучальным годзе сярод вучняў Ветрынскай сярэдняй школы было сем прызёраў прадметных алімпіяд на ўзроўні раёна, два — на абласным і адзін — на рэспубліканскім, а таксама дыплом у НПК «80 гадоў прарыву варожай блакады Полацка-Лепельскай зоны. Людзі. Падзеі. Факты».

Шмат добрых слоў і пажаданняў прагучала да юбілею. Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна ўручыла граматы педагогам, сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, а таксама паведаміла радасную навіну, што прынята рашэнне аб выдзяленні школе з раённага бюджэту 800 тыс. рублёў на завяршэнне капітальнага рамонту.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы